У ЗША сенатары-дэмакраты запатрабавалі новых санкцый супраць Расеі
6- 25.02.2020, 9:09
- 9,223
Яны павінны быць уведзеныя і асабіста супраць Пуціна.
У ЗША сенатары-дэмакраты заклікалі ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі за ўмяшальніцтва ў наступныя прэзідэнцкія выбары.
Адпаведны зварот да дзяржсакратара Майка Пампэа і міністра фінансаў Стывэна Мнучына падпісалі лідар дэмакратычнай меншасці ў Сенаце Чак Шумер, старэйшы дэмакрат камітэта ў замежных справах Сената Роберт Менэндэс і сенатар Шэрад Браўн, паведамляе Axios.
«Любыя іншыя дзеянні будуць уважацца сыходам ад адказнасці абараняць ЗША ад пагрозаў нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў лісце.
Сенатары падкрэсліваюць, што санкцыі ў гэтым выпадку павінны ўводзіцца як супраць саміх парушальнікаў, так і супраць тых, хто фінансуе іх дзейнасць.
Сярод іншага, дэмакраты настойваюць, што санкцыі павінны быць уведзеныя і асабіста супраць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Раней тэлеканал CNN паведаміў, што амерыканскія спецслужбы правялі брыфінг для юрыстаў, паведаміўшы, што Расея збіраецца паўплываць на вынікі выбараў прэзідэнта ЗША ў 2020 годзе. Паводле звестак журналістаў, мэтай расейцаў будзе дапамога цяперашняму прэзідэнту Дональду Трампу ў пераабранні.
Як гаварылася ў матэрыяле, спецслужбы мяркуюць, што РФ будзе дзейнічаць з дапамогай хакераў і працаваць у сацыяльных сетках. Таксама Расея, верагодна, паспрабуе атакаваць выбарчую інфраструктуру.
Акрамя падтрымкі Трампа, РФ нібыта хоча падняць пытанне пра легітымнасць амерыканскай выбарчай сістэмы.
Сам Трамп назваў гэтыя звесткі «кампаніяй дэзінфармацыі».