29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры сакавіцкія замежныя законы, якія важныя для беларусаў

2
Тры сакавіцкія замежныя законы, якія важныя для беларусаў
Фота: БелТА

Яны прынятыя ў Нямеччыне, Эстоніі і РФ.

У сакавіку Расея дазволіць электрашокеры сваёй транспартнай паліцыі, Эстонія пачне плаціць пенсіі беларусам, а Нямеччына ўводзіць новы закон для імігрантаў, пішуць naviny.by.

Расея

Навіна. Транспартнай паліцыі РФ дазволена ўжываць электрашокеры.

Дата ўваходжання ў дзеянне. 2 сакавіка 2020 года.

Падстава. Змены ў артыкул 12-3 федэральнага закона «Аб транспартнай бяспецы».

Дэталі. Транспартная паліцыя атрымала права набываць, захоўваць і выкарыстоўваць электрашокавыя прылады ды іскравыя разраднікі расейскай вытворчасці.

Гаворка ідзе пра прылады магутнасцю да 9 Дж/сек.

Электрашокеры будуць выкарыстоўвацца для абароны аб'ектаў транспартнай інфраструктуры (ад самалётаў да метрапалітэна) і іх пасажыраў.

Гэта магчыма ў выпадках, калі транспартнай паліцыі даводзіцца адбіваць напад на гэтыя аб'екты або затрымліваць асоб, якія ўчыняюць злачынства або правапарушэнне.

Электрашокеры і іскравыя разраднікі забаронена ўжываць да жанчын з бачнымі прыкметамі цяжарнасці, асобам з відавочнымі прыкметамі інваліднасці і малалетніх.

Выключэнне складаюць выпадкі, калі гэтыя асобы ўзброена супраціўляюцца, учыняюць напад, які пагражае жыццю або здароўю работнікаў транспартнай паліцыі і пасажыраў.

Пры гэтым транспартная паліцыя павінна надаць першую дапамогу асобам, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні ад электрашокера.

Заўвага. Транспартная паліцыя ў Расеі ўзброеная агнястрэльнай зброяй, але выкарыстаць яе нельга, бо транспарт - зона масавага збору людзей.

Эстонія

Навіна. Беларусы атрымаюць пенсію за працу ў Эстоніі.

Дата ўваходжання ў дзеянне. 1 сакавіка 2020 года.

Падстава. Дамова аб сацыяльным забеспячэнні паміж Беларуссю і Эстоніяй.

Топ-5 чужых законаў, якія закрануць беларусаў у 2020 годзе

Дэталі. Паводле ўмоў дамовы абедзве краіны плацяць пенсію работнікам за стаж, атрыманы на іх тэрыторыі пасля 31 снежня 1991 года.

За працу да 31 снежня 1991 году на тэрыторыі былога СССР (Беларускай ССР і Эстонскай ССР) пенсію выдае дзяржава, дзе грамадзянін пастаянна пражывае ў момант звароту па пенсію.

Выплачваецца пенсія штоквартальна (у апошнім месяцы квартала) на тэрыторыі той краіны, дзе пражывае пенсіянер.

У дамове сказана, што пенсія налічваецца ў грашовай адзінцы дзяржавы, на тэрыторыі якой жыве атрымальнік пенсіі, згодна з афіцыйным абменным курсам валют, што ўсталяваны Нацбанкам і Еўрапейскім цэнтрабанкам на дату складання звестак аб выплаце пенсій.

Пенсіі, якія былі прызначаныя да ўваходжання гэтага дамовы ў дзеянне, значыць да 1 сакавіка 2020 года, могуць быць перагледжаныя, калі пенсіянер падасць заяву пра гэта.

Заўвага. Акрамя Эстоніі, дамовы аб сацыяльным забеспячэнні Беларусь уклала з Расеяй, Літвой, Латвіяй, Азербайджанам і Чэхіяй. Цяпер вядзецца ратыфікацыя такой дамовы з Польшчай.

Нямеччына

Навіна. Нямеччына ўвяла новыя правілы на рынку працы.

Дата ўваходжання ў дзеянне. 1 сакавіка 2020 года.

Падстава. Закон аб іміграцыі кваліфікаваных рабочых (Fachkräfteeinwanderungsgesetz).

Дэталі. Закон закліканы, перш за ўсё, спрасціць прызнанне атрыманай у іншых краінах прафадукацыі і ўніверсітэцкіх дыпломаў.

Ён дазваляе замежніку з пацверджанай кваліфікацыяй, які валодае нямецкай мовай, паўгода свабодна жыць у Нямеччыне ў пошуках працы. Галоўнае, каб чалавек меў грошы на гэты час.

Нямецкія чыноўнікі абяцаюць спрасціць выдачу віз такім асобам. Калі замежнікі атрымаюць працу, іх працадаўцы дапамогуць ім павысіць узровень валодання нямецкай мовай, знайсці жыллё, адаптавацца да жыцця ў Нямеччыне.

Пры гэтым новы закон аб іміграцыі пазбаўляе ўладальнікаў нямецкіх і еўрапейскіх пашпартоў пераваг перад мігрантамі пры ўладкаванні на працу.

Працадаўцам у Нямеччыне, якія наймаюць замежнікаў, больш не трэба даказваць, што прыдатнага кандыдатаў на гэтую працу не было сярод грамадзян Еўразвязу, у тым ліку сярод саміх немцаў.

У дапамогу бізнэсу. Што змяняецца ў Беларусі ў 2020 годзе: тры галоўныя дакументы

У выніку так званая праверка прыярытэтнасці прафесіі на рынку працы скасаваная. Галоўнай па-ранейшаму застаецца ўмова аб наяўнасці адукацыі, якія прызнаная ў Нямеччыне.

Гэтыя змены заканадаўства важныя, перш за ўсё, для ўладальнікаў дыпломаў аб сярэдняй адукацыі. Бо спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і дыпломамі, атрыманымі за межамі Еўразвязу, маглі прыязджаць у Нямеччыну паводле спрошчанай працэдуры і да 1 сакавіка 2020 года. Аднак і для іх закон аб іміграцыі кваліфікаваных рабочых мае нямала цікавага.

Напрыклад, калі ў нямецкай класіфікацыі няма спецыяльнасці, якая адпавядае дыплому аб вышэйшай адукацыі замежніка, ён можа падабраць набліжаную да яе са спісу прафесій, якія атрымліваюць у сярэдне-спецыяльных навучальных установах.

Заўвага. Закон накіраваны на залучэнне ў Нямеччыну ў тым ліку IT-спецыялістаў, медсясцёр, электратэхнікаў, металургаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках