19 красавiка 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bellingcat: Афіцэр ГРУ быў чальцом расейскай місіі ў СГА ў Швайцарыі

2
Bellingcat: Афіцэр ГРУ быў чальцом расейскай місіі ў СГА ў Швайцарыі
Гардзіенка (злева) і «Гаршкоў»

Следчыя высветлілі асобу аднаго з забойцаў балгарскага бізнэсоўца.

Адзін з траіх меркаваных супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі (ГРУ), якіх у Балгарыі абвінавачваюць у замаху на забойства бізнэсоўца Емяльяна Гебрава, з'яўляецца дзейным дыпламатам, супрацоўнікам расейскага прадстаўніцтва пры -Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў Жэневе. Гэта сцвярджаецца ў апублікаваным у аўторак супольным расследаванні групы Bellingcat, швайцарскага сайта Tamedia і расейскага The Insider, паведамляе "Радыё Свабода".

Як гаворыцца ў расследаванні, ён нядаўна быў абвешчаны ў вышук пад імем Георгій Гаршкоў, аднак сапраўднае ягонае імя - Ягор Гардзіенка. Сцвярджаецца, што ён мае дыпламатычны ранг трэцяга сакратара і, акрамя спробы атручвання Гебрава, удзельнічаў і ў іншых аперацыях ГРУ за мяжой, у тым ліку ў супрацоўніцтве з падазраванымі ў атручванні Сяргея і Юліі Скрыпалёў.

Емяльян Гебраў быў атручаны ў 2015 годзе - як мяркуецца, тым жа рэчывам "Навічок", што і ў Скрыпалі. Ягор Гардзіенка (ён жа Георгій Гаршкоў) быў, як сцвярджаецца, адным з 8 чалавек, датычных да гэтага злачынства, прычым, відавочна, адыгрываў у ім важную ролю, бо трапіў у лік траіх расейцаў, абвешчаных нядаўна ў вышук.

Сцвярджаецца, што чалавек з пашпартам на імя Гаршкова быў у Балгарыі разам з Дзянісам Сяргеевым (ён жа "Фядотаў") у красавіку і траўні 2015 года - у тыя дні, калі двойчы рабіліся спробы замаху на Гебрава (ён выжыў пасля двух атручванняў).

Як сцвярджаецца ў расследаванні, напраўду з пашпартам на імя Гаршкова за мяжу ў 2010-2015 гадах ездзіў Ягор Гардзіенка. Апроч іншага, ён удзельнічаў у анэксіі Крыма, а ў 2014 годзе атрымаў кватэру ў тым жа доме, што і Аляксандр Мішкін, адзін з падазраваных у атручванні Скрыпалёў. Пасля 2015 года Гардзіенка зноў выязджаў за мяжу з пашпартам на сваё імя, а з 2017 года служыў у Швайцарыі, будучы акрэдытаваным як чалец расейскай місіі пры Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Кейт Рокуэл, афіцыйны прадстаўнік СГА, пацвердзіў Tamedia, што Ягор Гардзіенка быў акрэдытаваны ў СГА як чалец расейскай дэлегацыі і павінен быў працаваць да канца 2020 года, але пакінуў місію ўжо ў 2018 годзе. У расследаванні сцвярджаецца, што ён з'ехаў з Жэневы спехам і адразу пасля гэтага з’явіўся ў штаб-кватэру ГРУ. За дзень да яго вылету з Жэневы Bellingcat апублікаваў расследаванне аб дзейнасці меркаваных атрутнікаў Скрыпалёў у Еўропе. Сцвярджаецца, што, будучы ў Жэневе, Гардзіенка часта камунікаваў з Анатолем Чапігам ("Башыраў"), Аляксандрам Мішкіным ("Пятроў") і Дзянісам Сяргеевым.

Прэс-сакратарка расейскай місіі заявіла, што не мае ніякай інфармацыі пра Гардзіенку.

Пракуратура Балгарыі на мінулым тыдні апублікавала імёны і фатаграфіі трох грамадзян Расеі, якія абвінавачваюцца ў замаху ў 2015 годзе на трох балгарскіх грамадзян. Расейцы, названыя як Сяргей Паўлаў, Сяргей Фядотаў і Георгій Гаршкоў, на працягу многіх гадоў выязджалі за мяжу толькі з падробленымі дакументамі, заяўляе балгарская пракуратура.

У канцы студзеня пракуратура Балгарыі пацвердзіла, што ў дзень атручвання балгарскага прадпрымальніка Емяльяна Гебрава ля ягонага офіса былі заўважаныя меркаваныя супрацоўнікі ГРУ. Пра гэта ж раней паведамлялі The Insider і Bellingcat.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках