18 красавiка 2024, Чацвер, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр былы прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак

7
Памёр былы прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак
ХОСНІ МУБАРАК
ФОТА: GETTY IMAGES

Ён быў адпраўлены ў адстаўку дэманстрантамі падчас «арабскай вясны».

Былы прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак памёр на 92 годзе жыцця, паведамляе тэлеканал Sky News Arabia са спасылкай на крыніцу. Пра гэта таксама піша Reuters са спасылкай на дзяржаўную тэлевізію Егіпта.

Мухамад Хосні Мубарак нарадзіўся 4 мая 1928 года ў вёсцы аль-Мусылха, у дэльце Ніла. Пасля заканчэння школы паступіў у Каірскую вайсковую акадэмію, якую з адзнакай скончыў у 1949 годзе, атрымаўшы званне лейтэнанта.

У 1952 годзе скончыў акадэмію ВПС, пасля ўдзелу ў Суэцкай кампаніі быў накіраваны на навучанне ў СССР. Удзельнік Шасцідзённай вайны і Вайны Суднага дня, у якой камандаваў ВПС Егіпта. Выйшаў у адстаўку ў 1975 годзе ў званні галоўнага маршала авіяцыі.

Пасля адстаўкі кіраўнік дзяржавы Анвар Садат прызначыў яго віцэ-прэзідэнтам Егіпта, а ў 1980 годзе даручыў каардынаваць дзеянні паліцыі і спецслужбаў. У пачатку 1981 года ўзначаліў кіроўную Нацыянальна-дэмакратычную партыю.

6 кастрычніка 1981 года падчас парада ў гонар вайны Суднага дня Садат быў забіты ісламістамі, якія пратэставалі супраць падпісання міру з Ізраілем. Мубарак, які падчас замаху быў паранены ў руку, стаў прэзідэнтам Егіпта і знаходзіўся на гэтай пасадзе тры дзясяцігоддзі.

Ён чатыры разы пераабіраўся на прэзідэнцкую пасаду, перажыў некалькі замахаў. Захаваў мірную дамову з Ізраілем, аднак у перыяд ягонага праўлення дачыненні паміж дзвюма краінамі пагоршыліся. На пасадзе кіраўніка дзяржавы прыязджаў у Ізраіль усяго адзін раз - на пахаванне прэм'ер-міністра Іцхака Рабіна.

Пагаршэнне эканамічнага становішча, усё большая незадаволенасць рэпрэсіўнай палітыкай рэжыму і асцярогі, што Мубарак мае намер перадаць уладу свайму сыну Гамалю, прывялі да таго, што ў канцы 2010 - пачатку 2011 года Егіпет далучыўся да «арабскай вясны».

Спроба рэжыму здушыць беспарадкі не мела поспеху, магчыма, праз негатоўнасць Мубарака ўсякім коштам чапляцца за ўладу. 11 лютага 2011 года ён сышоў у адстаўку з пасады прэзідэнта. Улада перайшла да Вышэйшай рады ўзброеных сіл.

Ужо 13 красавіка 2011 года Мубарак і ягоныя сыны былі арыштаваныя. Супраць іх былі выстаўленыя шматлікія абвінавачванні ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам.

Кіраўнік дзяржавы таксама абвінавачваўся ў аддачы злачыннага загаду страляць у дэманстрантаў падчас «арабскай вясны».

У 2015 годзе суд прызнаў былога прэзідэнта і ягоных сыноў вінаватымі ў прысваенні 125 мільёнаў фунтаў дзяржаўных сродкаў і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі. Апеляцыя, пададзеная Мубаракам у 2016 годзе, была адхіленая.

Ён адбываў зняволенне пад вартай у вайсковым шпіталі Каіра.

У сакавіку 2017-га Хосні Мубарак быў выпісаны з каірскай лякарні, дзе ўтрымліваўся пад вартай, і вярнуўся ў свой дом. 2 сакавіка касацыйны суд Егіпта зняў з яго абвінавачванні ў датычнасці да забойства дэманстрантаў у 2011 годзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках