23 красавiка 2024, aўторак, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэтыя дзяржфірмы ствараюцца для высмоктвання грошай з прадпрыемстваў-вытворцаў»

8
«Гэтыя дзяржфірмы ствараюцца для высмоктвання грошай з прадпрыемстваў-вытворцаў»

Навошта аб'ядноўваюць Слуцкі сыраробны камбінат са «Здравушкай-мілк».

Жыхар Слуцку Віктар, які 20 гадоў працуе ў сферы продажу прадуктаў харчавання, выказаў сваё меркаванне, навошта аб'ядноўваюць Слуцкі сыраробны камбінат са «Здравушкай-мілк» і каму гэта выгадна, піша gazetaby.com.

У снежні мінулага года Менаблвыканкам прыняў пастанову аб тым, каб Слуцкі сыраробны камбінат і «Здравушка-мілк» у Барысаве працавалі ў адной звязцы. Аб'яднанне запланаванае на чэрвень 2020 года.

Рабочыя сыркамбіната сцвярджаюць, што ў сувязі з гэтым у Слуцку плануюць закрыць лінію разліву малака. Афіцыйнай пастановы пакуль няма, але такі варыянт разглядаўся.

«У інтэрв'ю вам сказалі, што да Слуцкага сыраробнага камбіната далучаюць «Здравушку-мілк» (Барысаўскі малочны завод), і пры гэтым падкрэслілі, што гэты завод з добрымі магутнасцямі для вытворчасці малака. І наш, і барысаўскі завод - абодва ўваходзяць у канцэрн з прыгожай назвай Stelland (ён жа «Мінскаблмясамалпрам»). Першапачаткова гаварылася, што будзе галоўным Слуцкі сыраробны камбінат. Але гэта толькі гаварылася, - напісаў спецыяліст у продажы прадуктаў. - Для чаго камбінаты, якія нядрэнна самаразвіваюцца, далучаюць да канцэрну?

Для чаго патрэбная структура «Мінскаблмясамалпрам»? Каб прадавалі і закупляліся праз яе, а не наўпрост з заводаў. Прывяду прыклад. Ёсць крамы райпа. Яны цяпер уваходзяць у «Белкаапсаюз», а ён, у сваю чаргу, грузіцца таварам не наўпрост ад фірмаў, а праз структуры «Белкаапзамежгандлю», «БелГлабалГаранту» і іншыя. Усе гэтыя структуры прышпільваюць да кошту тавару ад 5 да 15%.

Такія структуры звычайна ствараюцца толькі для таго, каб забраць частку прыбытку ў прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у такія канцэрны. Ды і падатак ад даходу прадпрыемстваў застаецца ў Менску, бо юрыдычная асоба звычайна рэгіструецца ў сталіцы, а не, напрыклад, у нас у Слуцку.

«Здравушка-мілк» - гэта прадпрыемства, якое летась атрымала нямала медалёў за сваю прадукцыю. І ўзяць яго аддаць у падпарадкаванне Слуцку? Навошта аддаваць тое, што добра працуе? Хоць цяпер нічога не здзіўляе. У нас заўсёды добра атрымліваецца руйнаваць сваёй безгаспадарчасцю усё тое, што працавала і прыносіла прыбытак.

Я практычна 20 гадоў працую ў сферы продажу прадуктаў харчавання, і ўжо не даводзіцца здзіўляцца, калі ў нас «топяць» выдатныя прадпрыемствы.

Мы змагаемся з перакупшчыкамі, пасярэднікамі, а сама дзяржава іх стварае:

- у прадуктах - чарговы канцэрн;

- у пасажыраперавозках маршрутчыкі прымушаюць працаваць праз адзіную лагістычную службу;

- банкі прымушаюць працаваць з адзінай інкасатарскай службай;

- усе прадпрыемствы гандлю прымушаюць ставіць тэрміналы (дарэчы, пра бескантактавыя карткі: вы яшчэ паспрабуйце знайсці месца ў Нямеччыне, дзе вы зможаце разлічыцца бескантактавым спосабам, іх там вельмі мала, бо гэта нікому не трэба і ніхто не прымушае);

- а самы галоўны пасярэднік - першая калійная кампанія.

Такія «фірмы-пракладкі» ствараюцца для высмоктвання грошай з прадпрыемстваў-вытворцаў. Усе маглі б працаваць без іх, каб гэта адбілася на фінальным кошце прадукту.

Але ў нас заўсёды лабіююцца нечыя інтарэсы за адсотак ад прыбытку. І пляваць на народ і краіну, галоўнае, каб было пабольш нулёў на рахунку і ў швайцарскім банку».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках