20 красавiка 2024, Субота, 8:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Клімкін: Спыніць БелАЭС яшчэ не позна

6
Павел Клімкін: Спыніць БелАЭС яшчэ не позна
ПАВЕЛ КЛІМКІН

У гэтым пытанні Літве неабходная дапамога еўрапейскіх партнёраў.

На першым з'ездзе «Руху супраць Астравецкай АЭС» у Літве выступілі замежныя госці. Адным з іх стаў былы кіраўнік міністэрства замежных спраў Украіны Павел Клімкін, паведамляе карэспандэнт Сharter97.org у Вільні.

«Я бачу, што пытанне Астравецкай АЭС вельмі непакоіць Літву. Я турбуюся разам з вамі. Як і ў кожнага ўкраінца, у мяне ёсць асабістая гісторыя, звязаная з Чарнобыльскай АЭС. Я выдатна памятаю, як мае бацькі спрабавалі вывезці з Кіева маю малодшую сястру на наступны дзень пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Я памятаю гэтую атмасферу страху, памятаю, як звыклы лад жыцця людзей разбурыўся ў момант. Гэтая трагедыя вельмі глыбока закранула ўсю Украіну», - заявіў палітык.

Клімкін дадаў, што для процідзеяння Астравецкай АЭС Літве неабходная дапамога еўрапейскіх партнёраў. Экс-кіраўнік МЗС Украіны дадаў, што дзейнічаць ніколі не позна.

«Многія могуць падумаць: магчыма, спыніць праект Астравецкай АЭС ужо занадта позна, мы страцілі занадта шмат часу. Але ніколі не позна. Калі вы гатовыя змагацца, калі вас падтрымліваюць людзі - ніколі не позна. Перш за ўсё, вам патрэбная салідарнасць. Гэта не штосьці абстрактнае. Салідарнасць - гэта пра людзей, пра іх гатоўнасць змагацца. Калі ў вас ёсць салідарнасць, вам патрэбная стратэгія. Гэта пытанне не толькі аб нацыянальнай бяспецы, гэта пытанне жыцця. Я ўжо згадаў, як жыцці простых людзей незваротна змяніліся ў 1986 годзе. Каб быць эфектыўнымі, каб паўплываць на Расею і ўлады Беларусі, спатрэбіцца дапамога хаўруснікаў і адзіны план. Было б правільна сказаць уладам Беларусі: да таго, як вы запусціце АЭС, вы павінны развязаць абсалютна ўсе пытанні, звязаныя з бяспекай, якія турбуюць Літву і Еўразвяз. Гэта падмурак», - заявіў Клімкін.

Былы міністр замежных спраў Украіны падзяліўся сваім бачаннем магчымага ўплыву на Расею і Беларусь у пытанні будаўніцтва АЭС. На думку палітыка, еўрапейскім партнёрам неабходна распрацаваць сістэму «бізуна і перніка», прапанаваўшы ўладам Беларусі ўмовы, якія тыя не змогуць адпрэчыць.

«Дазвольце мне быць абсалютна простым: вам патрэбная сістэма бізуна і перніка. Супольна з партнёрамі ў ЕЗ неабходна вызначыць і «бізуны», і «пернікі», трэба зрабіць прапанову ўладам Беларусі, якую яны не змогуць адхіліць. Не трэба казаць пра тое, што дачыненні ЕЗ і Літвы павінны цалкам залежаць ад пытання БелАЭС. Хутчэй і больш эфектыўна будзе вывесці Беларусь з-пад уплыву Расеі, каб захаваць вашу бяспеку і экалогію. Проста неабходна вывесці Беларусь з гэтай прарасейскай рэальнасці. І апошняе: вакол БелАЭС існуе мноства бізнэс-інтарэсаў, некаторыя думаюць, што змогуць набываць больш танную энэргію, але ў Літве і ЕЗ цалкам «зялёная» свядомасць, і трэба не губляць энэргіі ў барацьбе супраць Астравецкай АЭС. І яшчэ раз: яшчэ не позна», - скончыў палітык.

15 лютага ў Сейме Літвы прайшоў першы з'езд «Руху супраць Астравецкай АЭС». На з'ездзе была зацверджаная петыцыя, дэкларацыя і тэкст ліста да Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках