24 красавiка 2024, Серада, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Sveriges Radio: Пуцін можа стаць ахвярай каранавірусу

12
Sveriges Radio: Пуцін можа стаць ахвярай каранавірусу

Рэч не толькі ў інфекцыі.

Праз усплёск каранавірусу ў Расею перасталі пускаць грамадзянаў Кітаю. Пакуль, ва ўсякім выпадку, калі верыць афіцыйным звесткам, Расею эпідэмія не надта закранула. Але міністр фінансаў ужо заявіў, што з закрыццём мяжы для ўсплёску захворвання паўстануць сур'ёзныя наступствы, паведамляе шведскае Sveriges Radio (пераклад – inosmi.ru).

«Я пагутарыў з мытнымі органамі, і яны паведамілі, што страты ад зніжэння таваразвароту з Кітаем – 1 мільярд рублёў за дзень. Гэта наступствы каранавірусу», – сказаў міністр фінансаў Антон Сілуанаў у інтэрв'ю. За месяц страты складуць блізу 4,5 мільярда ў пераліку на кроны.

Усяго ў двух чалавек на тэрыторыі Расеі дыягнаставаны каранавірус. Праўда, да расейскай статыстыкі заўсёды варта ставіцца скептычна, бо тутэйшыя арганізацыі незалежнымі не назавеш. Даўжыня расейска-кітайскай мяжы – 420 міляў (больш за 4,2 тысячы кіламетраў – заўв. рэд.), і як расейцы, так і кітайцы ў памежных населеных пунктах карыстаюцца адноснай свабодай перамяшчэння.

Цяпер мяжа зачыненая. З мінулага чацвярга кітайскім грамадзянам уезд у Расею забаронены.

Пакуль гэта закранула ў асноўным турызм. Летась візы ў Расею былі выдадзеныя 2,3 мільёнам кітайцаў, а вось цяпер турыстычныя чэргі ў Маскве парадкам зменшыліся.

Міністр фінансаў не думае, што пагроза каранавірусу згуляе вызначальную ролю ў расейскай эканоміцы. Вядома, Кітай – адзін з найважнейшых гандлёвых партнёраў Расеі, аднак расейскія прадпрыемствы не настолькі залежаць ад кітайскіх камплектавальнікаў, як кампаніі ў іншых краінах.

Галоўная пагроза Расеі звязаная з коштамі і попытам на нафту. Міжнародная энэргетычная рада прагназуе самы нізкі прырост попыту з 2011 года, што шмат у чым тлумачыцца уздзеяннем каранавірусу на сусветную эканамічную сітуацыю.

У Расеі ж эканоміка ў прынцыпе заснаваная на прыбытках ад продажу нафты і газу, прычым абстаноўка ўжо цяпер напружаная.

Калі зніжэнне попыту на нафту і газ будзе доўжыцца цягам усёй глабальнай эпідэміі каранавірусу і будзе суправаджацца падзеннем коштаў на нафту, а краіны-нафтавытворцы ў дадатак дамовяцца паменшыць здабычу, эканамічныя цяжкасці ў Расеі пагоршацца.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін і ягоная сістэма стабільна трымаюць уладу ў сваіх руках. Але калі доўгатэрміновы эканамічны крызіс ударыць па жыцці простых расейцаў, прэзідэнт Пуцін, які якраз перапісвае Канстытуцыю краіны і перабудоўвае органы ўлады ў Крамлі, зазнае палітычныя наступствы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках