25 красавiка 2024, Чацвер, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бюджэт задыхаецца»: Што будзе з заробкамі беларусаў?

41
«Бюджэт задыхаецца»: Што будзе з заробкамі беларусаў?
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «Радыё Свабода»

«Званочкі» для ўлады ўжо прагучалі.

Сёлета дзяржава змяніла сістэму аплаты працы бюджэтнікаў, што, насуперак абяцанням Лукашэнкі і чыноўнікаў Мінпрацы, прывяло да значнага скарачэння іх заробкаў.

Падзенне заробкаў у бюджэтнай сферы адбываецца на фоне рэгулярнага павышэння коштаў на аўтамабільнае паліва і рэкорднай дэвальвацыі беларускага рубля. Сітуацыю з прыбыткамі беларусаў для сайта Charter97.org пракаментаваў прававы інспектар незалежнага прафзвязу РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

– У разлікоўках за студзень беларускія лекары і настаўнікі ўбачылі сумы на 150–200 рублёў меншыя. Гэты факт вымушанае было прызнаць і Міністэрства працы, хоць напярэдадні Лукашэнка заяўляў пра тое, што заробкі не паменшацца. Чаму атрымалася дакладна наадварот?

– Пачну з таго, што сёння ехаў у машыне і на радыё была навіна, маўляў, калі вам не даплацілі заробак за студзень, то тэлефануйце на лінію камітэта дзяржкантролю, яны там разбяруцца і пакараюць. Усе разумеюць, што заробкі не павінны зніжацца. Тым не менш факты сведчаць пра адваротнае.

Чаму гэта адбываецца? Бюджэт задыхаецца. У яго няма грошай, таму ідуць спады ў заробках. Нафтанка, якая несла «залатыя яйкі» ў выглядзе перапродажу нафтапрадуктаў, дала збой. Напэўна, адчувальнае зніжэнне заробку бюджэтнікаў на 10–20%, гэта «першая ластаўка».

Што будзе далей? Гэтая сітуацыя пацягне за сабой і астатнія галіны. Не можа быць проста, што ў лекараў і настаўнікаў стала менш, а ў іншых – больш. Маё меркаванне: гэта ўсё звязанае з нафтавай вайной з Расеяй, калі Беларусь страціла, скажам, танную нафту ў абмен на «брацкія пацалункі».

– У СМІ новую мадэль налічэння заробкаў назвалі «сістэмай Робіна Гуда» ў сувязі з тым, што заробак кваліфікаваных спецыялістаў паменшыўся, а некваліфікаваных супрацоўнікаў – застаўся ранейшы ці нават крыху вырас. Як Вы ацэньваеце такі падыход?

– Ні ў адной краіне свету няма такой «ураўнілаўкі», якую хочуць ўвесці ў нас. Не можа кваліфікаваны спецыяліст атрымліваць менш або столькі сама, колькі чалавек з нізкай кваліфікацыяй працы. Заўсёды ва ўсіх эканоміках свету першыя мелі большую аплату.

Тое, што хочуць ўвесці ў нас, гэта тая «сацыяльная справядлівасць», пра якую кажа Лукашэнка ўжо больш за 25 гадоў. Яна не працуе ні ў адной краіне свету. Думаю, што і ў нас яна таксама працаваць не будзе. Гэта не больш, чым папулісцкі ход. Усе мы ведаем, што гэта год прэзідэнцкіх «выбараў». Мы яшчэ шмат чаго пачуем, толькі ўлады неўзабаве забудуцца пра свае абяцанні.

– Ці звярталіся бюджэтнікі ў прафзвяз РЭП па дапамогу ў сувязі з новай сітуацыяй з заробкамі?

Не, такіх зваротаў ва ўсім прафзвязе, напрыклад у Гомельскім рэгіёне, не было. Людзі, у асноўным, скардзяцца на малыя заробкі ў іншых галінах народнай гаспадаркі.

Што датычыцца бюджэтнікаў, гэта людзі прымусовыя, якія ў наш незалежны прафзвяз пойдуць ужо ў меншай ступені роспачы. Яны людзі залежныя, звязаныя, у першую чаргу, кантрактнай сістэмай.

Яны разумеюць, што, ідучы ў незалежны прафзвяз, спачатку шукаюць праўду, а потым – давядзецца шукаць новае месца працы. Людзі баяцца. Тыя ж настаўнікі разумеюць, што з імі кантракты штогод заключаюць для справаздачнасці перыяду, а потым проста могуць не прадоўжыць, і ўсё.

– Як паўплываў на становішча людзей у Беларусі новы Працоўны кодэкс, які пачаў дзейнічаць сёлета?

– Гэты кодэкс усімі артыкуламі значна пагаршае прававы стан, за выключэннем таго раздзела, што ўведзены для супрацоўнікаў, якія працуюць дыстанцыйна. Гэта новае.

Незалежны прафзвяз ухваляе становішча, калі працаўнікі могуць працаваць дыстанцыйна, тым больш сучасныя тэхналогіі дазваляюць гэта рабіць. Усё астатняе, у тым ліку, права перадаваць супрацоўніка, як прыгоннага, ад аднаго наймальніка да іншага – усё гэта ў значнай ступені пагаршае становішча людзей наёмнай працы.

Падкрэсліваю, новая рэдакцыя кодэкса пачатку толькі дзейнічаць. Як такая практыка яшчэ не склалася.

– 25 лютага каля офіса «Белнафтахіма» прайшоў стыхійны мітынг супраць падвышэння коштаў на бензін. Як Вы пракаментуеце тое, што людзі самаарганізаваліся і выйшлі пратэставаць?

– Гэта класная ідэя. Я сам аўтамабіліст, і, калі б у Гомелі ўбачыў, што людзі пратэстуюць, сам бы ўзяў плакат і далучыўся да іх. Здаецца, што толькі капейку кожны тыдзень дадаюць, але ж гэта – у разрэзе цэлага года. Гэта іх звычайны хітры спосаб. Сёння паліва ў адносінах да нашага заробку мае ўжо вельмі высокі кошт. Мы набліжаемся да таго, што будзем плаціць адзін даляр за літр бензіну – гэта як сярэдні еўрапейскі кошт. Вядома, людзі будуць пратэставаць, паколькі рост коштаў на паліва не паспявае за заработнай платай. Іншымі словамі, прыбыткі насельніцтва застаюцца на ранейшым узроўні, а паліва расце.

Беларусы звыкліся карыстацца аўтамабілямі. Тое, што людзі пратэстуюць, гэта першы «званочак» для ўладаў: маўляў, падумайце, што вы робіце? Калі кошт у свеце на нафту падае, то чаму кошт на бензін павінен расці?

Памятаеце, якія былі пратэсты аўтамабілістаў, калі і рух у цэнтры Менска перакрываўся. Такія акцыі накіраваныя на тое, каб урад адумаўся. Я ўжо сам заўважаю, што людзі эканомяць. Калі раней яны маглі паехаць на аўтамабілі, то цяпер імкнуцца перасаджвацца на грамадскі транспарт.

Што будзе далей? Вяртаючыся да перадумоваў такой сітуацыі з першага пытання, паліва будзе даражэць да еўрапейскага ўзроўню. Але нашы заробкі дакладна не будуць паспяваць за гэтым ростам коштаў. Таму акцыя 25 лютага – гэта таксама «першая ластаўка».

– Лукашэнка яшчэ падчас «парламенцкай» кампаніі з непакоем гаварыў пра прэзідэнцкія «выбары». У што можа перарасці пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі?

– Паводле Канстытуцыі «выбары» павінны прайсці не пазней за жнівень гэтага года. Адпаведна праз тры месяцы ў нас ужо павінна стартаваць перадвыбарчая кампанія.

Я думаю, улада ўключыць друкарскі станок і напампуе пустых грошай. Калі не павысіць прыбыткі і пенсіі, то прынамсі пакіне на ранейшым узроўні. Зафіксаваны ў апошнія дні рост курсу даляра – гэта ж таксама нездарма. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада ўжо друкуе лішнія грошы для таго, каб «трымаць становішча». Вядома, яны баяцца, каб месяц-два працоўныя на «Гомсельмашы» не атрымлівалі заробак. Уявіце, калі гэтая армія працаўнікоў выйдзе на вуліцы – хто і куды іх павядзе. Таму ўлады будуць спрабаваць нейкім спосабам, на шкоду эканоміцы, «утрымліваць сітуацыю»... Як гаворыцца, каб «дзень прастаяць – да восені пратрымацца». А там ужо могуць быць самыя розныя варыянты развіцця падзей.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках