19 красавiка 2024, Пятніца, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі: Джамала праспявае ў Кактэбелі, а Мэджліс вернецца ў Сімферопаль

8
Зяленскі: Джамала праспявае ў Кактэбелі, а Мэджліс вернецца ў Сімферопаль
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ

Вяртанне Крыма Украіне адбудзецца ў інтарэсах усёй міжнароднай супольнасці.

26 лютага ва Украіне афіцыйна будзе Днём супраціву акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крыма і горада Севастопаля. Пра гэта 26 лютага на форуме Age of Crimea ў Кіеве паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, інфармуе gordonua.com.

"У гэты дзень роўна шэсць гадоў таму ў Сімферопалі адбыўся самы вялікі сход у падтрымку цэласнасці і адзінства нашай дзяржавы. Адзначаючы мужнасць і гераізм усіх удзельнікаў мітынгу, сёння мной падпісваецца ўказ пра Дзень супраціву акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крыма і горада Севастопаля. Гэты дзень будзе адзначацца штогод 26 лютага", - сказаў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што вяртанне Крыма пад кантроль Украіны - у інтарэсах усёй міжнароднай супольнасці.

"Гэта не толькі мая мэта як прэзідэнта або пазіцыя як грамадзяніна Украіны, гэта не толькі наша агульная мара, але і зарука бяспекі на планеце і аднаўлення веры ў міжнароднае права і справядлівасць", - мяркуе кіраўнік дзяржавы.

Ён сказаў, што адчувае падтрымку ў гэтым пытанні з боку замежных партнёраў.

"Мы ведаем, што сусветная супольнасць нас падтрымлівае, не супакоіцца і працягне з намі гэтую працу, гэтую, я б нават сказаў, вялікую барацьбу. І мы ведаем, што гэты дзень абавязкова надыдзе. І (я ў гэта веру) наш чэмпіён [баксёр ] Аляксандр Вусік правядзе бой у Судаку, [спявачка] Джамала дасць канцэрт у Кактэбелі, [рэжысёр] Алег Сянцоў прэзэнтуе новы фільм у Ялце, а Мэджліс крымска-татарскага народа зможа вярнуцца да сябе, у Сімферопаль, на вуліцу Шміта ў дом нумар 2, у свой родны і законны будынак", - падсумаваў прэзідэнт.

На гэтым жа форуме кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Крым не стане цаной для міру на Данбасе. "Мы зробім усё, каб над Крымам зноў залунаў украінскі сцяг. Так, гэта вельмі складаная задача, якая, на жаль, не можа развязацца заўтра", - сказаў Зяленскі.

Расея анэксавала Крым і Севастопаль пасля незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года. Далучэнне паўвыспы да РФ не прызнаецца Украінай і большасцю краін свету.

26 лютага 2014 года, яшчэ да акупацыі паўвыспы Расеяй, каля крымскага парламента ў Сімферопалі праходзілі два мітынгі: на адным былі крымскія татары, якія выступалі за адзінства Украіны, на іншым - прыхільнікі далучэння Крыма да Расеі. На акцыі адбыліся сутыкненні, два чалавекі загінулі. Паводле звестак выдання "Крым.Реалии", у праўкраінскай акцыі ўзялі ўдзел блізу 10 тысяч чалавек.

Крымская праваабарончая група паведамляла, што ў "справе 26 лютага" праўкраінскім актывістам у Крыме вынеслі восем прысудаў, у тым ліку да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму быў асуджаны намеснік кіраўніка Мэджлісу крымска-татарскага народа Ахтэм Чыйгоз. Ён быў вызвалены ў 2017 годзе ў рамках абмену.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках