29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Там была мясарубка»

3
«Там была мясарубка»

Чаму прадпрыемства адмаўляецца кампенсаваць шкоду сваякам загінулых працоўных?

Брыгада рабочых з васьмі чалавек Мазырскага філіяла трэсту «Белсантэхмантаж №1» у верасні 2018 года вярталася з Астраўца, дзе працавала на будоўлі АЭС.

На 104-м кіламетры трасы Менск - Гомель адбылася аварыя - у аўтамабіль, які перавозіў рабочых, рэзнуўся аўтамабіль, за стырном якога быў нецвярозы кіроўца. У тым ДТЗ загінуў муж Марыны Зямецкай - Аляксандр. Жанчына расказала здымачнай групе «Маю права» тэлеканала «Белсат», што працоўнае абсталяванне перавозілася ў салоне разам з людзьмі.

«Там была мясарубка, там было 70 кілаграмаў жалязяк», - распавядае Марына Зямецкая.

Суд прызнаў вінаватым у ДТЗ кіроўцу аўтамабіля, які рэзнуўся ў аўтамабіль з рабочымі. Ён таксама загінуў.

«Наступствы перавозкі інструментаў і іншыя парушэнні тэхнікі бяспекі не былі расследаваныя належным чынам», - кажа Марына Зямецкая.

У аварыі загінуў яшчэ адзін працоўны брыгады - 38-гадовы Віталь Шаўко. Без бацькі засталіся двое дзяцей.

«Старэйшаму сыночку споўнілася 14 гадоў, дачушцы - тры гады», - распавядае бацька Віталя, Зміцер.

Прадпрыемства «Белсантэхмантаж №1» аплаціла жалобную цырымонію і надмагільныя помнікі, выплачвае пенсію з прычыны страты карміцеля. Кампенсаваць жа маральную шкоду пацярпелым у той аварыі і сваякам загінулых адмаўляецца.

«Суд прыняў пастанову: выплаціць нам гэтыя маральныя страты. Але арганізацыя падала на апеляцыю, разгляд апеляцыі адбыўся 27 снежня, - кажа Марына Зямецкая. - Пастанова суда засталася ў дзеянні, але арганізацыя не плаціць».

«Наша арганізацыя не прызнае гэтых пазоваў»

Віктару Рабянку пашанцавала: ён у аварыі выжыў. Доктар у лісце непрацаздольнасці напісаў, што ў Віктара - бытавая траўма. Яму давялося праз суд дамагацца, каб траўмы прызналі вытворчымі. Ён страціў 80 адсоткаў працаздольнасці. Да таго трагічнага ДТЗ ён прапрацаваў у «Белсантэхмантаж» 18 гадоў, мае шмат грамат і падзяк.

«Суд мне прысудзіў 35 тысяч [рублёў], каб яны мне выплацілі. Але яны толькі частку грошай пералічылі, астатняе - нічога не выплацілі», - кажа Віктар.

Карэспандэнты «Маю права» накіраваліся ў «Белсантэхмантаж», каб даведацца, чаму арганізацыя адмаўляецца кампенсаваць маральную шкоду. Начальнік аховы працы трэсту «Белсантэхмантаж №1» Аляксандр Рамановіч так пракаментаваў пазіцыю прадпрыемства:

«Наша арганізацыя не прызнае гэтых пазоваў, бо напраўду не было няшчаснага выпадку на вытворчасці. Рэальна прызнаваць людзей пацярпелымі ў няшчасным выпадку, якія пакінулі месца працы і не зразумела дзе атрымалі траўмы, калецтвы, у тым ліку і смяротныя пашкоджанні. Неправамерна».

Каб дамагчыся кампенсацыі, сваякі пацярпелых звярнуліся па дапамогу да праваабаронцаў.

«Хоць прамой віны наймальніка няма, але ж аўтамабіль - гэта крыніца падвышанай небяспекі, - кажа Леанід Судаленка, прадстаўнік прафзвязу РЭП. - І, згодна з Грамадзянскім кодэксам, уласнік гэтай крыніцы, нават без сваёй віны, павінен кампенсаваць маральную шкоду».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках