16 красавiка 2024, aўторак, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як каранавірус уплывае на беларускіх спажыўцоў

1
Як каранавірус уплывае на беларускіх спажыўцоў

Блізу 400 сусветных кампаній прадказваюць, што эпідэмія пагоршыць іх фінансавыя паказнікі.

Каранавірус часова паралізаваў жыццё мільярднага Кітая. А гэтая краіна – буйны пастаўшчык тавараў для ўсяго свету. Ці варта нам чакаць дэфіцыту звыклых тавараў з прычыны далёкай эпідэміі?

Некаторыя беларусы не атрымалі своечасова свае пасылкі з Кітая, паведамляе belsat.eu.

«Зрабіла заказ на “Aliexpress”, захацелася абнавіць тэлефон новым чахольчыкам. Але мне на электронную пошту прыйшло паведамленне, што яны не могуць мой заказ пацвердзіць», – апавядае пра няўдалы набытак Вікторыя Вялічка.

Прычына – эпідэмія каранавірусу. Навагоднія вакацыі ў Кітаі замест двух тыдняў задоўжыліся на чатыры. Таму прадаўцы вымушаныя былі скарэктаваць тэрміны дастаўкі. Звычайна пасылка ішла да нас месяц. А цяпер – больш за два месяцы.

«Мы паспрабавалі замовіць іншы тавар. І пасля ягонай аплаты таксама атрымалі папярэджанне: давядзецца пачакаць. Вельмі доўгая адпраўка – 12 дзён. Звычайна яна не такая доўгая. Толькі калі нейкія масавыя распродажы ў чорную пятніцу», – здзіўляецца Вікторыя.

Давядзецца пачакаць і пакупнікам смартфонаў. Пра тое, што не ўсім ахвотным хопіць гаджэтаў, папярэдзілі ўжо афіцыйныя прадстаўнікі «Huawei» і «Xiaomi» ў Беларусі. Папоўніць запасы яны змогуць толькі ў пачатку сакавіка.

«Перабоі з пэўнымі таварамі магчымыя. На сёння максімум, што можа здарыцца, гэта калі вы надумалі набыць айфон цяпер, а вам давядзецца пачакаць і набыць яго праз месяц», – кажа Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC

На камплектных дэталях з Кітая шчыльна сядзяць заводы «Гарызонт», МАЗ, БМЗ, «Джылі», з Кітая імпартуецца абутак і адзенне. Але эксперт мяркуе, што Кітай занадта вялікі, каб маленькая Беларусь магла адчуць праблемы з кітайскім імпартам.

«Тут хутчэй пытанне, як сябе павядуць урад і насельніцтва. Калі пачнецца вялікая паніка, то з нашага боку могуць быць перакрытыя мяжы, спынены імпарт некаторых тавараў», – прагназуе Леў Львоўскі.

Але да панікі далёка. Хіба што некаторыя таксі адмаўляюцца вазіць кітайцаў. А кітайцы правакуюць павышаны попыт на медыцынскія маскі – яны дасылаюць тавар на радзіму.

Медыкі і самі не ўпэўненыя, ці засцерагуць гэтыя маскі ад каранавірусу. Аднак у Кітаі рэкамендацыі дакладныя: пазбягаць людзей і без масак з дому не выходзіць.

«Ёсць рэкамендацыя ўстрымацца ад ужывання морапрадуктаў. Раяць ужываць ежу тэрмічна апрацаваную, смажаную ці адварную. І не рэкамендуюць ёсць сырое», – апавядае пра сітуацыю ў Кітаі жыхар Шанхая Яўген Аферын.

Пакуль не ясна, наколькі небяспечны вірус, бо заражаюцца новыя людзі. Але калі параўноўваць з сезонным грыпам, на які хварэў кожны (і не раз), смяротнасць высокая. А калі з атыповай пнеўманіяй, якая таксама напалохала свет некалькі гадоў таму, то летальнасць каранавірусу ў 5 разоў ніжэйшая за яе.

Тым часам кітайскія кампаніі выдаткоўваюць немалыя сродкі на абарону сваіх супрацоўнікаў і кліентаў.

«Ужываюць захады для дэзінфекцыі цэнтра, офіса. Набываюцца маскі для супрацоўнікаў, а таксама спецыяльныя санітайзеры, якія дэзынфікуюць рукі», – апавядае Яўген.

Кітайская «Geely» ўжо нават паабяцала распрацаваць аўтамабіль з супрацьвіруснай сістэмай фільтравання паветра. Можа, калі-небудзь яго будуць збіраць на беларускім заводзе.

Аднак сур'ёзных наступстваў вірусу для Беларусі і свету эксперты не прагназуюць.

«Вядома, нейкая сур'ёзная эпідэмія можа паўплываць на ўсё, можа змяніць цалкам гандлёвыя балансы краінаў, вытворчыя ланцужкі. За апошнія 50 гадоў сур'ёзных эпідэмій ў свеце не назіралася», – рэзюмуе Леў Львоўскі.

Блізу 400 сусветных кампаній прадказваюць, што каранавірус усё ж пагоршыць іх фінансавыя паказнікі ў першым квартале года. Аднак беларускіх кампаній сярод іх няма.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках