28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт расейскай нафты ў Еўропе абрынуўся ніжэй за $50 упершыню з 2017 года

11
Кошт расейскай нафты ў Еўропе абрынуўся ніжэй за $50 упершыню з 2017 года

Крытычным пунктам для ўрада РФ з'яўляецца адзнака 52 даляры за бочку.

Сусветны рынак нафты прадаўжае «свабоднае падзенне» на фоне імклівага распаўсюджвання каранавіруса за межамі Кітая.

На асцярогах шокавага скарачэння попыту і запаволення сусветнай эканомікі кошты асноўных эталонных гатункаў «чорнага золата» падаюць сёмы дзень запар і ў чацвер абнавілі мінімум больш чым за год, піша finanz.ru.

Травеньскія ф'ючэрсы на марку Brent на Лонданскай біржы ICE да 13.08 (паводле Менску) патаннелі яшчэ на 2,08%, павялічыўшы страты да 10,5% з пачатку тыдня і 20,4% з пачатку года. У моманце каціроўкі падалі да 51,68 даляра за барэль - мінімуму са снежня 2018 года.

Кошт WTI ў Нью-Ёрку падае на 1,97% за дзень, 9,1% за тыдзень і 25% з пачатку года. Красавіцкія кантракты ўкладаюцца па 47,8 даляра за барэль, а раней падчас сесіі апускаліся да адзнакі 47,68 даляра, таксама аформіўшы мінімум за 13 месяцаў.

Расейская нафта Urals у еўрапейскіх партах прадаецца танней за 50 даляраў упершыню з 2017 года. Паводле інфармацыі Reuters на чацвер, у сярэднім кожны барэль сыходзіць на экспарт са зніжкай 2,17 даляра да Brent, што стварае кошт 49,6 даляра.

Дысконт фізічнай нафты да ф'ючэрсных коштаў расце і сігналізуе аб лішку на рынку. Тыдзень таму, 20 лютага, Urals каштавала толькі на 83 цэнты танней за Brent, і з тых часоў гэтая розніца скарацілася амаль утрая.

«Болевым месцам» нафтавага рынку застаецца попыт, кажа кіраўнік Tyche Capital Advisors Тарык Захір. Паводле ацэнкі Goldman Sachs, толькі кітайскія НПЗ скарацілі перапрацоўку на 4 млн барэляў за дзень. У азіяцкіх партах зноў, як у 2015-16 гадах фармуюцца коркі з танкераў, якія ператвараюцца ў плывучыя сховішчы ў чаканні разгрузкі, піша Bloomberg. Нафтатрэйдары Trafigura, Glencore і Mercuria шукаюць свабодныя магутнасці ў сховішчах на сушы, арандуючы яшчэ не запоўненыя рэзервуары ў Паўднёвай Карэі і Сінгапуры.

Калі яшчэ два тыдні таму гаворка ішла пра падзенне кітайскага попыту, то цяпер праблема, відавочна, можа ахапіць увесь свет, кажа Захір. Паводле інфармацыі СААЗ на чацвер, колькасць новых выпадкаў заражэння на каранавірус за межамі Кітая ўпершыню перавысіла колькасць выпадкаў унутры краіны. Усяго зарэгістраваныя 2790 новых хворых у 37 краінах уключна з 44 выпадкамі смерці.

Урад Бразіліі пацвердзіў першы выпадак каранавірусу ў Лацінскай Амерыцы. Новыя выпадкі заражэння таксама зафіксаваныя ў Нарвегіі, Грузіі і Пакістане. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Італіі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, за апошнія два дні колькасць выпадкаў захворвання ў Італіі павялічылася ўтрая, да 374. Усяго ж у свеце заражаныя 82 тысячы чалавек, 2,8 тысячы памерлі.

Рынак баіцца, што эпідэмія закране ЗША, кажа Захір: «Калі мы ўбачым, што ўсё больш краін паведамляюць аб успышках, кошты нафты ўпадуць істотна ніжэй за 50 даляраў за барэль».

Для расейскага бюджэту, нагружанага выдаткамі на нацыянальныя праекты і сацыяльныя абяцанні Уладзіміра Пуціна, нафтавы абвал можа стаць сур'ёзным выпрабаваннем. Пры вёрстцы праекта казны на 2020 год Мінфін і МЭР закладвалі сярэдні кошт Urals на ўзроўні 57 даляраў за барэль. Гэта на 14% вышэй існых коштаў.

Крытычным пунктам для ўрада з'яўляецца адзнака 52 даляры за бочку: калі каціроўкі падаюць ніжэй, бюджэт становіцца дэфіцытным, і для звядзення выдаткаў з даходамі патрабуецца дэвальвацыя рубля.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках