18 красавiка 2024, Чацвер, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук, у кватэру якога ўварваўся АМАП, дамогся атрымання кампенсацыі

14
Мянчук, у кватэру якога ўварваўся АМАП, дамогся атрымання кампенсацыі
ДЗМІТРЫЙ СЕРАДА
ФОТА: TUT.BY

Ніхто з МУС не папрасіў прабачэння.

Мянчук Дзмітрый Серада тры гады дамагаўся кампенсацыі за тое, што ў ягоную кватэру ўварваўся АМАП, які на вачах у жонкі і маленькай дачкі затрымаў яго з ужываннем сілы. У той жа дзень стала вядома, што Дзмітрый не мае ніякага дачынення да злачынства, у якім яго падазравалі, піша tut.by.

Нягледзячы на тое, што МУС сваю віну не прызнала, суд прыняў пастанову спагнаць на карысць пацярпелага грамадзяніна амаль 3 тысячы рублёў - на рамонт разбітай кватэры і лячэнне. Кампенсацыю выплацілі з бюджэту. «Ніхто з МУС так і не папрасіў прабачэння, - распавёў Дзмітрый. - Падавацьму ў суд на кампенсацыю маральнай шкоды і абскарджу адмову ў распачынанні крымінальнай справы».

Гэта гісторыя пачалася з заявы ў міліцыю дзвюх мянчанак, якія паведамілі, што сустрэлі ў парку эксгібіцыяніста. Дзмітрый у той дзень быў з сябрамі на рыбалцы, у 80 км ад Менску - гэта маглі пацвердзіць і сведкі, і звесткі мабільнага тэлефона, аднак правяраць гэтую інфармацыю ў міліцыі не сталі. З навядзення пацярпелай, якая ўбачыла Сераду ў суседнім двары, праваахоўнікі ўранку прыйшлі яго затрымліваць як падазраванага. Дзмітрыя не спрабавалі выклікаць позвай. Як патлумачыў у судзе начальнік крымінальнай міліцыі Заводскага РУУС Віталь Капілевіч, оперупаўнаважаны дзейнічаў «стандартна для такіх сітуацый» - прыйшоў на затрыманне з сілавой падтрымкай у выглядзе АМАПу.

- Гэта стандартная працэдура затрымання асоб такога кшталту злачынстваў (крымінальная справа была распачатая на падставе ч.1 арт.339 КК - «Хуліганства»), спалучаных з псіхічнымі разладамі, - растлумачыў Капілевіч.

Адзначым, што Дзмітрый Середа не пакутуе на псіхічныя разлады, не стаіць на ўліку ў псіхіятра, гэтую інфармацыю праваахоўнікі маглі лёгка праверыць, але не сталі гэтага рабіць.

- Ці ўважаеце вы за неабходнае выбачыцца перад Серадой? - пыталася ў Капілевіча ў судзе адвакат.

- Мяркую, што супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з законам. Ніякіх выбачэнняў у гэтай частцы мы прынесці проста не можам, - адказваў той.

Кіраваў сілавой аперацыяй оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык. Калі высветлілася, што Сераду затрымалі памылкова, Нушчык быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, зрэшты, спагнанне было датэрмінова знятае.

- Тры супрацоўнікі атрымалі ўсяго толькі вымову. І спагнанне было датэрмінова знятае, - кажа Дзмітрый Серада.

На падвядзенні вынікаў работы супрацоўнікаў крымінальнага вышуку Менска за 2017 год Аляксандр Нушчык быў прызнаны найлепшым аператыўным супрацоўнікам. Нушчык таксама атрымаў павышэнне - цяпер ён старэйшы оперупаўнаважаны ў Заводскім РУУС.

За тры гады сем разоў то распачыналі крымінальную справу па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (на падставе ч.3 арт.426 КК - караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў), то адмаўлялі ў распачынанні. Дзмітрый кажа, што нядаўна атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры, дзе мяркуюць, што адмова ў распачынанні крымінальнай справы абгрунтаваны: у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ўгледжаныя дысцыплінарныя правіны, за што яны і былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Мянчук з такой пазіцыяй не згодны і мае намер звярнуцца ў суд.

- Буду звяртацца ў суд па кампенсацыю маральнай шкоды, - распавёў суразмоўца. - І абскарджваць адмову ў распачынанні крымінальнай справы. Буду патрабаваць, каб супрацоўнікі, якія напалі на мяне і маю сям'ю і незаконна мяне затрымалі, панеслі справядлівае пакаранне. У судзе прадстаўнікі МУС не змаглі назваць ніводнага законнага патрабавання для пранікнення ў мой дом.

Журналісты ўдакладнілі, ці папрасілі супрацоўнікі міліцыі прабачэння ў Дзмітрыя і ягонай сям'і.

- Ніхто з МУС так і не папрасіў прабачэння, - растлумачыў суразмоўца, хоць адным з ягоных патрабаванняў у судзе было прынесці прабачэнні ў СМІ.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках