19 красавiка 2024, Пятніца, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Францыі разгадалі таямніцу старажытнага надпісу

2
У Францыі разгадалі таямніцу старажытнага надпісу

Яму 230 гадоў.

Мясцовыя навукоўцы не змаглі яго зразумець і абвясцілі конкурс на расшыфроўку, піша «Вокруг света».

Адміністрацыя камуны Плугасцель-Даўлас, якая абвясціла конкурс, абрала адразу двух пераможцаў. Яны падзялілі грашовы прыз - дзве тысячы еўраў.

Са слоў мэра Дамініка Капа, іх пераклады не былі ідэнтычнымі, але сэнс паслання быў вельмі падобны. Абодва пераможцы прыйшлі да высновы, што надпіс быў зроблены ў памяць аб памерлым чалавеку.

Адзін з пераможцаў, прафесар ангельскай мовы і экспэрт у кельцкай культуры Наэль Рэнэ Тудзік, зыходзіў з таго, што аўтар паслання размаўляў на брэтонскай мове XVIII стагоддзя і быў напаўпісьменным. Асноўная частка яго перакладу абвяшчае: «Серж загінуў, не маючы навыкаў веславання, калі вецер перакуліў ягоны човен».

Другую пераможную версію даслалі гісторык Ражэ Фаліго і мастак Ален Рабэ. Яны таксама мяркуюць, што тэкст напісаны на брэтонскай, але з прымешкай слоў на валійскай мове. Іх пераклад такі: «Ён быў увасабленнем адвагі і жыццялюбства. Дзесьці на востраве на яго напалі, і ён загінуў».

Надпіс знайшлі некалькі гадоў таму ў маленькай бухце на ўзбярэжжы Брэтані. 20 загадкавых радкоў займаюць усю паверхню каменя вышынёй метр, які можна ўбачыць толькі падчас адліву.

Нароўні з вядомымі літарамі лацінскага алфавіту там ёсць перавернутыя літары, а таксама перакрэсленыя знакі, якія нагадваюць скандынаўскія Ø.

Мяркуючы са згаданых дат «1786» і «1787», надпіс зроблены за некалькі гадоў да Французскай рэвалюцыі. Побач з надпісам выгравіраваны карабель і сэрца з крыжам.

Паводле інфармацыі адміністрацыі Плугастэля, на конкурс даслалі 61 поўную версію перакладу. Большая частка з іх была з Францыі, але адгукнуліся і спецыялісты з іншых краін, напрыклад, з Расеі, Бразіліі, Тайланда і ЗША.

Пераможцаў выбірала журы, якое складалася з гісторыкаў, і, на іх думку, інтэрпрэтацыі, якія перамаглі, былі найбольш праўдападобнымі.

Са слоў мэра Дамініка Капа, таямніца паслання яшчэ не разгаданая цалкам, да дакладнай расшыфроўкі паслання яшчэ далёка. Але вынікі конкурсу, мяркуе ён, сталі вялікім крокам наперад.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках