25 красавiка 2024, Чацвер, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: Адраджэнне Украіны - гэта галаўны боль для Пуціна

17
Financial Times: Адраджэнне Украіны - гэта галаўны боль для Пуціна

Украіна пачынае выбірацца з глыбокага паслярэвалюцыйнага спаду.

Можа здацца, што апошнім часам Украіна знаходзіцца ў палоне толькі негатыўных навін. Выканаўчы дырэктар Прыватбанк, найбуйнейшага камерцыйнага банка краіны, нацыяналізаванага ў 2016 годзе з дзіркай на рахунках сумаю 5,5 млрд даляраў, папярэдзіў пра адток капіталу і абвал нацыянальнай валюты, калі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не будзе падтрымліваць ачышчэнне банка, якое працягваецца. На мінулым тыдні наступ баевікоў, якіх кантралюе Расея, на кароткі час прывёў да таго, што баявыя дзеянні ў канфлікце на ўсходзе Украіны, што ўсё яшчэ доўжыцца, дасягнулі самага высокага ўзроўню за апошнія месяцы. Украіну таксама ўцягнулі супраць яе волі ў справу імпічменту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа - пра гэта гаворыцца ў рэдакцыйнай калонцы Financial Times (пераклад - zn.ua).

Аднак, паводле назіранняў, эканамічныя навіны сталі, у асноўным, станоўчымі. Украіна, якой кіруе прэзідэнт-рэфарматар і абноўлены парламент, пачынае выходзіць з крызісу, што развіўся пасля рэвалюцыі і ваеннага ўмяшання Расеі амаль роўна шэсць гадоў таму. Некаторыя экспэрты ўважаюць, што гэта найлепшы шанец для эканамічнага росту за апошнія гады.

У мінулым месяцы Кіеў узяў у пазыку 1,25 млрд еўраў пад працэнтную стаўку 4,37%, што прыкладна ўдвая менш, чым адсотак, пад які Украіна пазычала грошы блізу года таму. Дзякуючы 17-адсоткаваму росту курсу грыўні летась валютныя рэзервы Украіны ў студзені дасягнулі максімуму ўпершыню з 2012 года. Дзяржаўная запазычанасць скарацілася з 81% ВУП у 2016 годзе да 51% сёлета.

Асновы гэтага росту былі закладзеныя ў эпоху былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Нягледзячы на недахопы, яго ўрад развязаў некаторыя складаныя пытанні - і заплаціў за гэта палітычную цану. Яны паднялі кошт прыроднага газу да рынкавага ўзроўню, што выклікала незадаволенасць спажыўцоў, але прывяло да напаўнення дзяржаўнай казны. Яны далі цэнтральнаму банку свабоду дзеянняў для ачысткі ценявога і неэфектыўнага банкаўскага сектара. Антыкарупцыйныя захады, якія яны ўкаранілі, паступова пачынаюць даваць вынік.

Сродкі, пералічаныя дадому украінскімі работнікамі за мяжой, таксама дапамаглі. Даследаванне Сусветнага банка паказала, што 5 млн украінцаў, якія працуюць у іншых краінах - з іх 1-2 млн толькі ў Польшчы - зрабілі Украіну найбуйнейшым атрымальнікам грашовых пералічэнняў у Еўропе - 14,4 млрд даляраў у 2018 годзе. Гэты прыток сродкаў скараціўся да 12 млрд даляраў у мінулым годзе, калі ўкраінцы пачалі вяртацца дадому, прыцягнутыя эканамічным ростам, якія набліжаецца да 4%, і ростам рэальнага заробку ў 2019 годзе амаль на 10%.

З моманту, калі летась Зяленскі быў абраны прэзідэнтам, а яго партыя «Слуга народа» атрымала парламенцкую большасць, было прынята столькі заканадаўчых актаў, накіраваных на рэформы, што міжнародныя партнёры Кіева перасцераглі ад таго, што не варта ахвяраваць якасцю дзеля паспеху. Да кастрычніка павінна адбыцца знамянальная падзея: украінцам будзе дазволена купляць і прадаваць часта вельмі ўрадлівыя землі краіны, калі будзе зняты даўні мараторый, або выкарыстаць іх у якасці закладу пад танныя пазыкі. У выніку прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці павінна ўзрасці.

Аднак тут вымалёўваюцца дзве патэнцыйныя рызыкі. Адна з іх, як адзначае кіраўнік Прыватбанк, заключаецца ў тым, што ўплывовыя ўкраінскія алігархі могуць сарваць рэформу. Інвестары занепакоеныя ўплывам былога саўладальніка Прыватбанк Ігара Каламойскага на прэзідэнта Зяленскага, які змагаецца за вяртанне банка - і які дапамог прывесці прэзідэнта да ўлады. Аднак і тут адбыліся абнадзейлівыя падзеі. У гэтым месяцы Зяленскі, відавочна, аддаліўся ад мільярдэра, звольніўшы кіраўніка свайго апарата Андрэя Богдана, які раней быў адвакатам Каламойскага.

Большую рызыку складае пагроза з боку Расеі. Уладзіміру Пуціну, нязменнаму лідару Расеі на працягу ўжо 20 гадоў, будзе некамфортна назіраць - пасля таго, як там летась прайшлі свабодныя дэмакратычныя выбары з поўнай перазагрузкай улады - як Украіна расце хутчэй, чым Расея, нават калі ўзровень жыцця там дагэтуль ніжэйшы. Без міру на ўсходзе Украіны на ўмовах, якія можа прыняць Кіеў, нядаўняе абвастрэнне баявых дзеянняў з'яўляецца напамінам пра рычагі, за якія Масква ўсё яшчэ можа пацягнуць.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках