25 красавiка 2024, Чацвер, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падзенне коштаў на нафту рэзка скароціць папаўненне нацрэзерваў Расеі

4
Падзенне коштаў на нафту рэзка скароціць папаўненне нацрэзерваў Расеі

Расейская эканоміка ўступае ў новую зону турбулентнасці.

Моцнае падзенне нафтавых катыровак на фоне паведамленняў пра распаўсюд каранавіруснай інфекцыі COVID-2019 прывяло да таго, што разрыў паміж рынкавым коштам на нафту і планкай адсячэння паводле бюджэтнага правіла ($ 42,4 за бараль маркі Urals у 2020 годзе) скараціўся да мінімальнага значэння за час дзеяння апошняй версіі бюджэтнага правіла ў Расеі, паведамляе РБК.

Згодна з дзейным з 2018 года бюджэтным правілам (пераходнае правіла было ўведзенае ў 2017 годзе), усе нафтагазавыя прыбыткі бюджэту большыя за вызначаны кошт адсячэння (штогод індэксуецца на 2%, пачынаючы з $ 40 у 2017 годзе) ідуць у Фонд нацыянальнага дабрабыту (ФНБ), які з'яўляецца суверэннай «падушкай бяспекі».

Кошт расейскай нафты ніжэйшы за $ 50

Кошт красавіцкага ф'ючэрса на нафту маркі Brent падчас гандлю 27 лютага складаў на мінімуме $ 50,97 (на стан 18:35 мск), вынікае з звестак Bloomberg. Такім чынам, перавышэнне над коштам адсячэння дасягнула $ 8,5 – мінімуму за ўвесь час дзейнасці бюджэтнага правіла з 2018 года, вынікае з разлікаў РБК (у 2017 годзе ў адзін момант розніца апускалася да $ 4,8). Рынкавы кошт Brent яшчэ ніколі не быў ніжэйшы за кошт адсячэння ў бюджэтным правіле (у ягонай апошняй рэдакцыі).

Кантракт Brent з пастаўкай у траўні (красавіцкі мінае 28 лютага) гандлюецца яшчэ танней – на ўзроўні $ 50,77. За апошні тыдзень (з 23 лютага) сусветныя кошты на нафту ўпалі на 13%. Пры гэтым расейская нафта Urals звычайна прадаецца на фізічным рынку з дысконтам да Brent (на 27 лютага ён ацэньваецца на $ 1,86), то-бок кошт Urals ужо апусціўся ніжэй за $ 50 за бараль.

Цяперашнія катыроўкі нафты ўпалі ніжэй за прагнозны кошт, закладзены ў федэральным бюджэце на 2020 год. Згодна з абноўленым макрапрагнозам урада, ацэнка сярэднегадовага кошту Urals на 2020 год была падвышаная з $ 57 да $ 57,7 (у 2021 годзе – $ 56, у 2022 годзе – $ 55).

Пакуль фактычны кошт на нафту Urals перавышае базавы (сёлета блізу $ 42 за бараль), ажыццяўляюцца аперацыі набыцця валюты ў аб'ёме дадатковых нафтагазавых прыбыткаў, паведамілі ў прэс-службе Мінфіна. «У выпадку зніжэння фактычных коштаў ніжэй за гэты ўзровень прадугледжанае правядзенне аперацый продажу валюты ў аб'ёме выпадалых нафтагазавых прыбыткаў», – дадалі ва ўстанове.

Рызыкі для рубля

Бюджэтнае правіла забяспечвала рынку зніжэнне карэляцыі паміж рухам валютнага курсу і коштам на нафту, але з набліжэннем да кошту адсячэння гэтая карэляцыя будзе аднаўляцца, папярэджвае галоўная эканамістка Альфа-банка Наталля Арлова. Паводле яе ацэнкі, у адсутнасць бюджэтнага правіла гадавое зніжэнне кошту на нафту на $ 10 за бараль дае паслабленне курсу на 5 руб. за даляр. Таму набліжэнне рынку да значэнняў $ 50 за бараль будзе азначаць рост валацільнасці рубля, адзначае эканамістка.

Урад перагледзеў прагноз сярэднегадавога курсу рубля на 2020 год у бок умацавання – з 65,7 да 63,9 руб. за даляр. Чаканні ў курсе на 2021 і 2022 гады засталіся нязменнымі – 66,1 і 66,5 руб. за даляр адпаведна.

У выпадку, калі нафтавыя катыроўкі ўпадуць ніжэй за $ 50 за бараль, залежнасць рубля ад нафты рэзка ўзмоцніцца – перашкодзіць не зможа нават эфект бюджэтнага правіла, адзначалі аналітыкі Sberbank CIB у жніўні 2019 года. Інвестары могуць пачаць турбавацца, ці стануць Мінфін і ЦБ у адпаведнасці з бюджэтным правілам прадаваць валюту на рынку ў выпадку падзення нафтавых катыровак ніжэй за базавы кошт, закладзены ў бюджэт.

Усе ўдзельнікі рынку разумеюць, што рэальны кошт адсячэння ў найбліжэйшыя тры гады будзе вышэйшы праз угоду ў выкупе ўрадам кантрольнага пакета акцый Ашчадбанка, а з 2023 года можа быць павышаны афіцыйна, адзначае дырэктар аналітычнага дэпартамента «Локо-інвеста» Кірыл Трэмасаў. «Схема гэтай угоды, якая прадугледжвае вяртанне Цэнтрабанкам грошай ураду для фінансавання сацыяльных выдаткаў і продаж адпаведнай сумы ў валюце на рынку [хоць і расцягнуты на некалькі гадоў], азначае фактычнае змякчэнне бюджэтнага правіла», – указаў ён.

Міністр фінансаў Антон Сілуанаў у інтэрв'ю РБК прызнаў, што ўгода ў продажы акцый Ашчадбанка ўраду, у выніку якой сродкі ФНБ трансфармуюцца ў нянафтагазавыя прыбыткі бюджэту, а потым аўтаматычна і ў выдаткі, у сваёй сутнасці з'яўляецца адступленнем ад бюджэтнага правіла.

Продаж дзелі ЦБ у Ашчадбанку ўраду будзе садзейнічаць умацаванню курсу рубля, пакуль яна будзе рэалізоўвацца, паколькі ЦБ будзе прадаваць лішнія рэзервы, заўважае Арлова. Але гэты эфект праявіцца ў момант здзяйснення ўгоды, а не цяпер, дадае яна: пакуль жа рынак рухаецца так, як калі б парушэння бюджэтнага правіла не было.

Зніжэнне коштаў на нафту адаб'ецца перш за ўсё на курсе рубля, разважае эканамістка «Рэнесанс Капіталу» ў Расеі і СНД Соф'я Данец: «Наша ацэнка адчувальнасці курсу да коштаў на нафту – 3% паслаблення курсу на 10% зніжэння кошту». У базавым сцэнары з коштам нафты ў сярэднім блізу $ 60 курс рубля ў 2020 годзе складзе 65 руб. за даляр, прагназуе экспертка. Калі ж кошт бараля застанецца на ўзроўні $ 52, курс можа перавысіць 68 руб. за даляр, дадае яна.

Рызыкі для бюджэту

Нафта ўжо знаходзіцца ў небяспечным для расейскага бюджэту дыяпазоне, падкрэслівае Трэмасаў. «Ціск на рубель і АФЗ можа прыкметна вырасці, а калі яшчэ і разваліцца ўгода АПЕК+ у дадатковым скарачэнні здабычы, то рублёвыя актывы чакаюць сур'ёзныя непрыемнасці», – асцерагаецца эканамістка.

З пункту гледжання бюджэтнай палітыкі Данец не бачыць напружанасці нават у сцэнары з нафтай за $ 52 за бараль. Праз зніжэнне нафтагазавых прыбыткаў прафіцыт федэральнага бюджэту, паводле яе ацэнкі, складзе 0,3–0,4% ВУП супраць 1% у базавым сцэнары з нафтай за $ 60. «Аднак гэта ў любым выпадку нафта вышэйшая за мэтавую, нават у гэтым сцэнары бюджэт стабільны, назапашванне рэзерваў прадаўжаецца», – запэўнівае экспертка.

Слабасць курса рубля звязаная хутчэй не з нафтай, яна агульная для валютаў краінаў, якія развіваюцца і выкліканая зніжэннем памяркоўнасці да рызыкі, мяркуе галоўны эканаміст «ВТБ Капіталу» ў Расеі і СНД Аляксандр Ісакаў. Галоўны эфект ад паніжэння кошту на нафту, з ягонага пункту гледжання, будзе заключацца ў росце валацільнасці нафтагазавых прыбыткаў бюджэту. «Мне здаецца, што прамыя наступствы валацільнасці нафтагазавых прыбыткаў невялікія, у сутнасці прыводзяць толькі да запаволення назапашвання ФНБ. З іншага боку, такія эпізоды валацільнасці лішні раз нагадваюць пра неабходнасць прытрымлівацца збалансаванай бюджэтнай палітыкі, дадаюць аргументаў за захаванне нязменных параметраў бюджэтнага правіла», – кажа Ісакаў.

У лютым Мінфін набудзе для ФНБ валюты на дадатковыя нафтагазавыя прыбыткі на 214 руб. (у параўнанні з 310 руб. у студзені, яшчэ да эфектаў каранавірусу), вынікае з звестак установы. У сакавіку закупкі валюты для ФНБ могуць яшчэ зменшыцца, адлюстроўваючы эфект падзення коштаў на нафту.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках