19 красавiка 2024, Пятніца, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бывайце, запраўкі!

78
Бывайце, запраўкі!

Беларусы рэагуюць на падаражанне аўтамабільнага паліва.

Падаражанне паліва на адну капейку ўжо даўно нікога не палохае, выклікаючы хутчэй не то раздражненне, не то саркастычны смех, піша abw.by. Аднак з моманту прыняцця "Белнафтахімам" падобнай тактыкі прайшло нямала часу – можна падводзіць прамежкавыя вынікі?

Эканоміць і "ўціскацца"

Пачнем з простых падлікаў. Калі ў самым пачатку 2019 года пад 50 рублёў можна было набыць 32,4 літра АІ-95, то цяпер за тыя ж грошы ў бак дадасца блізу 27,4 л. Змяненне коштаў наўрад ці можна назваць крытычным, аднак з кожным месяцам за тую ж суму мы праязджаем усё менш. Не становіцца таннейшым і жыццё за межамі аўтамабільнай тэматыкі.

Даводзіцца эканоміць і "ўціскацца". Нехта скарачае паездкі, нехта мяняе машыну на менш "пражэрлівую". Нядрэнным выхадам з сітуацыі выглядаюць электрамабілі, але з імі не ўсё так проста: акрамя даволі высокага кошту "ўваходжання" ў гэты клуб не апошнюю ролю мае неразвітасць інфраструктуры і немагчымасць зараджацца ад "хатняй" разеткі. Пакуль што электрамабілі ў беларускіх рэаліях застаюцца хутчэй доляй энтузіястаў.

Застаецца яшчэ адзін варыянт – перавод аўтамабіля на газ. Нездарма ж цяпер ледзь не кожны аўтамабіль-таксі ездзіць менавіта на гэтым паліве! Пра асаблівасці ўстаноўкі і эксплуатацыі ГБА мы пагутарылі з дасведчаным майстрам-газаўніком Змітром. Пытанні выключна побытавыя: колькі каштуе ГБА і да чаго трэба быць гатовым?

Прапан

– На ўмоўны Volkswagen Polo камплект прапанавага абсталявання ў сярэднім у Менску абыдзецца ад 370 да 450 даляраў "пад ключ". Розніца ў кошце залежыць у першую чаргу ад колькасці цыліндраў у рухавіку. Часам бывае так, што людзі не хочуць называць марку аўто, бо асцерагаюцца, што кошт ГБА для Mercedes будзе вышэйшы, чым для больш "простага" аўтамабіля. Насамрэч гэта не так.

Пасля ўстаноўкі выдаткаў на абслугоўванне абсталявання зусім няшмат. Так, раз на некалькі гадоў патрабуецца агляд балона – гэта блізу 25 рублёў без уліку зняцця. Перыядычна неабходна мяняць фільтр. Калі газавыя трубкі медныя, то рабіць гэта пажадана раз на 10.000 кіламетраў. Балазе кошты невялікія: фільтр абыдзецца прыкладна на 5 рублёў. Калі трубкі пластыкавыя, то мяняць фільтр можна радзей. Як паказвае практыка, часам у аўтамабілях-таксі фільтр не мяняецца цягам нават 100.000 кіламетраў і пры гэтым застаецца ў нядрэнным стане.

Пры ўсталёўцы таксама, магчыма, давядзецца выдаткавацца на камплект свечак. Тут заканамернасці няма: часам "родныя" свечкі працуюць нармальна, часам адразу патрабуюць замены. Камплект "газавых" свечак абыдзецца ад 20 да 80 рублёў.

Пасля ўстаноўкі трэба быць гатовым да таго, што выдатак прапану ў параўнанні з бензінам будзе большы прыкладна на 20–25 адсоткаў. Гэта арыентавальныя значэнні, паколькі не апошнюю ролю мае манера язды.

Метан

– Метанавае абсталяванне прыкметна даражэйшае за прапанавае: кошты пачынаюцца прыкладна ад 950 даляраў. Плюс гэтага паліва – паменшаны выдатак у параўнанні з прапанам, мінус – балоны, якія каштуюць даражэй, нямала важаць і месцяць не так шмат, як хацелася б.

Да прыкладу, палегчаны балон на 90 літраў газу важыць 75 кілаграмаў. Да гэтага варта дадаць вагу "рамкі" для ўстаноўкі і сам газ. Гэта як быццам з вамі ўвесь час ездзіць даволі поўны чалавек! У такіх выпадках я звычайна даю рэкамендацыю ўсталяваць універсальныя пнеўмападушкі з падпампоўкай, каб палегчыць жыццё задняй падвесцы. Толькі хто гэта робіць?

Што тычыцца частаты заправак, то балон на 90 літраў месціць у сябе прыкладна 20 "кубоў" газу. Пры выдатку 8 "кубоў" на "сотню" гэтага хопіць на 250 кіламетраў – трэба быць гатовым да частага наведваннямі заправак. І не заўсёды сам працэс запраўкі будзе займаць некалькі хвілінаў, як на "звычайных" АЗС, – на адну машыну патрабуецца 5-7 хвілінаў. Калі ёсць чарга, то на запраўцы цалкам можна "затрымацца" на гадзіну.

Таксама на АГЗС існуюць калонкі пад "еўрапісталет". Каб імі можна было карыстацца, спатрэбіцца пераходнік коштам прыкладна 25 даляраў. Вядома, пры ўсталёўцы можна першапачаткова ўсталяваць "еўрараз’ём", але тады звычайныя калонкі стануць недаступнымі.

ГБА – смерць для рухавіка?

– Пры правільнай наладзе сумесі газавае абсталяванне ніяк не шкодзіць рухавіку. Але варта разумець, што беспраблемная эксплуатацыя залежыць і ад адказнасці чалавека надалей. Да прыкладу, калі канструкцыя рухавіка прадугледжвае магчымасць рэгулявання клапанаў, то гэтую працэдуру неабходна перыядычна праводзіць. На практыцы робяць гэта далёка не ўсе, многія ездзяць "да апошняга".

Ёсць маса прыкладаў, калі рухавікі праязджаюць не адну сотню тысячаў кіламетраў і адчуваюць сябе выдатна. Рэкорд з уласнага досведу, калі ёсць магчымасць паназіраць за гісторыяй аўтамабіля, – Citroёn Xsara Picasso з 1,6-літровым рухавіком. ГБА было ўстаноўленае ў 2011 годзе на прабегу 130.000. На цяперашні момант прабег складае ўжо 570.000 кіламетраў – рухавік у ідэальным стане.

Наколькі выгадна?

З тэарэтычнай і практычнай часткамі разабраліся – пяройдзем да лічбаў. Лічыць будзем у спрошчаным выглядзе: без уліку выдаткаў на абслугоўванне абсталявання і колькасць выдаткаванага на халодныя запускі бензіну, а за "кропку адліку" прымем расход 9 л на "сотню".

 АИ-95ПропанМетан
Стоимость 1 л/1 куб.м, руб.1,820,950,70
Расход на 100 км910,8*9
Затраты на 10.000 км, руб.16381026630
Затраты на 20.000 км, руб.327620521260
Затраты на 30.000 км, руб.491430781890
Затраты на 40.000 км, руб.655241042520

Наш вердыкт

Перавод аўтамабіля на газ па-ранейшаму застаецца актуальным, і чым большы будзе прабег, тым хутчэй акупіцца ўся ўстаноўка. Тым больш што розніца ў кошце паміж бензінам і газам прыкметна павялічылася. Калі раптам пасля чарговай "змены кошту" на адну капейку вы ўсё ж задумаецеся пра пераход на газ – раім скарыстацца калькулятарам для актуалізацыі разлікаў. У ім ужо ўлічаны павялічаны выдатак прапану ў параўнанні з бензінам на 20%.

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках