20 красавiка 2024, Субота, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін не пройдзе

Пуцін не пройдзе
Юрый Бутусаў

Што адбываецца паміж Расеяй і Турцыяй.

Добраахвотніцкія пратурэцкія часткі прадаўжаюць наступ у правінцыі Ідліб, і ўзялі ключавыя населеныя пункты Найраб і Саракіб.

Турцыя і Расея ўступілі ў гарачую фазу баявых дзеянняў, прычым баявыя дзеянні праходзяць адначасова ў дзвюх краінах - у Лібіі (дзе 25 лютага таксама загінулі двое салдат) і ў Сірыі, дзе ідуць сапраўдныя бітвы з выкарыстннем усіх тыпаў узбраенняў.

Сёння турэцкія сілы ўзялі горад Саракіб - адзін з ключавых вузлоў камунікацый, які звязвае аўтатрасай два найбуйнейшыя гарады Сірыі - Дамаск і Алепа. Прарасейскія сілы панеслі цяжкія страты. Каб спыніць турэцкі наступ, расейская авіяцыя і яе асадаўскія хаўруснікі наносяць авіяцыйныя ўдары. Сёння ў выніку паветранай атакі загінулі прынамсі 33 турэцкія жаўнеры. Тым не менш, туркі працягваюць наступаць. Эрдаган пастанавіў арганізаваць пояс бяспекі вакол межаў Турцыі, і не збіраецца саступаць Пуціну кантроль над прымежнай з Турцыяй правінцыяй. Турэцкае грамадства падтрымлівае баявыя дзеянні, і нягледзячы на страты, турэцкае камандаванне ўводзіць у бой новыя сілы.

«Усе вядомыя цэлі сірыйскага ўрада знаходзяцца пад агнём турэцкіх частак наземнай і паветранай падтрымкі» - заявіў міністр у камунікацыях Турцыі Фахрэцін Алтун. Прарасейскія войскі ў Ідлібе нясуць вялікія страты ад турэцкай артылерыі і авіяцыі. Галоўнай ударнай сілай з'яўляюцца 155 мм самаходныя гаўбіцы «Фіртына» - мадыфікацыя знакамітай паўднёвакарэйскай САУ К-9. Таксама туркі наносяць эфектыўныя ўдары з паветра па пазіцыях артылерыі - мяркуючы з відэа, знішчана не менш за 10 самаходных артылерыйскіх установак, рэактыўных сістэм «Град» і бранятэхнікі расейскай вытворчасці.

Турцыя мяркуе, што рэжым у Сірыі марыянэткавы і кіраваны Расеяй, і не з'яўляецца ўжо самастойным суб'ектам вайны. Турцыя паводзіць сябе ў Сірыі гэтак жа, як і Расея паводзіць сябе ў Сірыі, але ёсць адзін нюанс. Сірыя далёка ад РФ і Пуціну там няма чаго рабіць, а Турцыя з ёй мяжуе.

На гэтай сірыйскай зямлі ў Ідлібе не жывуць грамадзяне Турцыі, але блізу 3,6 млн уцекачоў ужо збеглі ў Турцыю за гады вайны, і цяпер ідзе новая хваля - людзі асцерагаюцца тэрору асадаўскіх, іранскіх і расейскіх войскаў, якімі камандуюць расейскія генералы. Туркі хочуць апярэдзіць катастрофу і зберагчы сябе ад праблем у будучыні, калі Расея верне Асада на мяжу з Турцыяй.

Раней у лютым падчас аперацый у Ідлібе загінула звыш 20 турэцкіх вайскоўцаў. Турцыя мяркуе, што гэтыя ахвяры дзеля бяспекі краіны апраўданыя. Эрдаган рызыкуе сваім рэйтынгам для таго, каб забяспечыць абарону сваёй краіны на доўгі час.

Эскалацыя баявых дзеянняў адбываецца бесперапынна. Эрдаган правёў кансультацыі з генеральным сакратаром NАТО Енсам Сталтэнбэргам, Турцыя не збіраецца адступаць.

Юрый Бутусаў, Facebook

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках