25 красавiка 2024, Чацвер, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лекары прыехалі ў скафандрах»

«Лекары прыехалі ў скафандрах»
ЗМІЦЕР КАНДЗІРАНДА

Жыхара Ліды забралі ў лякарню пасля падарожжа ў Кітай.

Аматар падарожжаў аўтастопам Дзмітрый Кандзіранда, які праз Маскву вярнуўся з Кітая ў Беларусь, цяпер знаходзіцца ў інфекцыйным аддзяленні Лідскай раённай лякарні. Яго паклалі ў асобную чатырохасабовую палату, паведамляе «Радыё Свабода».

У Дзмітрыя ўзялі аналізы на каранавірус, але іх накіравалі ў Менск, бо такія даследаванні ў Лідзе не робяць. Вынікі аналізаў пакуль невядомыя.

26 лютага яму патэлефанавала лекарка і спытала, дзе і колькі ён быў у Кітаі. Яна сказала, што ісці нікуды не трэба, лекары самі прыедуць на кватэру і зробяць абследаванне.

Дома Дзмітрый быў разам са сваёй сяброўкай Вольгай, з якой падарожнічаў у Кітаі, і братам.

«Лекары на хуткай прыехалі, у скафандрах», - кажа Зміцер.

У Змітра была тэмпература, і яго забралі ў шпіталь. У сяброўкі таксама ўзялі аналізы, але яна засталася дома на карантыне.

«Яшчэ да агляду лекарамі дома падпісалі паперы, што з кватэры без неабходнасці выходзіць не будзем, а калі гэта робім, то толькі ў масцы», - кажа Зміцер.

Ці можна набыць маскі ў лідскіх аптэках, Зміцер не ведае, але медыкі яму далі каля дзесяці ахоўных масак.

«З палаты нікуды нельга выходзіць, усё зачынена. Лекары, калі трэба, прыходзяць у масках і халатах. Ежу прыносяць. Тут ёсць спецыяльнае акенца, праз якое ежу з таго боку ставяць у шафку, а з гэтага боку я яго адчыняю і забіраю. Тут жа ёсць прыбіральня, ванна, душ, гарачая і халодная вада. Адзінае, што я курэц, а паліць нельга.

Але я патрываю, - распавядае Зміцер. - Лекар кажа, што гэта не каранцін, каранцін у Менску, а тут простая лякарня».

У Ліду ён прыехаў 23 лютага, 26-га яму патэлефанавалі лекары, а 27-га забралі ў шпіталь.

«Я выконваў тыя ж рэкамендацыі, якія мне далі ў Маскве: сядзець дома, мераць два разы на дзень тэмпературу і пры дрэнным адчуванні патэлефанаваць у «хуткую». Але я сябе нармальна адчуваў. А калі мяне выпішуць з лякарні, я буду тое ж самае рабіць», - кажа Зміцер.

Сяброўцы Дзмітрыя Вользе лекары тэлефануюць дадому і пытаюцца, якая ў яе тэмпература.

А як медыкі даведаліся, што Зміцер і Вольга прыехалі ў Ліду пасля наведвання Кітая?

«Атрымліваецца, што мяне «здаў» сусед. Мабыць, ён прачытаў недзе пра нас у сацсетках. Ён жыве ў нашым доме і ведае маё імя. І ён, мабыць, патэлефанаваў у паліклініку або ў «хуткую». Выходзіць, што ўчастковы лекар даведаўся раней за ўсіх», - кажа Зміцер.

Аматары падарожжаў аўтастопам Дзмітрый Кандзіранда з Ліды і Вольга Кудрашова з Менска прыехалі ў Кітай 8 студзеня і не маглі яго пакінуць праз эпідэмію. 22 лютага самалётам яны прыляцелі ў Маскву.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках