У Польшчу прыбудуць салдаты з 18 краін-сябраў NATO для ўдзелу ў вучэннях
3- 28.02.2020, 19:38
- 8,886
Манеўры Defender Europe 2020 - найбуйнейшыя за 25 гадоў еўрапейскія вучэнні з удзелам амерыканскіх падраздзяленняў.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў пасля брыфінгу перад пачаткам вайсковых вучэнняў Defender Europe 2020, што іх мэта - праверыць магчымасць перакідання амерыканскіх войскаў у Польшчу ў выпадку ўзброенага канфлікту. Увечары ў пятніцу, 28 лютага, на тэрыторыю Польшчы заедуць дзве першыя калоны салдат і тэхнікі з ЗША, паведамляе «Польское радио».
Анджэй Дуда падкрэсліў, што ў гэты час у Польшчы будуць праходзіць вучэнні «Анаконда».
«Наступныя некалькі месяцаў будуць насычанымі, калі мы гаворым пра пытанні, звязаныя з вайсковымі вучэннямі, абараназдольнасцю. На тэрыторыі Польшчы будуць дыслацыравацца салдаты з 18 краін Паўночнаатлантычнага альянсу. Перш за ўсё, гэта будуць салдаты войска ЗША. У вучэннях Defender Europe возьмуць удзел 37 тысяч салдат, 4 тысячы з якіх - гэта палякі. У вучэннях «Анаконда» возьмуць удзел 10 тысяч польскіх жаўнераў», - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Манеўры Defender Europe 2020 - найбуйнейшыя за 25 гадоў еўрапейскія вучэнні з удзелам амерыканскіх падраздзяленняў. У агульнай складанасці ў Польшчу прыбудзе блізу 20 тысяч амерыканскіх салдат, а таксама некалькі тысяч прадстаўнікоў саюзных войскаў з абсталяваннем.