28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяржава ў нас як дыназаўр»

9
«Дзяржава ў нас як дыназаўр»

Беларусы супраць далейшага павышэння пенсіённага ўзросту.

У ходзе даследавання, праведзенага Даследчым цэнтрам Інстытута прыватызацыі і менэджмэнту (ІПМ) пры падтрымцы Еўразвязу, высветлілася, што пераважная большасць беларусаў уважаюць наяўную пенсійную сістэму нездавальняючай. 90,9% апытаных упэўненыя, што цяперашняя пенсія не дае магчымасці забяспечыць нябедную старасць, больш за 60% кажуць, што старым не стае грошай нават на прадукты харчавання, піша «Салідарнасць».

Прычыны гэтага 51,2% бачаць у тым, што дзяржава неэфектыўна размяркоўвае грошы, 44% у агульным эканамічным стане краіны. Гэта зноў жа свайго роду «двойка» ўладзе, якая за чвэрць стагоддзя шмат казала пра стварэнне «дзяржавы для народа», але мала для гэтага зрабіла.

Калі разглядаць магчымыя варыянты рэформаў, то далейшае павышэнне пенсіённага ўзросту падтрымлівае толькі 5,9% рэспандэнтаў. Пры гэтым 68,4% уважаюць, што гэта ўсё роўна здарыцца. А траціна апытаных настолькі «вераць» роднай дзяржаве, што ўважаюць рэальным зніжэнне пенсіі да сімвалічнай сумы або зусім яе скасавання.

Яшчэ некалькі знакавых лічбаў:

54,4% апытаных лічыць за лепшае не задумвацца аб тым, як будуць жыць на пенсіі;

17,2% думае, што не дажыве да пенсіі;

Толькі 11,1% не збіраюцца займацца агародам і дачай;

34,7% уважаюць, што суму пенсіі трэба «прывязаць» да сумы заробку (адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны), а 62,1% мяркуюць, што - да працоўнага стажу. Так што, адмова ад «ураўнілаўкі» - не самая папулярная ў грамадзян ідэя.

31% выступае за развіццё добраахвотнага пенсійнага страхавання, прыватных фондаў і пенсійных прадуктаў, а 27,6% - за ўвядзенне абавязковых накапляльных пенсій у дадатак да існых.

Якім шляхам пойдзе ўлада? Эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч, прэзентаваў вынікі даследавання, выказаўся на гэты конт афарыстычна.

Дзяржава ў нас як дыназаўр: можа зрабіць што-небудзь, а можа не зрабіць.

(Словы экспэрта - адсылка да анекдота пра бландынку, якой прапанавалі ацаніць верагоднасць сустрэчы з дыназаўрам на вуліцы. «50 на 50», - адказала яна. «Як гэта?» - аслупянеў той, хто апытваў. - Альбо сустрэчу, альбо не!»)

Так што, як менавіта будзе стварацца «лепшая пенсійная сістэма», можна толькі гадаць. Затое практычна гарантавана можна чакаць, што на выхадзе атрымаецца чарговы пшык.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках