25 траўня 2020, панядзелак, 23:33
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук: Ля інфекцыйнай лякарні чэргі з хуткіх, за гадзіну заехалі 50 машынаў

Мянчук: Ля інфекцыйнай лякарні чэргі з хуткіх, за гадзіну заехалі 50 машынаў

Лекар апавёў, што адбываецца з дастаўленымi ў медустанову.

Чытач onliner.by жыве насупраць гарадской клінічнай інфекцыйнай лякарні, што па вуліцы Крапоткіна. Учора ўвечары ён пачаў назіраць чаргу з машынаў хуткай дапамогі. Паводле ягоных словаў, у двары інфекцыйкі цягам дзвюх гадзінаў з 21-й стабільна стаяла чарга з 12–16 машынаў.

– Машыны з'язджаюць і прыязджаюць, – апавядае чытач і дасылае фота. – За гадзіну ў лякарню прыбыло недзе 50 хуткіх. Цяпер, бліжэй да паўночы, чарга стала меншая: стаіць 6-8 аўтамабіляў.

Як апавёў лекар адной з лякарняў Менска, у інфекцыйную лякарню звозяць аднагрупнікаў іранскага студэнта і астатніх, хто з ім кантактаваў. Нагадаем, частку студэнтаў з падазрэннямі на каранавірус адвезлі ў Бараўлянскі шпіталь.

– Шмат хто на нервовай глебе пачаў скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, і іх звозяць у карантын у інфекцыйку, – кажа лекар. – У некаторых сапраўды ёсць тэмпература.

Нагадаем, у гэтай інфекцыйнай лякарні знаходзіцца і іранскі студэнт, у якога выявілі каранавірус 2019-nCoV, а таксама кантактавалыя з ім людзі. Яны былі змешчаныя ў зачыненыя боксы.

Цяпер у Беларусі праводзяцца санітарна-эпідэмічныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне распаўсюджвання каранавірусу 2019-nCoV.

Як я магу абараніць сябе і прадухіліць распаўсюджванне захворвання?

У большасці выпадкаў захворванне характарызуецца лёгкім цячэннем і сканчаецца акрыяннем, хоць сустракаюцца ўскладненні. Абараніць сваё здароўе і здароўе навакольных можна, выконваючы наступныя правілы:

– рэгулярна апрацоўвайце рукі спіртазмяшчальным сродкам або мыйце іх з мылам. Калі на паверхні рук прысутнічае вірус, то апрацоўка рук спіртазмяшчальным сродкам або мыццё іх з мылам заб'е яго;

– трымайцеся на адлегласці не менш за адзін метр ад людзей, якія кашляюць ці чхаюць;

– пры магчымасці не чапайце рукамі вочы, нос і рот. Рукі дакранаюцца да многіх паверхняў, і на іх можа трапіць вірус. Апынуўшыся на руках, вірусныя часціцы могуць трапляць у вочы, нос або рот. З гэтых частак цела вірус можа ўкараняцца ў арганізм і выклікаць захворванне;

– як вам, так і навакольным варта строга выконваць правілы рэспіраторнай гігіены. Для гэтага неабходна прыкрываць рот або нос згібам локця або сурвэткай пры кашлі або чханні. Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу ж выкінуць;

– калі вы дрэнна сябе адчуваеце, заставайцеся дома. Пры павышэнні тэмпературы, з'яўленні кашлю і цяжкага дыхання як мага хутчэй звяртайцеся па медыцынскую дапамогу. Выконвайце ўказанні мясцовых органаў аховы здароўя.