20 красавiка 2024, Субота, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка нервуецца: Расейская кармушка закрываецца

55
Лукашэнка нервуецца: Расейская кармушка закрываецца
ФОТА: TASS

А праграмы выжывання ў кіраўніка няма.

Учора Лукашэнка «заклапаціўся» тым, што моцна даражэюць прадукты, асабліва малако. Назваў гэта поўным ідыятызмам і даручыў афіцыйным прафзвязам разам з Камітэтам дзяржкантролю развязаць праблему. З гэтай мэтай параіў прыціснуць гандляроў: «Нічога, не збяднеюць, калі патрымаюць кошты на дваццаць сацыяльна значных прадуктаў харчавання», піша ў артыкуле на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Хутка падвядзем вынік усёй гэтай мітусні ў коштах»

Барацьба з коштамі – ідэфікс беларускага кіраўніка. Крылаты выраз «адкруціць кошты» ўзыходзіць да таго наганяю, які Лукашэнка зладзіў ураду Міхаіла Чыгіра ў лістападзе 1994 года. Ён сапраўды падняў кошты, каб, як тлумачыў пазней Чыгір, «спыніць эканамічны хаос і выратаваць вытворцаў».

Валюнтарысцкі накат кіраўніка, пасля чаго кошты – прынамсі на хлеб ды малако – на нейкі час знізіліся, меў толькі кароткачасовы эфект. А потым Беларусь усё роўна пераплюнула ў інфляцыі, мабыць, увесь пастсавок. Супраць эканомікі не папрэш.

Але менталітэт – упартая рэч. Мы бачым, як схільны да простых і жорсткіх пастановаў «правадыр» зноў дастае з похваў іржавую адміністрацыйную шашку, каб сячы галовы праклятым коштам.

«Што тычыцца прадуктаў харчавання, насцярожваюць звесткі, што ўжо за студзень гэтага года кошты выраслі больш чым на 1%. Таксама практычна цягам года ўвесь час даражэе малочная прадукцыя. Ідыятызм поўны. Малако падзець няма куды, а ў нас кошты ўвесь час растуць», – абураўся Лукашэнка 28 лютага з трыбуны VIII з'езду Федэрацыі прафзвязаў Беларусі.

«Хутка падвядзем вынік усёй гэтай мітусні ў коштах. Магчыма, нам давядзецца вярнуцца да гэтых 20 назваў асноўных відаў прадукцыі», – сказаў кіраўнік, маючы на ўвазе пералік сацыяльна значных тавараў, кошты на якія перш кантраляваліся. Пакуль жа ФПБ і КДК атрымалі ўказанне: «Вы першыя ў гэтым шэрагу».

Перад Нацбанкам трэба было б капялюш зняць

Ці сапраўды ў нас вакханалія коштаў? Ці трэба з іх ростам змагацца, і калі трэба, то як? Можа, лепш ствараць умовы, каб заробкі беларусаў цягнуліся да еўрапейскага ўзроўню?

«У прынцыпе я не бачу праблемы, таму што агульны ўзровень коштаў у нас расце памяркоўна», – заявіў эканаміст Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

Сапраўды, у 2019 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 4,7%, што для нашых краёў – вялікае дасягненне. Мэтавы параметр на гэты год – не больш за 5%. Перад Нацыянальным банкам, мабыць, трэба капялюш зняць, памятаючы пра не такія ўжо далёкія часы, калі кошты раслі на дзясяткі, а то і сотні адсоткаў за год.

А ўся рэч у пісьменнай, разумнай манетарнай палітыцы, якую Нацбанк на чале з Паўлам Калавурам праводзіць у апошнія гады (на што, мабыць, атрымаў карт-бланш пасля доўгага таптання кіраўніцтва краіны па граблях). У 2015 годзе рэгулятар перайшоў на рэжым манетарнага таргетавання, у 2021-м плануе ўкараніць больш прасунуты варыянт – рэжым таргетавання інфляцыі.

Простаму чалавеку гэтыя тэрміны мала што кажуць. Але вось вам наглядныя факты. За апошнія пяць гадоў інфляцыю ў нас атрымалася запаволіць у тры з паловай разы (параўнайце: у 2014-м была 16,2%). І эксперты мяркуюць, што ў найбліжэйшыя гады Нацбанк цалкам здольны ўтрымаць яе ў калідоры 4-5%. Нядаўна гэта здавалася існай фантастыкай.

Бліснуць перад працаўнікамі

Здавалася б, і надалей не варта тузаць лейцы, хай спецыялісты ў Нацбанку і ўрадзе робяць сваю справу. Яны, здаецца, ужо пераканалі кіраўніка, што друкаваць вагоны пустых грошай да «выбараў» – гэта дрэнная ідэя, якая сканчаецца дэвальвацыяй. Але Лукашэнка ўсё адно раз за разам цягнецца да адміністрацыйнай шашкі.

У апошнія гады ён патрабаваў кроў з носу забяспечыць сярэдні заробак тысячу рублёў. Але калі заробкі растуць у разы хутчэй за прадукцыйнасць працы, гэта вынікуе перакосы ў эканоміцы і правакуе тую ж інфляцыю. За што змагаліся?

Цяпер, як бачым, кіраўнік чарговы раз рвецца ўтаймаваць кошты. Гэтая зацыкленасць на коштах псіхалагічна зразумелая. Эканоміка расце дрэнна, цяпер вось праз нафтавыя сваркі з Расеяй, можа, і зусім перастане расці. Так што рэсурсаў для ўздыму заробкаў няма.

Таму ўлада хоча здацца добранькай, бліснуўшы перад раздражнёнымі працаўнікамі кавалерыйскай атакай на цэтлікі, на праклятых гандляроў у раскошы.

Эканаміст: працуе механізм выраўноўвання коштаў у рамках ЕАЭС

Вядома, кошты на асобныя тавары могуць расці хутчэй, чым у сярэднім. Але хто вінаваты? Калі казаць пра прадукты харчавання, і асобна пра малако, дарагоўляй якога абурыўся Лукашэнка, то тут гандаль, на думку Крука, «гуляе вельмі апасродкаваную ролю».

Калі ўжо думаць пра адміністрацыйныя метады барацьбы супраць дарагоўлі, то трэба ўжываць антыманапольнае рэгуляванне, адзначае эканаміст. Але і гэта не актуальна ў выпадку, калі мы разглядаем цэтлік на малако і іншыя тавары, паколькі тут, хутчэй за ўсё, працуе механізм выраўноўвання коштаў у рамках ЕАЭС, тлумачыць эксперт.

Калі казаць пра рэгуляванне коштаў на кошык сацыяльна значных тавараў, то «такі падыход мае права на існаванне, але гэта ўжо пытанне за рамкамі эканомікі», адзначае суразмоўца Naviny.by. І тады «трэба прадугледжваць нейкія кампенсацыі пастаўшчыкам або іншыя захады».

У любым выпадку незразумела, «якім тут бокам прафзвязы, функцыя якіх – калектыўнае прадстаўніцтва інтарэсаў супрацоўнікаў у дачыненні да заробкаў і ўмоваў працы ў перамовах з наймальнікам», падкрэсліў Крук.

Абарона правоў працоўных або татальны кантроль?

Сёння ж Лукашэнка агаліў адміністрацыйную шашку і з іншай нагоды. Заявіў: яму надакучыла слухаць, што прыватны бізнэс не хоча ствараць у сябе прафзвязныя вочкі (натуральна, на змаўчанне меліся на ўвазе структуры афіцыйных, а не незалежных прафзвязаў).

«Трэба прымусіць іх», – прапанаваў дыктатар пастанову ў сваім фірмовым стылі. І прыгразіў бізнэсу ўказам на гэты конт.

Але пагрозу кіраўнік загарнуў у хітрую абгортку: «Я думаю, самыя дэмакратычныя краіны нас не асудзяць. За што нас асуджаць? Мы ж дэмакратычна хочам абараніць правы чалавека».

Было б дзіка бачыць, што ўказамі кіраўніка насаджаюцца ячэйкі грамадства аматараў котак або абароны жывёлаў, з іроніяй адзначыў у каментары для Naviny.by старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук. Але ж прафзвязы – гэта таксама грамадскія арганізацыі, «іх стварэнне – выключна справа саміх працаўнікоў», падкрэсліў суразмоўца.

Калі хтосьці замінае ствараць прафзвязную арганізацыю, у тым ліку на прыватным прадпрыемстве, то трэба разбірацца з кожным асобным выпадкам. Для гэтага ёсць заканадаўчая база, напрыклад закон аб прафзвязах. Больш за тое, у падобных выпадках прадугледжаная нават крымінальная адказнасць, адзначыў прафзвязны лідар.

Іншая рэч, дадаў ён, што ФПБ – «гэта ніякая не грамадская арганізацыя. Яна жорстка ўбудаваная ў сістэму дзяржаўнага кіравання. З гэтага пункту гледжання ўсё набывае скончаную логіку».

«Жорсткія аўтарытарныя рэжымы заўсёды і ўсюды імкнуліся ўзяць пад кантроль працоўных. Яны любяць выступаць ад імя шараговага чалавека, ад імя працаўніка і ў імя працаўніка», – кажа кіраўнік БКДП. Так што і ў выпадку з стварэннем ячэек ФПБ «гаворка ідзе пра выбудоўванне сістэмы татальнага кантролю», мяркуе Ярашук.

Вось вам і «лібералізацыя»

Сапраўды, Лукашэнка не хавае, што ФПБ – ягоная апора, асабліва падчас электаральных кампаній, калі масава пастаўляе надзейныя кадры ў выбаркамы. А тут на носе чарговыя «выбары».

І ў прынцыпе наперадзе цяжкія часы. Расейская кармушка закрываецца, а моцнай праграмы, як выжываць у новай рэальнасці, у кіраўніка няма.

Вельмі верагодна, што беларусы стануць жыць горш, людзі захвалююцца, забурчаць. Самы час упырснуць у масавую свядомасць новую дозу папулізму ў выглядзе чарговай валюнтарысцкай кампаніі барацьбы з коштамі, зняцця тлушчыку з гандляроў.

Пры гэтым Лукашэнка з той самай трыбуны казыраў «лібералізацыяй» умоваў для бізнэсу. Але адной рукой у нас нешта на паперы «лібералізуюць», а ў іншай трымаюць іржавую шашку і пагражаюць зрабіць сякір-башка. А потым дзівяцца, што не валяць валам інвестары і ўвогуле – кракадзіл не ловіцца, не расце какос.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках