25 красавiка 2024, Чацвер, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Плаціў людзям неабгрунтавана высокі заробак»

37
«Плаціў людзям неабгрунтавана высокі заробак»
ФОТА: INSTAGRAM.COM/VIZAS.COMPANY

За што ў Віцебску асудзілі дырэктара завода «ВІЗАС»?

Пасля публікацыі паводле вынікаў круглага стала на партале tut.by, прысвечанага асаблівасцям «карупцыі» па-беларуску, у рэдакцыю напісаў былы дырэктар віцебскага завода «ВІЗАС» Яўген Захно. Ён апавёў, што яго судзяць за буйны крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванне ўладай. Ліст прыйшоў 25 лютага, а на наступны дзень суд Віцебскага раёна вынес Яўгену Захно прысуд. На запыт абласны суд не адказаў, грамадзянская жонка Захно ўвечары 27 лютага апавяла tut.by, што Яўгену далі 5,5 гадоў (пракурор прасіў 8,5 гадоў). «Доказы маёй віны не былі паказаныя на судзе», – мяркуе Яўген. Віну ён не прызнаў, сям'я плануе абскардзіць прысуд.

Яўгену Захно – 42 гады, ён жыхар Менска. Аднак у апошні час працаваў у Віцебскай вобласці: спачатку, з 2010 да 2013 года, кіраваў заводам «Беліт» у Паставах, потым, у 2017–2018 гадах, – заводам «ВІЗАС» у абласным цэнтры.

«Міністэрства прамысловасці запрашала мяне на праблемныя прадпрыемствы – як спецыяліста ў галіне антыкрызіснага кіравання», – тлумачыць Яўген Захно.

У 2019 годзе СК распачаў супраць былога дырэктара «ВІЗАС» крымінальныя справы за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры і злоўжыванне ўладай.

«Мяне ўважаюць карупцыянерам, які раскраў краіну. Пракурор прасіў для мяне 8 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі, я мяркую, што доказы маёй віны не былі паказаныя на судзе, – піша Захно. – У аснову справы пакладзеныя довады следчага на падставе праверкі дзейнасці завода «ВІЗАС» супрацоўнікамі УДФР КДК Віцебскай вобласці з удзелам спецыялістаў аддзела працы і занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама. Мяркую, што тая праверка была незаконнай. Аднак 4 мае хадайніцтвы пра правядзенне судовай экспертызы гэтай праверкі і правядзенне дадатковай праверкі ў ходзе следства і суда былі адхіленыя».

Экс-дырэктара абвінавачваюць у тым, што ў 2017-м ён «выплачваў супрацоўнікам неабгрунтавана высокі заробак». Ён прыводзіць такія звесткі: у студзені 2017 года сярэдні заробак на прадпрыемстве складаў 570 рублёў, а ў снежні таго ж года – 840 рублёў.

Паводле матэрыялаў справы, за 2017 год супрацоўнікі «ВІЗАС» атрымалі неабгрунтаваныя прэміі на суму 131,4 тысячы рублёў. «Пры гэтым на заводзе працавалі 400 чалавек», – каментуе Захно.

Абвінавачванне мяркуе, што быў неабгрунтавана завышаны заробак і самога Захно – на 7327 рублёў. «Аднак усе выплаты ажыццяўляліся на законнай падставе. Ні аб'ектыўных, ні суб'ектыўных доказаў здзяйснення мною злачынства следства і абвінавачванне не прывялі», – піша былы кіраўнік.

«У сучаснай Беларусі дырэктараў прадпрыемстваў з актывамі дзяржавы больш за 50% зрабілі мэнэджарамі, якія не займаюцца развіццём тэхналогій і вытворчасцю, а шукаюць схемы, якія дазваляюць у вызначаныя заканадаўствам тэрміны выплаціць заробак у аб'ёме, які патрабуецца вертыкаллю», – мяркуе экс-дырэктар.

Сваёй віны ў судзе мужчына не прызнаў.

«У апошнія гады людзей асуджаюць з фармальных прыкметаў пры адсутнасці доказнай базы. Беручы да ўвагі, што наша заканадаўства ў карупцыйнай схеме недасканалае, кваліфікавальная прыкмета здзяйснення злачынства ставіцца фармальна ў дачыненні да службовых асобаў, якія фактычна ажыццяўлялі звычайную эканамічную дзейнасць у рамках службовых інструкцый», – мяркуе Яўген Захно.

Захно звяртае ўвагу, што крымінальную справу супраць яго распачалі таксама ў 2019 годзе: «Тады сілавікі арыштавалі кіраўнікоў станкабудаўнічых прадпрыемстваў Оршы, Віцебска і Гомеля. Яны да гэтага часу знаходзяцца ў менскім СІЗА КДБ».

Завод «ВІЗАС» (раней «Віцебскі завод заточных станкоў XXII з'езда КПСС») – прадпрыемства з 120-гадовай гісторыяй. Асноўным кірункам ягонай дзейнасці з'яўляецца выпуск высокапрадукцыйных шліфавальных і спецыяльных заточных станкоў з ЧПУ для прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны, атамнай і ваеннай прамысловасці. На сёння з'яўляецца ўнікальным вытворцам універсальна-заточных станкоў і заточных станкоў з ЧПУ для вырабу і завострывання любой рэзнай прылады.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках