19 красавiка 2024, Пятніца, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў ЗША: На праймерыз у Паўднёвай Караліне ўвага звернутая да Байдэна

Выбары ў ЗША: На праймерыз у Паўднёвай Караліне ўвага звернутая да Байдэна

У стане дэмакратаў могуць адбыцца сур'ёзныя змены.

Былы віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн ужо трэці раз балатуецца ў прэзідэнты і цяпер змагаецца за сваё палітычнае жыццё, паведамляе «Голас Амерыкі».

Паводле некаторых прыкметаў, ён можа перамагчы на важных дэмакратычных праймерыз у Паўднёвай Караліне ў суботу, што павышае ягоныя шанцы ў доўгай чарадзе галасаванняў у адборы кандыдатаў у сакавіку.

На дэбатах кандыдатаў-дэмакратаў у аўторак Байдэн з упэўненасцю заявіў, што ён пераможа ў гэтым паўднёвым штаце, і некаторыя апытанні падмацоўваюць ягоныя надзеі.

Апытанне на сайце FiveThirtyEight прагназуе, што Байдэн атрымае 30 адсоткаў галасоў. За ім стаіць нацыянальны фаварыт Берні Сандэрс (23 адсоткі). Тым Стэер, багацей, чые шанцы на намінацыю ацэньваюцца як нізкія, займае трэцяе месца з 13 адсоткамі.

Байдэн, які карыстаецца даўняй падтрымкай афраамерыканскіх выбарнікаў, спадзяецца перамагчы ў штаце, дзе чарнаскурыя могуць скласці больш за палову выбарнікаў-дэмакратаў. У сераду кандыдатуру Байдэна падтрымаў уплывовы чарнаскуры кангрэсмэн ад гэтага штата Джэймс Клайберн.

«Я ўжо казаў журналістам, што даўно ведаю, за каго буду галасаваць, – сказаў Клайберн. – Але я хачу, каб грамадскасць ведала, што я галасую за Джо Байдэна».

Раней Байдэн узначальваў агульнанацыянальныя апытанні кандыдатаў-дэмакратаў з найбольшымі шанцамі перамагчы рэспубліканскага прэзідэнта Дональда Трампа. Аднак сенатар ад Вермонта Сандэрс, які абвесціў сябе дэмакратычным сацыялістам, адціснуў Байдэна на другое месца ў нацыянальных апытаннях, перамогшы на ўсеагульным галасаванні ў першых трох штатах, дзе праходзіў адбор кандыдатаў.

Байдэн фінішаваў чацвёртым у Аёве, пятым у Нью-Гэмпшыры і заняў другое месца ў Невадзе ў мінулую суботу, значна адстаўшы ад Сандэрса.

Амерыканскія палітолагі мяркуюць, што ён добра выступае на дэбатах, хоць слоўныя ляпы азмрочваюць уражанне пра яго.

Так, выступаючы ў падтрымку заканадаўства аб кантролі над зброяй, Байдэн агаварыўся, заявіўшы, што за апошнія гады ад агнястрэльнай зброі загінулі 150 мільёнаў амерыканцаў – вялізны лік, які складае блізу паловы насельніцтва ЗША. Ягоны штаб пазней прызнаў, што правільны лік – 150 тысячаў.

Ацэньваючы кандыдатаў-дэмакратаў, Трамп звярнуў увагу на памылку Байдэна.

«Шалёныя, хаатычныя дэбаты дэмакратаў... фэйкавыя навіны паведамляюць, што Байдэн добра паказаў сябе, хоць і сказаў, што палова нашага насельніцтва была застрэленая. Для большасці гэта азначае канец», – напісаў ён у Твітэры.

Які ні быў бы лёс Байдэна ў Паўднёвай Караліне, ён і ягоныя спаборнікі практычна тут жа сутыкнуцца з новым выклікам у «супераўторак» 3 сакавіка, калі галасаванне ў адборы кандыдатаў пройдзе адразу ў 14 штатах.

Хоць у Паўднёвай Караліне на коне стаяць 54 дэлегаты ліпеньскага з'езда, які вылучыць афіцыйнага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, у «супераўторак» будуць размяркоўвацца ўжо 1357 дэлегатаў. Акрамя таго, у гэты дзень у бюлетэнях упершыню з'явіцца экс-мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг. Аднадзённы выбарчы марафон вызначыць лёс траціны дэлегатаў.

Грунтуючыся на выніках апытання, сайт FiveThirtyEight прадказвае, што ў аўторак Сандэрс атрымае 587 дэлегатаў. Байдэн можа атрымаць 305, Блумбэрг – 211, а сенатарка ад Масачусэтса Элізабэт Уорэн – 132.

Такі вынік дазволіць Сандэрсу заняць паноўнае становішча ў гонцы за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі, хоць яму будзе яшчэ далёка да большасці 1990 дэлегатаў, неабходнай для вылучэння.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках