23 красавiка 2024, aўторак, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сказалі, масак няма, – і паўчаргі адразу зрэзалася»

«Сказалі, масак няма, – і паўчаргі адразу зрэзалася»

Што адбываецца ў беларускіх аптэках.

У Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што за дзень у Менску было прададзена 70 000 масак. Маўляў, гэта эмацыйныя пакупкі, і ўвогуле, запасы адэкватныя сітуацыі. Бліжэй да канца працоўнага дня карэспандэнт Onliner выйшаў на шырокую прастору праспекта Дзяржынскага і прабегся па найбліжэйшых аптэках. Балазе іх багата ў акрузе. Чакана ў пятніцу попыт на «Арпетол», «Арбідол» і іншыя супрацьвірусныя прэпараты вырас значна. Наведвальнікі аптэк рупліва вытрымлівалі чаргу, скараціць якую магла толькі аб'ява пра адсутнасць «набору панікёраў», піша onliner.by.

Маленькая і ўтульная аптэка сеткі Focus у бізнэс-цэнтры каля гатэля Renaissance. Дзяўчына падыходзіць да касы і просіць маленькі антысептык. У наяўнасці яго няма. Пакупніца адварочваецца без эмоцый, як быццам была гатовая да такога адказу.

– Антысептыку няма, можа, маскі ёсць?

– Можа, недзе і ёсць, а ў нас паўтара месяца таму скончыліся, на жаль.

– Добра, а «Арбідол»?

– А «Арбідол» ёсць.

Пачынаем доўга размаўляць пра «Арпетол», «Арбідол» і іншыя іх заменнікі.

– А калі ўжо захварэлі...

– Тэлефанаваць у Міністэрства аховы здароўя?

– Не, галоўнае – не панікуйце.

Праз дарогу размешчаная аптэка «Планета здароўя». Там таксама не бачылі медыцынскіх масак паўтара месяца.

– А астатні «набор для панікёраў»?

– «Арпетол» ёсць, ёсць «Гропрынасін», ёсць «Эргаферон», ёсць «Анаферон» – таксама выкарыстоўваецца для прафілактыкі.

– Ці дапамагае?

– Ну для каранавірусу не панацэя, вядома. Вірус жа сур'ёзны. Людзі паміраюць. Звычайныя супрацьвірусныя, якія мы п'ём пры грыпе, не дапамогуць. Гаворка ж пра прафілактыку. Але можаце ўзяць «Арпетол». У мяне сёння шэсць упаковак сышло. Пакуль усё ёсць. Але нельга выключаць, што пасля працы людзі павыкупляюць супрацьвірусныя.

На развітанне добрыя фармацэўты параілі мыць рукі, абеззаражвацца, піць шмат вады і падсумавалі, што ўсё будзе добра. Хочацца верыць.

Сціплая аптэка «Белфармацыі» за кутом галаўнога офіса «Беларусбанка». Калі ў папярэдніх месцах народу амаль не было, то тут упэўненая чарга з шасці чалавек. Усе напружаныя, як быццам ім пагражае небяспека. У выніку гэтая доля ледзь не спасцігае ёркшырскага тэр'ера, на чэрап якога прылятае ўпалая ўпакоўка таблетак.

– Слухайце, калі вам супраць гэтага вірусу нешта трэба, вазьміце «Арпетол», – прапаноўвае жанчына за касай.

– А ў мяне ёсць. У вас яго хутка не застанецца.

– Так, хутка скупляць пачнуць, – жанчыны смяюцца і сканчаюць мілую гутарку.

Прырода ўтварэння чаргі, высвятляецца, у наяўнасці масак. Дзве наступныя пакупніцы набываюць прэпараты, ніяк не звязаныя з віруснай прафілактыкай, але сканчаюць заказ просьбай прабіць тры і дзве маскі. Фармацэўт кожны раз звяртаецца да кардоннай скрынкі.

Наступная пакупніца просіць «Ангісептын», «Аскарбін», полівітаміны, парацэтамол для дарослых.

Надыходзіць чарга мужчыны ў чорнай куртцы.

– 20 масак.

– Гэта вы званілі?

– Так.

Працаўніца аптэкі пачынае адлічваць 20 масак. У нейкі момант пакупнік звяртае ўвагу на працэс: «А яны такія слабыя. Дайце мне тады 10». Жанчына выдыхае і спакойна ідзе прабіваць запытанае.

– Давайце астатнія 10 мне.

– Давайце, а то іх хутка разбяруць.

– Дэфіцыт?

– Ажыятаж. Учора прадала 100 штук. Сёння масак не было, заехала ў галоўную аптэку, узяла яшчэ сто. Але за дзве гадзіны прадала амаль усе. Аплата толькі гатоўкай. Мы іх толькі атрымалі і не паспелі апрыходаваць.

Далей па праспекце Дзяржынскага – «Аптэка ашчадных». Народ пачынае разыходзіцца з працы, так што ўтвараюцца аншлагі. Перад уваходам вагаюцца хлопец з дзяўчынай, думаюць, заходзіць ці што. Пасля ўсё ж заходзяць. Але масак няма, так што пара прадаўжае гугліць іх наяўнасць.

Жанчына з вялікім пачкам «Тайлол Хот» пад пахай без асаблівай надзеі пытаецца пра маскі і, атрымаўшы адмоўны адказ, просіць «Арпетол». Побач стаіць яе сяброўка, якая пасля разліку каментуе: «У дробязі – амаль без шанцаў. Я сёння замовіла оптам 200 штук, скіну табе пасля тэлефон».

На дыяганаль праз праспект аптэка «Іскамед» – наўпрост каля выхаду са станцыі метро «Грушаўка». Дзяўчына стаіць каля прылаўка і жартуе:

– Бачыце, вы мне сказалі, што масак няма, – і паўчаргі зрэзалі, дайце настойку элеўтэракоку, кіслату аскарбінавую і «Антыгрыпін».

Услед за ёй дзяўчына просіць дзве ўпакоўкі «Арпетолу».

– Прабачце, адна засталася. Усе раскупілі сёння.

Трэба адзначыць, фармацэўты ў шасці наведаных аптэках – проста коцікі. Нягледзячы на ажыятаж, адказвалі спакойна, прасілі не перажываць і тлумачылі, што канец «Арпетолу» і канец свету – розныя рэчы.

У апошнім месцы (Adel – хлопцы, у якіх ранкам ад наплыву карыстальнікаў упаў сайт) дзяўчына за касай хутка разумее запыт.

– Масак – няма, санатайзеру – няма, «Арбідолу» – няма. Ёсць беларускі «Арпетол». Там былі капсулы, тут таблеткі.

– А сэнс у ім ёсць?

– Ну калі вы проста хварэеце, то так. Але блін, я ж без масак, без слоічка спірту неяк спраўляюся. Моцнага дэфіцыту, каб панікаваць, няма. Увогуле падставы няма панікаваць. У звычайнага грыпу лятальнасць вышэйшая. У СНІДу – значна вышэйшая. Але нешта ніхто не правяраецца кожныя паўгода і не выкарыстоўвае прэзерватывы пры кожным полавым акце. А тут вось проста паніка.

Людзі прыходзяць з працы. Чэргаў становіцца больш. Кажуць, штодня ў краіне выпускаецца блізу 200 000 марлевых і 40 000 аднаразовых масак. Чыноўнікі кажуць, што на наступным тыдні ў аптэках чакаецца пастаўка больш як 1,6 млн масак.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках