20 кастрычнiка 2020, aўторак, 9:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве адбыўся Марш Нямцова

У Літве адбыўся Марш Нямцова
ФОТА: DELFI.LT

У акцыі паўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары.

У Вільні па праспекце Гедыміна прайшоў марш памяці Барыса Нямцова, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі расейскай апазіцыі, літоўскія палітыкі і простыя грамадзяне. Мерапрыемства прымеркаванае да пяцігоддзя гібелі расейскага палітыка. Аналагічныя акцыі сёння прайшлі ў Расеі, прычым у шэрагу гарадоў ўлады не дазволілі іх правесці, піша Delfi.

У Вільні арганізатарам акцыі выступіў «Расейскі Еўрапейскі Рух», які аб'яднаў палітычных уцекачоў і ў цэлым эмігрантаў з Расеі. У акцыі ўдзельнічала блізу 30 чалавек. Дзеля іх рух па праспекце Гедыміна быў перакрыты. Калона з кветкамі, свечкамі і партрэтамі забітага палітыка прайшла ад плошчы Вінцаса Кудзіркі да Нацыянальнай бібліятэкі ім. Мажвідаса.

Другая частка акцыі прайшла ў скверы Барыса Нямцова, размешчаным насупраць амбасады Расеі ў Літве. На жалобным мітынгу людзі скандавалі «Героі не паміраюць» і «Расея будзе свабоднай».

У акцыі паўдзельнічалі і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вільні

ФОТА: DELFI.LT