20 красавiка 2024, Субота, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як вывучэнне моў уплывае на мозг

6
Навукоўцы высветлілі, як вывучэнне моў уплывае на мозг

Навукоўцы эксперыментальна давялі карысць вывучэння моў.

Расейскія навукоўцы з НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» эксперыментальна давялі, што валоданне некалькімі мовамі станоўча ўплывае на працу чалавечага мозгу. Вынікі апублікаваныя ў часопісе Frontiers in Psychology, паведамляе ria.ru.

Існуе меркаванне, што людзі, якія размаўляюць на двух і больш мовах, больш уважлівыя і лепш адаптуюцца да шматзадачнасці. Аднак эксперыменты не заўсёды гэта пацвярджаюць. Напрыклад, пры параўнанні дзяцей-білінгваў з Краіны Баскаў з гішпанскімі дзецьмі-моналінгвамі ніякіх пераваг ад валодання другой мовай выяўлена не было.

Там жа, дзе станоўчы эфект пацвярджаўся, даследаванні часта праводзіліся на абмежаваных выбарках як па колькасці падыспытных, так і па іх сацыяльна-эканамічным ладзе: білінгваў набіралі з ліку імігрантаў або этнічных меншасцяў, якія займаюць іншае становішча ў грамадстве, чым прадстаўнікі монамоўнай большасці.

Каб выключыць праблему неаднастайнасці рэспандэнтаў, даследчыкі з НДУ ВШЭ ў супрацоўніцтве з іх замежнымі калегамі наважылі праверыць уплыў двухмоўя на працу мозгу на аднастайнай групе.

«Незбалансаванасць параметраў у групавых эксперыментах - распаўсюджаная праблема паводніцкіх даследаванняў, - адзначае Юры Штыраў, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра нейраэканомікі і кагнітыўных даследаванняў і навуковы кіраўнік Інстытута кагнітыўных нейранавук ВШЭ. - Ураўняць усе параметры паміж кантрольнай і эксперыментальнай групай практычна немагчыма. Усплывае шмат розных фактараў, у тым ліку сацыяльных, якія складана ўзяць на кантроль у адным эксперыменце».

У якасці падыспытных навукоўцы абралі 57 студэнтаў Вышэйшай школы эканомікі, для якіх другая мова была не роднай, як у білінгваў, а з'явілася ў іх жыцці падчас вучобы ў школе. Падыспытныя ведалі ангельскую на розным узроўні - хто лепш, хто горш. Даследчыкі выказалі здагадку, што ўзровень валодання другой мовай павінен карэляваць з працай функцыі кагнітыўнага кантролю.

«Наша рабочая гіпотэза палягала ў тым, - тлумачыць Андрэй Мячыкаў, адзін з аўтараў даследавання, - што чым лепш падыспытны валодае другой мовай, тым больш ён ёй карыстаецца. Такім чынам, тым часцей яму даводзіцца пераключаць увагу паміж роднай расейскай і няроднай ангельскай, і значыць, тым больш будзе эфект паляпшэння работы кагнітыўнага кантролю».

Аўтары спачатку тэставалі ўдзельнікаў на веданне ангельскай, а потым правяралі ў іх узровень работы кагнітыўнага кантролю пры дапамозе тэсту на ўважлівасць, які дазваляе вымераць хуткасць рэакцыі чалавека.

Сутнасць тэсту заключалася ў тым, што падыспытнаму трэба як мага хутчэй на клавіятуры націснуць правільную клавішу пры з'яўленні на экране пэўнага стымулу. Такі тэст правярае актывацыю так званых сетак увагі, якія адказваюць за падтрыманне пільнасці, факусоўку увагі і пераключэнне ўвагі з аднаго стымулу на іншы.

Вынікі даследавання паказалі ўзаемасувязь паміж узроўнем валодання замежнай мовай і кагнітыўным кантролем. Чым лепш студэнты валодалі мовай, тым хутчэй яны вырашалі задачы тэсту.

Гэтае даследаванне паказвае, што выкарыстанне падыходу, які ўлічвае адносны ўзровень валодання другой мовай, дае больш інфармацыі для ацэнкі сувязі гэтага параметру з кагнітыўнымі здольнасцямі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках