23 красавiка 2024, aўторак, 20:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Корушка, кнігі, крафтавае піва: чым Літва будзе прыцягваць турыстаў у 2020 годзе

Корушка, кнігі, крафтавае піва: чым Літва будзе прыцягваць турыстаў у 2020 годзе

Агляд найлепшых падзей у нашых паўночных суседзяў.

Самы просты спосаб для беларуса выбрацца за мяжу і трохі развеяцца - адправіцца ў Вільню. Час у шляху - усяго пара гадзін - і вось вы ўжо ў старым горадзе літоўскай сталіцы. А каб знайшлася нагода лішні раз прагуляцца вузкімі віленскімі вулачкамі, журналісты tio.by склалі для вас невялікую падборку цікавых імпрэзаў, якія пройдуць у Літве ў лютым 2020.

Рыбацкае свята «Палангская корушка 2020»

7-9 лютага

Штогод у Паланзе адзначаецца свята балтыйскай корушкі: на вуліцах і праменадзе ўсталёўваюцца кірмашовыя намёты з рознай смакатой і сувенірамі (але галоўны сувенір, вядома, - рыбка). Асноўныя мерапрыемствы свята адбываюцца на вуліцы Ёнаса Басанавічуса і на гарадскім пірсе. У рэстарацыях і барах корушка і юшка становяцца стравамі дня. Разявакі назіраюць, як рыбакі пад народныя мелодыі спаборнічаюць, хто больш зловіць рыбкі.

Зімовы фэст крафтавага піва ў Вільні ŽMOGŠALA

22 лютага

Зімовы фэст крафтавага піва ŽMOGŠALA аб'ядноўвае півавараў, аматараў піва і ахвочых такімі стаць. Мэта фэсту - пазнаёміць усіх з разнастайнасцю крафтавага піва, што вырабляецца ў Літве і ў суседніх краінах. І традыцыйна зімой піва будзе цямнейшым, мацнейшым і больш экзатычным. Навіна гэтага года - менавіта наведвальнікі фэсту будуць выбіраць «самае зімовае піва». Для дэгустацыі прыгатаваныя фірмовыя шкляначкі 150 мл - так будзе лягчэй пакаштаваць больш гатункаў ад розных бровараў.

Сёлета фэст праходзіцьме ў клубе KABLYS + KULTURA (Kauno g.5, Vilnius). Кошт квітка 10 еўраў, набыць можна на Tiketa.lt online і ў касавых аддзяленнях.

Выстава «200 чаравікаў - 700 гадоў»

Да 9 лютага

Выстава, якая праходзіць у Вільні ў бастыёне гарадской абарончай сцяны, пакажа, які абутак у XII-XVIII стагоддзях насілі прадстаўнікі гарадской шляхты і шараговыя жыхары, які абутак уважаўся за модны, адкуль ён з’яўляўся і што на яго ўплывала? Кожны экспанат выставы распавядае аб звычках і перавагах жыхароў Гданьска, Вільні, Коўна, Клайпеды і Кярнаве, іх статусе, цяжкіх часах і любоўных гісторыях. Арганізатары абяцаюць, што гледачы змогуць назіраць «шавецкае рамяство і яго эвалюцыю».

Квіткі каштуюць ад 2 да 4 еўраў, набыць іх можна ў касе музея. Час працы выставы - штодня з 10 да 18.

Віленскі кніжны кірмаш 2020

20-23 лютага

Літоўскі выставачны і канферэнц-цэнтр «Litexpo», Laisvės pr. 5

Наведвальнікаў кірмашу чакаюць сотні розных мерапрыемстваў: на віленскім кніжным кірмашы сустрэнуцца чытачы і пісьменнікі з Літвы і іншых краін, будзе дзейнічаць дыскусійны клуб, куток пісьменнікаў, кніжная кіназала, пасаж букіністаў, гасцёўня літаратараў, розныя творчыя прасторы.

Міжнародны блышыны рынак GARIŪNAI

28 лютага - 1 сакавіка

Бізнэс-парк «Гарунай», Gariūnų g. 70 www.gariunai.lt

Калі ў вас ёсць антыкварныя, рэдкія і цікавыя рэчы - прадметы інтэр'еру, мэбля, кнігі, ювелірныя вырабы, карціны, фарфор або іншыя рэчы, - вы можаце ўзяць удзел у міжнародным блышыным рынку ў Вільні. Тут збяруцца калекцыянеры, аматары і прадаўцы антыкварыяту з усёй Літвы і краін Балтыі. Уваход вольны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках