28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кітаі знайшлі крыніцу каронавірусу?

19
У Кітаі знайшлі крыніцу каронавірусу?

Спецыялісты заклікалі кітайцаў не набліжацца да дзікай жывёлы.

Імаверным прамежкавым гаспадаром каронавірусу 2019-nCoV з'яўляецца пангалін - пакрыты буйной лускай плацэнтарны сысун, блізкі да браняносца і мурашкаеда. Да такой высновы прыйшла група навукоўцаў у КНР, паведаміла кітайская тэлевізія, піша dw.com.

Экспэрты Паўднёва-Кітайскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта вывучылі больш за 1000 узораў генетычнага матэрыялу. У выніку было ўстаноўлена, што геномная паслядоўнасць новага каронавірусу, вылучанага ў пангаліна, на 99 адсоткаў ідэнтычная геному каронавірусу захварэлых людзей, паказвае агенцтва Сіньхуа. Далейшых дэталяў даследчыкі не назвалі.

Магчымыя іншыя прамежкавыя гаспадары каронавірусу

Пангаліны могуць быць не адзінымі прамежкавымі гаспадарамі каронавірусу, паказваецца далей. Навукоўцы выказалі надзею на тое, што іх адкрыццё дапаможа ў барацьбе з распаўсюджваннем небяспечнага ўзбуджальніка.

Раней выказваліся меркаванні, што першыя пацыенты маглі заразіцца каронавірусам ад змей альбо кажаноў. Спецыялісты заклікаюць кітайцаў не набліжацца да дзікай жывёлы.

У Кітаі заканадаўча абмежаваны адлоў пангалінаў, але браканьеры вядуць нелегальны гандаль гэтымі жывёлінамі. Іх луска выкарыстоўваецца ў кітайскай народнай медыцыне для лячэння вялікай колькасці захворванняў, а мяса ўважаецца ў шэрагу азіяцкіх краін за далікатэс. Паводле інфармацыі Міжнароднага саюза аховы прыроды, пангаліны - найбольш прадаваныя дзікія жывёлы ў свеце. За апошнія дзесяць гадоў у азіяцкіх і афрыканскіх лясах было вылаўлена больш за 1 млн асобін і прададзена ў Кітаі і В'етнаме, паведаміла арганізацыя.

Успышка захворванняў вядзе пачатак з рынку ва Уханю

Першыя масавыя выпадкі заражэння новым каронавірусам былі зафіксаваныя ў канцы снежня 2019 года. Яго з'яўленне звязваюць з аптовым рынкам морапрадуктаў у горадзе Уханю ў правінцыі Хубэй, на якім прадаваліся і дзікія жывёлы. Улады КНР абмежавалі транспартныя злучэнні з шэрагам мегаполісаў, фактычна змясціўшы пад каранцін больш за 50 млн чалавек, а таксама забаранілі гандаль дзікімі жывёламі.

З пачатку ўспышкі вірус распаўсюдзіўся больш чым у 20 краінах на трох кантынентах. У Кітаі колькасць хворых пацыентаў перавысіла 31 тысячу, пры гэтым больш за 600 чалавек памерлі ад наступстваў заражэння. За межамі Кітая выяўленыя больш за 200 выпадкаў заражэння, у тым ліку ў Расеі і Нямеччыне.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках