2 красавiка 2020, Чацвер, 0:13
Народны карантын
Рубрыкі

Каб Беларусь не замерзла, трэба памяняць «апальшчыка»

12
Каб Беларусь не замерзла, трэба памяняць «апальшчыка»

Спрэчкі ў Сочы і спіс невыязных у Віцебску.

«Мабыць, адзінае, за чым я не сачу з палітычных навінаў, гэта за сустрэчамі Пуціна і Лукашэнкі. Ну вось зусім нецікава і проста бессэнсоўна», - напісаў у «Фэйсбуку» лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты краіны на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

«На мой погляд, гэтыя двое вынайшлі новы жанр - «каля навінаў».

Рэальная інфармацыя аб іх сустрэчах можа прасачыцца ў медыі толькі праз нейкі час, а можа і не прасачыцца. Затое яны празмерна пастаўляюць проста тоны локшыны на вушы гледачоў, слухачоў і чытачоў навін.

Бо калі Пуцін і Лукашэнка сустракаюцца, гэта не міждзяржаўныя перамовы, а спрэчкі. І сустракаюцца не кіраўнікі дзяржаў, якія за апошнія 20 гадоў хоць бы якія выбары сумленна правялі, а верхаводы АЗГ, якіх праз слабасць дапусцілі да ўлады. Толькі так на гэта і павінна глядзець.

А каб магілёўскія з тамбоўскімі, забіўшы «стрэлку», не дамовіліся - такога яшчэ не было.

Чарговую «стрэлку» яны забілі ў Сочы.

Мне давялося пасачыць за навінамі, бо папрасілі пракаментаваць сэнс «перамоваў». Я паспрабаваў аднеквацца, маўляў, які сэнс, выніку не будзе, а ў адказ чуў папрокі, што не хвалюе мяне лёс беларускага народа, які можа замерзнуць праз недахоп нафты і газу. Няпраўда, вельмі нават хвалюе, і я дакладна ведаю, што для народа трэба, каб не замерзнуць.

І гэта ніяк не перамовы з Пуціным.

Трэба проста ў Беларусі памяняць апальшчыка.

Добра, стаў я тыкаць пальцамі па клавіятуры, спрабуючы адсачыць навіны і інфармацыю.

Спачатку патыкаў у аналітыкаў. Там проста вайна бураў супраць ангельцаў - з аднаго боку, ці бітва з Асманскай імперыяй за вызваленне братушак - з другога. Чарговым разам падзівіўся, як спрытна людзі з паветра аналітыку робяць.

Узяўся за стужкі навін - і тут адлягло.

«Каля навін» ва ўсёй іх красе. Што мы даведаліся пра сустрэчу нібыта кіраўнікоў дзяржаў?

А вось што: пра таўшчыню снежнага покрыва на розных вышынях у Чырвонай Паляне, пра кашку на вадзе, пра нялётнае надвор'е ў Маскве і Сочы, пра хакейную форму дыктатараў.

Інфармацыя для разважання яшчэ на некалькі тыдняў, калі не месяцаў. Разважанні ні пра што. Пашлаватыя жарты двух гопнікаў будуць цытаваць усе цэнтральныя СМІ. Так у іх заведзена.

І чамусьці ніводнае з медыяў не напісала, што сустракаюцца два неадэкватныя дыктатары, прычым адзін з іх - з ядзернымі ракетамі, а другі з дапамогай першага будуе на мяжы Еўропы атамную бомбу.

Ніхто не напісаў, што сустракаюцца два самадуры, здольныя нарабіць столькі бед у сваіх краінах і за іх межамі, што мама, не гаруй.

Ніхто не распавёў, якія схемы і адкаты абмяркоўваліся «высокімі дамоўнымі бакамі», і чым гэта пагражае народам Беларусі ды Расеі.

Усе «пулы» і прыпульныя журналісты з захапленнем транслявалі «каля навін» ад майстроў гэтага жанру - Пуціна і Лукашэнкі.

І ўсё ж адна рэальная навіна ў гэты дзень была. Не з Сочы, але ў агульным рэчышчы таго, што адбываецца ў дачыненнях Расеі, Беларусі і Захаду. Сустрэўшыся ў Віцебску, міліцыянты абедзвюх краін дамовіліся да 1 сакавіка канчаткова ўзгадніць агульны спіс невыязных грамадзян. Гаспадарам у Сочы гэта спадабаецца.

Прывітанне Пампэа!»