19 красавiка 2024, Пятніца, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Эмірат» скончыўся, засталася толькі прагнасць

66
Леанід Заіка: «Эмірат» скончыўся, засталася толькі прагнасць
ЛЕАНІД ЗАІКА
ФОТА: ONLINER.BY

У Лукашэнкі з’явяцца новыя праблемы.

Рынак нафты адкрыў гандаль панядзелка абвалам катыровак, якога свет не бачыў амаль тры дзесяцігоддзі. Кошт нафты маркі Brent у першы працоўны дзень пасля распаду ўгоды АПЕК+ упаў амаль на траціну, да 31,43 даляра за бараль, сведчаць звесткі з гандлю.

Таксама ў панядзелак даляр і еўра адначасова абнавілі гістарычныя максімумы на гандлі Беларускай валютна-фондавай біржы.

Кіраўнік aналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка расказаў сайту Charter97.org, што гэтыя падзеі могуць значыць для беларускай эканомікі.

– Як бы Вы пракаментавалі абвал коштаў на нафту, справакаваны выхадам Расеі з дамовы АПЕК+?

– Гэта вельмі знакавы момант, таму што рэзка абвастрыліся супярэчнасці ў сусветнай крызіснай эканоміцы. З аднаго боку – вытворчасць падае, спажыванне нафты зніжаецца. Тут рэакцыя цалкам чаканая, былі спробы знізіць традыцыйную здабычу нафты. Недзе расейцы яшчэ могуць трываць да ўзроўню 25 даляраў. У іх пакуль застаецца прыбытковай здабыча, транспартаавнне і продаж нафты.

Тое, што тычыцца сусветнай эканомікі, тут зніжэнне коштаў на энэргарэсурсы заўсёды робіць станоўчае ўздзеянне, хоць будуць і прамыя, і зваротныя трэнды. Гэта форс-мажорная сітуацыя, якая будзе развязвацца цягам двух-трох тыдняў.

– Саудаўская Аравія будзе прадаваць нафту ў паўночна-заходняй Еўропе, ключавым рынку для расейскай нафты. Як гэта адаб'ецца на Расеі?

– Амерыканскі сенатар Джон Маккейн казаў, што Расея – гэта проста вялікая бензакалонка. Ёй даўно варта пазбаўляцца ад спадчыны Савецкага Саюза. Я магу прывесці два прыклады, як гэта будзе адбывацца. Першы – гэта ўвядзенне эмбарга на пастаўкі харчавання і тавараў, дзякуючы якому ў Расеі пачала развівацца ўласная вытворчасць прадуктаў харчавання і вялікага спектру тавараў. Гэта цікавы працэс, калі ўзмацненне жорсткасці ўмоваў штурхае да незвычайных дзеянняў. Там даўно ўжо навукоўцы і палітыкі гавораць пра тое, каб адысці ад міфа «бензакалонкі», выправіць памылкі мінулага. Паглядзім, наколькі хутка яны будуць спраўляцца і рэструктурызаваць на карысць новых галінаў вытворчасці і новай эканомікі. Тады стане зразумела, што адбываецца.

Спачатку будзе пагаршэнне сітуацыі і зніжэння прыбыткаў. Магчыма, гэта выкліча большую адмову ад даляра. Такая тэндэнцыя ўжо была справакаваная два-тры гады таму. Беларусь таксама магла б паспрабаваць пра гэта заявіць, але ў іх нічога не атрымліваецца.

Зніжэнне прыбыткаў ад нафты і нафтапрадуктаў чаканае ў Расеі і Беларусі, што паставіць цяперашнія эліты ў складанае становішча. Як яны будуць рэагаваць, дастаткова тупа або разумна, казаць цяжка.

Але галоўнае – глабалізацыя свету ўжо загадала доўга жыць. Гэта тычыцца не толькі Расеі, уся мадэль вялікай эканомікі ўзаемазлучаная і жыве добра. Спыніліся ўжо палёты самалётаў, спыніліся практычна зносіны паміж краінамі. Такі форс-мажор. Гэта не проста падзейны элемент, а ўжо даволі выразнае пазначэнне такіх арыенціраў, як заканчэнне цывілізацыйнага развіцця на падставе нафты і газу і пераход да новай эканомікі – эканомікі інтэлекту. У розных краінах гэта будзе па-рознаму развівацца. Варта звярнуць увагу на тое, што дачка Пуціна стала раптам узначальваць інстытут штучнага інтэлекту Маскоўскага ўніверсітэта, а не нейкую нафтавую кампанію.

З іншага боку, я тут бачу досыць ясную спробу буйных сусветных аўтамабільных кампаній садзейнічаць зніжэнню коштаў на бензін, таму што перспектыва магутная, абвастраецца канкурэнцыя на рынку электрамабіляў і ДВС. Сёння зніжэнне коштаў на нафту і паліва – гэта цалкам удалая стратэгія, якая яшчэ падоўжыць эру аўтамабіляў XIX стагоддзя.

Усё гэта падкрэслівае, што нафтагазавая цывілізацыя сканчаецца і што ўстае перспектыва абвастрэння канкурэнцыі на новых сектарах – электратранспарт, робаты, IT і г.д. Вельмі цікава, хоць людзям будзе дрэнна.

– Ці будзе рэнтабельная беларуская нафтаперапрацоўка пасля такіх коштаў на нафту?

– Мне даводзілася яшчэ ў 90-я гады досыць крытычна ставіцца да стратэгіі сядзець «на трубе», таму што расейцы пісьменна завабілі Лукашэнку і ягоную кампанію на наркатычную іголку, дзе газ і нафта сталі выначальным чыннікам поспехаў і няўдачаў урада. У беларускай эліты паўстануць праблемы. На сёння Лукашэнка будзе казаць пра тое, што зоркі нам падказваюць, дзе атрымліваць танную нафту або, каб хлусня была яшчэ смяшнейшай, скажа, што маўляў арабы дапамаглі.

Другое – знізяцца кошты на бензін. Тут цяжка сказаць, якія будуць адсоткавыя суадносіны ў дынаміцы коштаў. Прынамсі – «надзімаць шчокі» будуць. На самай справе для нас гэтая нафтагазавая наркаманія – тупіковая. Замест таго каб змагацца за закупкі нафты, шукаць яе ў Нарвегіі, Расеі ці Зімбабвэ, трэба было займацца новымі галінамі. Гэтага нашы вясковыя эліты рабіць не ўмеюць.

– Нафта пацягнула за сабой уніз расейскі рубель, а ён за сабой – беларускі. Румас заявіў, што ў рубля будзе і далей плыўны курс. Як доўга ён можа так «плаваць» і куды можа «прыплысці»?

– Гэта дзіўная заява, таму што нідзе ў свеце прэм'ер-міністр не займаецца манетарнай палітыкай. Гэта ўзор таго, як рабіць не трэба. Прычым тут прэм'ер-міністр? Цэнтрабанк або Нацбанк вызначаюць сітуацыю. У гэтым ёсць пэўная іронія лёсу, што эканамічнымі праблемамі займаюцца не эканамісты, а лесарубы.

Што б ні казаў Румас, зразумела, што вялікія скокі будуць небяспечныя. Гэта называецца высокая валацільнасць беларускага рубля. Тут цяжка згадаць, якім будзе рэальны курс. Пачнуцца спекулятыўныя працэсы, кожны будзе несці што заўгодна. Няма нічога больш смешнага, чым аналіз на дне кубка з кавай.

У Беларусі пачалі ўжо нейкія выступы пра альтэрнатыўную нафту, але большага ідыятызму і прыдумаць цяжка. А ўся краіна гэта абмяркоўвае і цяпер яны будуць казаць, колькі будзе каштаваць беларускі рубель. Усё, што адбываецца, гэта цудоўная рэч для валютных прастытутак і карупцыянераў ва ўрадзе. Смешна глядзець, як нашы чыноўнікі будуць кіраваць рухам рубля і валютаў. Яны гэтым не могуць кіраваць, толькі створаць дысбаланс паміж афіцыйным і неафіцыйным курсам. Але гэта ўжо ўсё было. Цяжка чакаць рэалістычных пастановаў.

– Якія могуць быць схаваныя рызыкі ад падзення расейскай эканомікі для Беларусі?

– Расейская эканоміка не вельмі дынамічная цяпер. Яна ідзе павольней, чым сусветная. Дурні будуць нешта ратаваць і чапляцца за карабель, які тоне.

Што можа быць пазітыўнага? Як эканаміст магу сказаць, што крызісныя працэсы зменяць пэўны суадносіны сілаў у эканоміцы і ролю сектараў. Гэта азначае, што ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі расейскай эканомікі пэўныя сферы атрымаюць штуршок да свайго развіцця. Такія абнаўленні і рэструктурызацыя заўсёды адбываюцца ў крызісных працэсах.

– Як гэта можа адбіцца на простым абываталю?

– Просты беларускі абываталь хай спакойна налівае сабе дэклараваную Лукашэнкам чарку, смажыць скварку і сядзіць. Ён ніяк на гэта не можа ўздзейнічаць. У яго толькі будзе добрая сітуацыя слухаць, як хлусяць з усіх бакоў. Тыя, хто разумнейшыя, можа быць, захоўвалі грошы ў далярах ці еўрах. Яны могуць разбагацець на 30%.

Другі момант, давядзецца скараціць сваё спажыванне. Калі я хаджу ў крамы, звяртаю ўвагу на прадукты. У нас прадаюцца агуркі з Ірана, журавіны сушаныя з ЗША і журавіны ў цукры з Расеі. Уяўляеце, у Беларусі няма сваіх, балоты скончыліся. Ашалець можна. Так што давядзецца скараціць закупку ў імпарце і набываць больш сала, бульбы, чаркі з народным напоем. Давядзецца перажыць гэты час. Галоўнае – не слухаць глупствы, якія будзе казаць хтосьці зверху.

– Ці можна пры такіх коштах на нафту афіцыйна абвяшчаць «беларускі нафтавы эмірат» закрытым?

– Яго даўно ўжо няма. Засталася толькі вясковая прагнасць. Вось ёсць два заводы. Хлопцы, якія знаходзяцца бліжэй да ўлады, на гэтых заводах зараблялі дзясяткі-сотні мільёнаў даляраў. Цяпер ім перакрываецца кісларод.

Такім хлопцам трэба заняцца зусім іншымі справамі, але для гэтага мазгоў не хапае. Яны будуць спрабаваць пышыцца, але як бы ні стараліся, свет ідзе да новай эканомікі, дзе нафты і газу будзе менш, дзе будзе больш разумных людзей, а працаваць будуць робаты і новыя тэхналогіі ў любых галінах.

Беларусь адстала. Яна валодае чарка-скваркавай свядомасцю. Вядома, для многіх людзей гэта будзе цяжка, палітыкам таксама. Будуць казаць, што ім нехта нафту не дае. Дык вось, бярыце, танная, таму што каму яна патрэбная. Уся Еўропа перапоўненая нафтай і бензінам. Каму патрэбны беларускі?

– Як нам бязбольна злезці з нафтавай іголкі?

– Ніколі нічога не бывае бязбольна, толькі калі вас пакладуць у драўляную скрыню і закруцяць яе бінтамі. Будзе балюча, трэба звальняць людзей, перавучваць і казаць ім праўду, маўляў, хлопцы, лафа скончылася. Ёсць такая беларуская гульня, халява называецца, у яе гуляюць усе, зверху да нізу. Трэба адвучаць ад гэтай гульні.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках