28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка ўжо саступіў

24
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка ўжо саступіў
Фота: Andrei Bortnikau/bortnikau.livejournal.com

У Беларусі будзе створаны Урад Нацыянальнага Выратавання.

Пазітыўныя перамены ў Беларусі звязаны з адстаўкай Лукашэнкі, мяркуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы ў інтэрв'ю Charter97.org сітуацыю, якая склалася ў краіне ў апошнія месяцы.

- Не раз даводзілася чуць заявы, што гэты год будзе, як мінімум, вельмі важным для будучыні Беларусі. На гэтым фоне з'явілася інфармацыя, што Лукашэнка можа прызначыць прэзідэнцкія выбары на 31 чэрвеня. Наколькі гэта магчыма і навошта так спешацца?

- Цяпер у Еўропе і свеце адбываецца небывалая эпідэмія каранавіруса, наступствы якой чыняць шкоду не толькі здароўю людзей, але і эканомікам многіх краін, радыкальна мяняюць паводзіны грамадзян і цэлых дзяржаў. Калі Лукашэнка пойдзе на набліжэнне даты выбараў, гэта не зразумеюць у свеце. Больш за тое, я думаю, што цяпер гэта абсалютна немагчыма. Падчас пачатку эпідэміі ў Еўропе і Беларусі гэта будзе глядзецца проста дзіка.

Напрыклад, у Польшчы, дзе прэзідэнцкая кампанія ўжо ў разгары, абмяркоўваецца магчымасць пераносу выбараў і робяцца беспрэцэдэнтныя супрацьэпідэмічныя захады. Учора дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што дзеля бяспекі адмаўляецца ад масавых сустрэч з выбарцамі.

Пры гэтым я хачу пагадзіцца з ацэнкай, што гэты год стане вызначальным у найноўшай гісторыі Беларусі.

- Вы згадалі эпідэмію каранавіруса як адзін з важных чыннікаў сусветнай і еўрапейскай палітыкі сёння. Ці адэкватныя тыя захады, якія робяць беларускія ўлады?

- У параўнанні з іншымі краінамі - той жа Польшчай і дзяржавамі ЕЗ - відаць, што беларускія ўлады неадэкватна ацэньваюць сітуацыю, якая склалася. Многія адзначаюць тое, што Лукашэнка ўчора на нарадзе з міністрамі абмяркоўваў усялякія тэмы, але гаворка зусім не ішла пра каранавірус.

Гэта азначае абсалютна неадэкватную ацэнку сітуацыі з боку дыктатара, а паколькі сістэма вертыкальная - то і ўсёй улады. Заявы міністра аховы здароўя Беларусі проста шакуюць, калі ён кажа, што «мы не чакаем цяжкіх выпадкаў каранавіруса», што ў нас нейкая «асаблівая медыцына». Яна «асаблівая» ў сілу сваёй адсталасці у параўнанні з іншымі краінамі.

Кіраўніцтва краін ЕЗ знаходзіцца ў шчыльным кантакце, яны абмяркоўваюць паміж сабой спосабы барацьбы з эпідэміяй. Міністры аховы здароўя і вядучыя лекары гэтых краін знаходзяцца ў пастаянным кантакце і робяць беспрэцэдэнтныя захады.

Варшаўскі медыцынскі ўніверсітэт прыпыняе сваю вучобу да пачатку траўня. А ў нас у БНТУ, дзе былі зафіксаваныя выпадкі захворвання каранавірусам, датэрмінова спынілі каранцін. Гэтая неадэкватнасць Лукашэнкі і, адпаведна, неадэкватнасць сістэмы аховы здароўя і ўсёй дзяржаўнай сістэмы можа дорага каштаваць беларусам.

У многіх краінах сітуацыя з каранавірусам абмяркоўваецца на ўзроўні Радаў нацыянальнай бяспекі з удзелам міністэрстваў аховы здароўя, міністэрстваў абароны, спецслужбаў і гэтак далей. На гэтым фоне тое, што адбываецца ў Беларусі, гэты так званы «крызісны мэнэджмэнт», проста дзівіць.

- 9 сакавіка кошт нафты ўпаў на 31%, як у 1991 годзе, пасля «Буры ў пустыні» і перад раскіданні СССР. Як вы ацэньваеце цяпер становішча дзвюх хаўрусных дыктатур - расейскай і беларускай?

- Дыктатуры знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі. Ёсць такі прынцып: маленькія дыктатуры існуюць да таго часу, пакуль існуюць вялікія ці пакуль вялікія дыктатуры ў стане іх падтрымаць. Сітуацыя з эпідэміяй каранавіруса - гэта адзін вельмі сур'ёзны чыннік, які ўдарыць і ўжо ударыў па сусветнай эканоміцы. Сусветнае падзенне кошту нафты - гэта другі чыннік. Натуральна, кошты крыху адыграюць, але ўсё адно яны ўжо не будуць такімі высокімі ў гэтым годзе. Гэта ўжо азначае сур'ёзныя страты для беларускага экспарту (які знізіўся за першыя 2 месяцы мінімум на 40%), асноўнай часткай якога з'яўляюцца нафтапрадукты з расейскай нафты. Вядома ж, гэта ударыць па даходах і паступленнях валюты ў краіну.

Трэці чыннік - гэта тое, што ў нас цяпер нават расейскай нафты няма і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы працуюць на адну трэць сваіх магутнасцяў.

Чацвёрты чыннік - гэта неадэкватнасць беларускага дыктатара і, адпаведна, усяго беларускага кіраўніцтва.

Па Расеі падзенне кошту нафты, вядома ж, ударыць, але я не з'яўляюся спецыялістам ў расейскай эканоміцы. Цяжка меркаваць, якая цяпер сітуацыя ў Расеі: у іх значна вышэйшыя прыбыткі ад паступлення нафты, ёсць значныя фонды ад продажу, створаныя па патрабаванню такіх разумных людзей, як Аляксей Кудрын, у тыя гады, калі кошт нафты быў высокі. Гэта значыць, падушка бяспекі ў РФ існуе, аднак ратаваць шклоўскага блазна ўсялякімі спосабамі Расея не стане.

Для нашай краіны ўсё гэтыя чыннікі абсалютна паўтараюць, а можа нават і пераўзыходзяць тое, што было ў момант распаду СССР - гэта відавочна, і Беларусь цяпер знаходзіцца на парозе радыкальных перамен. Прычым, акрамя стомленасці людзей ад Лукашэнкі і нізкага ўзроўню жыцця беларусаў, гэта абумоўлена і тымі некалькімі эканамічнымі ўдарамі, якія краіна атрымала ў апошнія месяцы.

- Ці ёсць у Беларусі сілы, гатовыя скарыстацца ўнікальнай сітуацыяй, каб рэальна пазмагацца за ўладу?

- Неабходнасць змены ўлады ў Беларусі пераспела і стаіць вельмі востра - гэта факт. Людзей, гатовых кіраваць краінай, дастаткова, і я думаю, што, калі адкінуць непасрэдныя дзеянні пераходнага перыяду - то ў выніку з'явіцца нейкі Урад Нацыянальнага Выратавання, куды ўвойдуць як прадстаўнікі апазіцыі, так і разважныя прадстаўнікі ўлады. Думаю, што сваю ролю ў гэтым адыграе і беларускае войска, у якім зараз дастаткова патрыётаў і адказных людзей, якія правільна ацэньваюць сітуацыю ў краіне. У пераходны перыяд войска стане стабілізацыйным чыннікам: пасля таго, як Лукашэнка пакіне сваю пасаду і да перыяду свабодных выбараў сілавыя структуры павінны будуць забяспечыць стабільнасць у краіне і забяспечыць свабодны выбар беларусаў.

Нягледзячы на вельмі складаную сітуацыю ва Украіне, у выніку менавіта людзі ў форме змаглі не толькі абараніць незалежнасць краіны, але і забяспечыць стабільнасць у перыяд правядзення дэмакратычных і эканамічных рэформаў.

Першапачаткова ў нас палітычную барацьбу, безумоўна, будуць весці дэмакратычныя сілы Беларусі і беларуская апазіцыя. А пасля, відаць, будзе ўжо дзейнічаць шырокі Урад Нацыянальнага Выратавання.

- Вы сказалі: «Пасля таго, як Лукашэнка пакіне сваю пасаду». Як і калі гэта можа адбыцца?

- Так ці інакш гэты працэс будзе звязаны з выбарамі - Лукашэнку ад гэтага не сысці. Ужо відаць, што ён саступіў і няздольны развязваць тыя вострыя праблемы, якія ён сам і стварыў за час свайго кіравання, а таксама тыя праблемы, якія з'явіліся ў апошнія месяцы - і яны таксама звязаныя з яго няўдалай дзейнасцю ў якасці кіраўніка.

Мы ведаем, што блізу 90% беларусаў Лукашэнка ненавідзяць, і толькі блізу 10% падтрымліваюць. Сфальсіфікаваць выбары, калі 90% людзей супраць цябе, проста немагчыма. Нельга будзе паўтарыць тое, што было раней, калі Лукашэнку трэба было фальсіфікаваць на прэзідэнцкіх выбарах 30-40% у значна лепшай эканамічнай сітуацыі. Цяпер трэба фальсіфікаваць ужо 90% - ва ўмовах падзення эканомікі і ўзніклых пытанняў, якія трэба разглядаць хутка і эфектыўна. У гэтых умовах Лукашэнка не зможа ўжо кіраваць краінай. Гэта ясна сёння не толькі для апазіцыі і простых людзей - гэта зразумела ўжо і для чыноўнікаў і кіроўнага клана. Лукашэнка больш не з'яўляецца гарантам іх бязбеднага існавання.

- Як вы ацэньваеце кампанію праймерыз адзінага кандыдата ад часткі апазіцыі, якая праходзіць у Беларусі?

- Я ацэньваю вельмі скептычна, бо назваць «праймерыз» гэтыя мерапрыемствы ніяк нельга. У свой час я двойчы знаходзіўся ў ЗША падчас сапраўдных праймерыз і магу сказаць, што партыйную вандроўную суполку называць праймерыз проста нельга.

Праймерыз характэрныя ў першую чаргу для ЗША, дзе кожны чалавек пры атрыманні дакументаў запісвае, хто ён - рэспубліканец, дэмакрат ці хтосьці іншы. У Амерыцы гэтая сістэма распрацаваная, каб на кожным узроўні ад кожнай партыі была магчымасць выбраць найлепшых прадстаўнікоў. Гэтым займаецца дзяржава, у праймерыз удзельнічаюць мільёны людзей. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі - гэта нешта зусім іншае.

Другі момант: там ёсць адзін чалавек, які заслугоўвае павагі і мог бы стаць у сённяшняй сітуацыі лідарам, прынамсі, пратэстаў. Гэта - Павел Севярынец. Што ён робіць у гэтым мерапрыемстве - абсалютна незразумела. Прынамсі, нават у сувязі з эпідэміяй каранавіруса, ужо ясна, што гэту справу трэба як мага хутчэй спыняць. Калі ў партыях, якія арганізавалі гэтае мерапрыемства, ёсць прыстойныя людзі (а я ўпэўнены, што яны там ёсць), яны павінны яго спыніць як мага хутчэй, таму што падчас эпідэміі каранавіруса так ездзіць па краіне проста не выпадае. Тут ужо гаворка будзе ісці аб іх адэкватнасці.

На месяц, прынамсі, усе краіны ўводзяць супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы каранціннага характару. І ў дэмакратычных палітыкаў акурат з'явілася цяпер магчымасць зафіксаваць, што ёсць лідар - Павел Севярынец, дапамагчы яму сфармаваць штаб, бо няма сёння штаба ў магчымага лідара гэтай групы, і падрыхтавацца да таго, як выкарыстоўваць афіцыйную выбарчую кампанію, а таксама прыгатавацца да магчымых пратэстаў насельніцтва супраць існай улады.

Думаю, што гэты штаб вакол Паўла Севярынца будзе створаны, але туды павінны ўвайсці людзі, якія безумоўна вераць у перамогу, якія мяркуюць, што вулічныя пратэсты - вельмі імаверны элемент змены ўлады ў Беларусі, людзі, якія гатовыя працаваць на змяненне сітуацыі, на выратаванне Беларусі 24 гадзіны на дзень, а свае дробныя амбіцыі адсунуць у бок, прынамсі, да правядзення свабодных выбараў у Беларусі.

- Акрамя эпідэміі каранавіруса і выбараў - што яшчэ вызначыць лёс нашай краіны найбліжэйшым часам?

- Самае галоўнае - гэта палітычная воля лідараў дэмакратычных сіл да гэтых змяненняў. А таксама - наяўнасць стратэгіі або плана, у якім месца б знайшлося ўсім. Таму што сітуацыя такая, што нават у гэтых фармальных выбарах не могуць удзельнічаць многія лідары.

І калі мы гаворым пра так званыя «праймерыз», то давайце скажам, ці можна людзей, якія там удзельнічаюць, параўнаць з людзьмі, якія з розных прычынах не могуць удзельнічаць у выбарах - з Андрэем Саннікавым, з Мікалаем Статкевічам, з Генадзем Фядынічам, з Уладзімірам Някляевым? Ці супастаўныя асобы, якія ўдзельнічаюць у «праймерыз» з тымі, каго я назваў?

Не выпадае казаць, што там адбудзецца «аб'яднанне ўсёй апазіцыі», пра які пішуць так званыя незалежныя СМІ. У рэальным аб'яднанні апазіцыі павінна знайсціся месцам усім, хто ставіць мэтай змену ўлады ў 2020 годзе. І я як каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» скажу: мы вядзём перамовы з усімі разважнымі сіламі, мы ўдзельнічаем у распрацоўцы такой стратэгіі і гатовыя дзейнічаць узгоднена з такімі лідарамі і адказнымі палітычнымі сіламі.

На коне стаіць вельмі многае, а менавіта - лёс нашай краіны. Пазітыўныя перамены ў Беларусі могуць адбыцца толькі пасля адстаўкі Лукашэнкі. Гэта наша мэта найбліжэйшых месяцаў. І мы бачым, што ў краіне даволі шмат людзей, гатовых браць на сябе адказнасць і выкладвацца цалкам у гэты ключавы і драматычны момант нашай гісторыі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках