3 красавiка 2020, Пятніца, 3:36
Народны карантын
Рубрыкі

Беларусь за мяжой: каго з нашых землякоў шануюць замежнікі?

2
Беларусь за мяжой: каго з нашых землякоў шануюць замежнікі?
ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА

Помнікі беларусам стаяць у многіх краінах свету.

«АІФ»наважыў узгадаць, якія помнікі вялікім беларусам знаходзяцца за мяжой. І гэта далёка не поўны спіс.

 

Францішак Скарына

Жыццё Скарыны было поўнае падарожжаў. Беларускі гуманіст - сапраўдны чалавек Еўропы. Памятныя дошкі ў гонар полацкага асветніка і першадрукара ўсталяваныя ў Падуі, Лондане, Вільні...

Асаблівым горадам на творчым шляху Скарыны стала Прага. Тут ён выдаў першую друкаваную беларускую кнігу «Псалтыр». Перад гэтым Францішак перавёў Біблію на зразумелую народу мову, а за аснову ўзяў арыгінальны church slavic з прымешкай беларускай, польскай і чэшскай моў.

У Празе помнік першадрукару ўзвялі ў 1996 годзе ў раёне Градчаны. Вышыня манумента - больш за два з паловай метры. Побач стаіць валун, які прывезлі з Беларусі.

Таксама ў Празе ёсць мемарыяльная дошка, прысвечаная Скарыну. Яна знаходзіцца ў двары самай старой бібліятэкі Клеменцінум. Тэкст на беларускай і чэшскай мовах абвяшчае: «У 1517-1519 гадах у Старым Месцы выдатны беларускі навуковец Францішак Скарына надрукаваў сваю першую Біблію на беларускай мове». Дарэчы, у гэтым месцы Васіль Быкаў даў сваё апошняе інтэрв'ю.

Янка Купала

Ці мае патрэбу ў прадстаўленні Янка Купала? У гонар вядомага беларускага паэта, драматурга і лаўрэата прэстыжных літаратурных прэмій названыя вуліцы, скверы, тэатры і бібліятэкі.

Творы Купалы перакладзеныя на многія замежныя мовы і вядомыя далёка за межамі Беларусі. Памятныя знакі ў гонар беларускага паэта ёсць у Славаччыне, у польскім Гданьску, на будынку Смаленскага ўніверсітэта, у Рызе...і нават у ЗША.

Амерыканскі помнік з'явіўся ў 1970-х гадах у маленькім мястэчку Манро ў штаце Нью-Ёрк. Бюсты «чатыром несмяротным паэтам» наважылі ўсталяваць славянскія эмігранты. «Чацвёрка» ўключае расейскага паэта Аляксандра Пушкіна, украінскага Тараса Шаўчэнку, беларускага Янку Купалу і амерыканскага Уолта Уітмэна.

Усталяванне помнікаў - сімвалічны жэст яднання чатырох народаў.

Ян Скрыган

У цэнтры эстонскага гарадка Ківіылі стаіць мемарыяльны знак у гонар беларускага пісьменніка Яна Скрыгана. Гэта адзіны ў Эстоніі помнік беларускаму культурнаму дзеячу.

Ян Скрыган - «маладняковец», адзін з першых беларускіх футурыстаў. У 1936 годзе быў абвінавачаны ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці», незаконна рэпрэсаваны і высланы ў Сібір.

У 1946-м годзе пісьменніка вызвалілі, але на пяць гадоў пазбавілі права жыць у Беларусі. У Эстонію ён перабраўся да сябра сулагерніку - у горад Ківіылі. Там уладкаваўся працаваць на сланцавахімічны камбінат. Добрасумленны Ян Скрыган не адразу, але здолеў навесці парадак на вытворчасці, і яго прызначылі галоўным бухгалтарам.

Але ў 1948-м ён быў паўторна арыштаваны і зноў адпраўлены ў сібірскую спасылку. Толькі ў 1955 годзе пісьменніка рэабілітавалі, і ён вярнуўся ў Беларусь. Скрыган займаўся літаратурнай дзейнасцю да самай смерці. Помнік у Эстоніі ўсталявалі ў 1998 годзе на ініцыятыву Іда-Вірускага Таварыства беларускай культуры пры падтрымцы Міністэрстваў культуры Эстоніі і Беларусі.

Тадэвуш Касцюшка

Ураджэнец беларускага хутара Мерачоўшчына ў Берасцейскай вобласці Тадэвуш Касцюшка ўважаецца за нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы. Яму прысвечаныя шэсць бронзавых статуй у гарадах Амерыкі: Вашынгтоне, Бостане, Чыкага, Філадэльфіі, Уэст-Поінце і Сэнт-Пітэрсбергу.

Касцюшка вызначыўся на вайсковай службе: ён змагаўся за незалежнасць ЗША і даслужыўся да звання генерала. Дзякуючы шматлікім заслугам ён стаў нацыянальным героем Амерыкі. У штаце Місісіпі ягоным імем названы горад.

Цікавы факт: усе помнікі Касцюшкі ў Амерыцы пастаўленыя на ініцыятыву і на сродкі імігрантаў з Польшчы. Некаторыя статуі нават створаныя польскімі скульптарамі. Палякі ўважаюць Касцюшку за свайго нацыянальнага героя, бо ў 1794 годзе ён узначаліў паўстанне за незалежнасць Рэчы Паспалітай ад расейскай акупацыі.

У Польшчы помнікі Тадэвушу з'явіліся ў 1920-30-х гадах у Кракаве, Лодзі і Познані. Падчас вайны іх знішчылі нацысты, але ў 60-х палякі ўсё аднавілі. У Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку ёсць на малой радзіме, у Мерачоўшчыне.

Ігнат Дамейка

Адна з самых паважаных гістарычных асоб Чылі - Ігнат Дамейка, родам з Гарадзенская вобласці. Ён вывучыўся ў Парыжы на мінералаведа і горнага інжынера, а затым паехаў у Чылі працаваць навукоўцам. Дамейка чытаў лекцыі на гішпанскай, стварыў школу падрыхтоўкі спецыялістаў, арганізаваў лабараторыю.

З часам стаў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і рэфармаваў усю сістэму адукацыі. Арганізаваў метэаралагічную службу ў Сант'яга-дэ-Чылі. Прадаўжаў займацца мінералагічнымі даследаваннямі, вывучаў выяўлены ў пустыні Атакама метэарыт, даследаваў абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі.

Адкрыў у Чылі радовішчы карысных выкапняў і арганізаваў іх здабычу. А таксама адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў у Сант'яга водаправод і развязаў праблему водазабеспячэння сталіцы. Беларусу прысудзілі званне нацыянальнага героя Чылі і ўсталявалі ў ягоны гонар помнік з подпісам «Вялікі асветнік».

Ягонае імя носяць горны хрыбет Кардыльера-Дамейка ў Андах, Чылійскі горад, порт Пуэрта-Дамейка, а таксама мінерал дамейкіт, малюск наўтылус дамейкус, фіялка дамейкіяна і нават дыназаўр дамейказаўр.