25 красавiка 2024, Чацвер, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі гэты рэжым пра людзей клапаціўся?»

111
«Калі гэты рэжым пра людзей клапаціўся?»
ФОТА: ISTOCK.COM

Чаму ў Беларусі не ўводзіцца карантын праз каранавірус.

У Беларусі ўжо афіцыйна пацверджаныя 12 выпадкаў каранавірусу. Пры гэтым беларускія ўлады, у адрозненне ад суседніх краінаў, не ўводзяць карантын ва ўстановах адукацыі і месцах масавага збору людзей. А паведамленні Міністэрства аховы здароўя пра новых хворых з'яўляюцца ўжо пасля інфармацыі на рэгіянальных сайтах.

Стала вядома таксама пра негалосную забарону і крымінальную адказнасць для кіраўнікоў медыцынскіх установаў за распаўсюд інфармацыі пра захворванні на каранавірус.

Да чаго можа прывесці такая палітыка ўладаў? На пытанні Charter97.org адказвае актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк.

– Як Вы ацэньваеце дзеянні ўладаў перад абліччам эпідэміі каранавірусу?

– Як іх можна ацэньваць, калі яны ўнікаюць адказнасці, як і ва ўсім: як і з сітуацыяй з нафтай, як і з усім астатнім. «Ану пранясе». Я думаю, яны маюць і свае планы на гэты каранавірус, што можна будзе маніпуляваць з датай прэзідэнцкіх «выбараў». Мне здаецца, можа, яны нават чакаюць гэтай эпідэміі і спецыяльна не ўжываюць захады, як у іншых краінах, дзе абмяжоўваюць заняткі ў школах. Потым Лукашэнка зможа сказаць: маўляў, вось у нас такая сітуацыя ў школах, давайце «выбары» перанясем на год ці паўгода праз каранавірус. А там – паводле прынцыпу: асёл здохне, ці шах памрэ, ці нафта падаражэе, ці Пуцін стане дабрэйшы да яго. Вось такі, думаю, няхітры калгасны разлік.

– Беларускае Міністэрства аховы здароўя, у адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, некалькі дзён не абнаўляе звесткі пра тых, хто захварэў у Беларусі. Як Вы думаеце, калі эпідэмія прыме пагрозлівыя маштабы, ці будуць улады хаваць гэта ад насельніцтва?

– Вядома, яны будуць у любым выпадку гэта хаваць да таго часу, пакуль гэта проста вонкі ўсё не вылезе, як малако, якое ўцякае з рондаля. Яны будуць маўчаць да апошняга, робячы выгляд, што «ўсё пад кантролем» і «нічога не здарылася».

– Італьянскія лякарні адкрыта кажуць пра тое, што ім не хапае прэпаратаў. Як Вы думаеце – якая забяспечанасць сучаснай тэхнікай у абласных і раённых беларускіх лякарнях?

– Беларускія лякарні, не толькі раённыя, але і гарадскія, на некалькі дзесяцігоддзяў адстаюць у часе нават ад італьянскіх лякарняў, таму казаць, што тут ёсць нейкія сучасныя апараты, нельга. У нас у Берасці, напрыклад, няма нармальнага апарата МРТ, толькі за вялікія грошы можна пайсці некуды ў прыватныя клінікі. Там за вялікія грошы можна скарыстацца паслугамі сучасных апаратаў. У нас вельмі слабыя дзяржаўныя паслугі аховы здароўя. Мае дзеці цяпер хварэлі – дык немагчыма пайсці нават элементарна даведку ўзяць, таму што людзі сядзяць у чарзе тры-чатыры гадзіны, каб патрапіць толькі па даведку. Пра якія сучасныя метады можна казаць? Гэтага проста няма.

– Ці даступныя цяпер у крамах і аптэках супрацьэпідэмічныя сродкі? Ці можна свабодна набыць медыцынскія маскі або антысептыкі?

– Не, наконт масак, мае знаёмыя хацелі набыць, іх ужо няма. Думаю, людзі будуць выкарыстоўваць народныя сродкі, не сучасныя антысептычныя, некаторыя будуць «дэзынфекавацца» знутры.

– Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заявіў: «Здаровыя дзеці павінны вучыцца». Чаму ўлады не ўводзяць карантын у школах?

– Тут некалькі прычынаў. Па-першае, гэта саўковая ўпартасць да апошняга «ўсё гарыць, усё тоне, а ў нас усё добра, нічога не здарылася». Думаю, карантын не ўводзіцца таму, што ёсць указанне зверху гэтага не ўводзіць, а чакаць эпідэміі, калі ўсё пачне сыпацца. Толькі тады можна будзе ўжо і карантыны ўводзіць, і рабіць усё, што хочуць. Гэта, вядома ж, злачынства.

Тут і так ужо мала хто працуе, збольшага толькі бюджэтнікі, гэта адзіная катэгорыя людзей, якая больш менш рэгулярна ходзіць на працу. Вядома, гэта створыць дадатковыя цяжкасці для бацькоў, бо трэба будзе сядзець з дзецьмі дома. Але наўрад ці гэта моцна паўплывае на сітуацыю. Дзеці ўсё роўна не будуць заставацца дома кругласутачна.

І мерапрыемствы ўлады не будуць скасоўваць на фоне той ідэалогіі, што яны «з усім спраўляюцца», што «ўсё пад кантролем». Яны настолькі «правільныя», што нават каранавірус іх не бярэ. Такая ў іх парадыгма ў галаве. Натуральна, для сябе яны ўжо ўсё падрыхтавалі: і сучаснае абсталяванне, і найноўшыя сродкі лекавання. Калі гэты акупацыйны рэжым пра народ клапаціўся? Падчас нейкіх аварый або стыхійных бедстваў? Усё робіцца для птушачкі і рапарту кіраўніцтву.

– Ці дастаткова абароненыя перад магчымай эпідэміяй пажылыя людзі ў Беларусі?

– Пра пажылых людзей тут увогуле не выпадае казаць, што яны неяк абаронены ад эпідэміі. Яны ў нас увогуле ні ад чаго не абароненыя, нават ад нармальнага жыцця, прапрацаваўшы 30–40 гадоў. Дык гэта рэжыму наадварот выгадна: пенсіі не трэба плаціць, калі стане менш пажылых людзей.

– Ці хопіць у беларускіх уладаў мужнасці адкрыта прызнаць свае памылкі, калі яны не змогуць справіцца з эпідэміяй і сітуацыя выйдзе з-пад іх кантролю?

– З аднаго боку, я мяркую, што яны да апошняга не будуць прызнаваць. Толькі ўжо пралічыўшы выгадныя для сябе крокі, яны не назавуць гэта памылкам, а зробяць як з коштамі на бензін, маўляў, «яны не растуць, яны змяняюцца». Гэтак жа і тут прыдумаюць нейкую «формулу» наконт эпідэміі.

– Што б Вы параілі рабіць суайчыннікам-беларусам, каб абараніць сябе і свае сем'і?

– Тое, што і ў іншых краінах, дзе ўлады спецыяльна для людзей распрацоўваюць алгарытм дзеянняў. Гэта гігіена, здаровы лад жыцця. Нічога звышскладанага няма. Не хадзіць у месцы масавых збораў людзей пры магчымасці.

Мы самі мала куды ходзім, рукі мыем, стараемся дзяцей нікуды не вадзіць, менш ездзіць на грамадскім транспарце. Што яшчэ магчыма ў нашай сітуацыі?

Напісаць каментар 111

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках