20 красавiка 2024, Субота, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выратаваць жыцці людзей!

127
Выратаваць жыцці людзей!
АРХІЎНАЕ ФОТА TUT.BY

Пытанні і патрабаванні да беларускага ўраду.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч звярнуўся да беларускіх уладаў:

- Увесь свет устрывожаны пандэміяй каранавіруса. Сярод тых, хто захварэў смяротнасць у старэйшых узроставых групах дасягае 30-45%. Праз адсутнасць вакцыны і эфектыўных лекаў Сусветная арганізацыя здароўя ўважае захады каранціннага характару асноўным сродкам для барацьбы з пандэміяй.

Суседнія з намі дэмакратычныя краіны паўсюдна ўводзяць каранціны - абмяжоўваюць міжнароднае злучэнне, закрываюць культурныя ўстановы, універсітэты, школы, дзіцячыя садкі. Забараняюцца масавыя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы праходзяць без гледачоў.

Паводзіны беларускіх уладаў шакавальна кантрастуюць з гэтымі мерамі. Як калісьці абяцаў «тыпу-прэзідэнт», за цывілізаваным светам мы не ідзём.

Міжнароднае злучэнне не абмяжоўваецца, а на ўсходняй мяжы няма нават сімвалічнага супрацьэпідэміялагічнага кантролю. Праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы з удзелам гледачоў. Установы адукацыі, нават БНТУ, дзе былі хворыя на каранавірус, прадаўжаюць працаваць.

Так, моладзь і асабліва дзеці, на шчасце, лёгка пераносяць заражэнне. Могуць нават не заўважыць яго. Але яны прыносяць каранавірус у свае сем'і.

Няўжо гэта незразумела нашым чыноўнікам? Чаму паводзіны нашых уладаў у дачыненні да пандэміі такія абыякавыя? Ці ў нас выведзена асаблівая парода людзей, устойлівая да вірусных захворванняў? Але мы ж памятаем, наколькі падчас эпідэміі свінога грыпу вырасла смяротнасць ад «звычайнай» пнеўманіі. Пры афіцыйным статыстычным дабрабыце.

Вось і цяпер нам кажуць, што захварэла толькі крыху больш за дзясятак чалавек. Але дазвольце спытаць, а цяпер вы кажаце праўду? І якой колькасці чалавек былі зробленыя аналізы на каранавірус? Сотням тысяч, як у Італіі? Тысячам? Ці сотням?

Мы ўжо чулі, што ўлады папярэдзілі кіраўнікоў медыцынскіх устаноў аб крымінальнай адказнасці за распаўсюд інфармацыі пра захворванне каранавірусам, «каб не сеяць паніку і не дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне».

Дык што, вы жадаеце ператварыць Беларусь у палігон для выпрабавання віруса ў натуральных умовах - пры мінімальнай прафілактыцы і адсутнасці лячэння?

Вам напляваць на народ. Вы звыклі нам хлусіць, хаваць сапраўдныя маштабы праблем. Бо вам ёсць з каго браць прыклад, калі дзесяцігоддзі ва ўладзе ў краіне паталагічны хлус. Але ж праз вашу хлусню праблемы становяцца яшчэ больш сур'ёзнымі.

Патрабую неадкладнага адказу на мае пытанні. Яны тычацца кожнага з жыхароў нашай краіны. Патрабую ва ўмовах небяспекі для кожнай беларускай сям'і не наганяць нам сакрэтнага туману, а прыняць шырокія каранцінныя і іншыя арганізацыйныя захады для выратавання людзей. Не маніце народу, які вас ўтрымлівае.

Таксама хачу нагадаць вам пра Крымінальны кодэкс. Там ёсць адпаведны артыкул і на гэты выпадак. Азнаёмцеся. Магчыма неўзабаве спатрэбіцца. Бо ваш галоўны ужо блізка да выхаду.

Напісаць каментар 127

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках