29 сакавiка 2020, Нядзеля, 8:31
Народны карантын
Рубрыкі

Дзве тысячы дваццаць. Прыйшоў год свабоды

7
Дзве тысячы дваццаць. Прыйшоў год свабоды

Новы верш Алеся Круткіна, напісаны на «сутках».

Відэаблогер і актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Алесь Круткін правёў за кратамі 45 сутак і напісаў шэраг вершаў, некаторыя з якіх пачынае публікаваць прэс-служба кампаніі. Першы з іх мае назву "Рэвалюцыя, смеласць, каханне":

Апошняя зімняя вайна без сняжынак,

Закратаванае вакно глядзіць у Еўропу.

Запляці ў свае косы шыпшыну,

А я чорную скуранку апрану замест робы.

Быў Гары Потэрам - стаў камісарам,

А мятлу на касу замяню для люстрацыі.

Ваеннапалонныя ў гэтай сансары

І зоркі ў добрай цяпер канстэляцыі.

Ты мая Жанна Д'Арк, Эмілія Плятэр і Крупская,

Мы з табою ў адным растрэльным спіску.

Не ўратуе Пампео, ні былы нас мэр Слупску,

Але хутка мы выйдзем на Плошчу ў Мінску!

Паслухай мяне: ужо хутка, так хутка,

Лукашысцкую хунту на лесапавалы.

Прашапчы ў пісьме мне пяшчотна на сутках:

У апошняй зіме канібалаў.

Вясна надыходзіць, пярсцёнак у Фрода,

А нашыя сэрцы Купальскім рубінам.

Дзве тысячы дваццаць. Прыйшоў год свабоды,

Белакрылым ляціць херувімам.

Запляці ў свае косы чырвоную ружу,

Абвянчала нас сёння паўстанне.

Весялушка, на вушка скажы мне ў сцюжу:

Рэвалюцыя, смеласць, каханне.