16 красавiка 2024, aўторак, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сышоў з IT, каб займацца старымі аўто»

17
«Сышоў з IT, каб займацца старымі аўто»
ФОТА: ABW.BY

Як беларус стварыў з хобі прыбытковы бізнэс.

Рэстаўрацыйная майстэрня "Захавальнікі гісторыі" працуе на рынку блізу 8 гадоў, хоць усё пачыналася з хобі. Рэстаўратар са стажам распавёў, як хобі перарасло ў бізнэс, а таксама чым рэстаўрацыя адрозніваецца ад звычайнага рамонту, піша abw.by.

"Усё пачалося з "Запарожца"

Як прызнаецца Сяргей, цяга да паляпшэння і аднаўлення ў яго з'явілася яшчэ ў дзяцінстве.

Першым аўтамабілем, які ён стаў паляпшаць, быў ЗАЗ-968 "Запарожац" 1994 года выпуску. Гэты аўтамабіль трапіў у сям'ю новым, а калі ў 1998 годзе наш герой атрымаў пасведчанне кіроўцы, чатырохгадовы ЗАЗ стаў ягоным першым аўто. На ім Сяргей ездзіў аж да пачатку 2000-х.

Першым жа цалкам адноўленым аўтамабілем быў ВАЗ-2111. "Гэта, вядома, быў яшчэ не рэтратранспарт, але згніў ён так, быццам гэта было самае сапраўднае рэтра", - узгадвае Сяргей.

ФОТА: ABW.BY

У выніку ў 2013 годзе маладзён сышоў з IT і стаў займацца тым, што даўно хацеў паспрабаваць.

У тым жа годзе наш герой завёў YouTube-канал "Захавальнікі гісторыі", на якім цяпер блізу 20 тысяч падпісчыкаў.

Вучыўся Сяргей таксама дзякуючы YouTube: глядзеў навучальныя ролікі, трэніраваўся на сваёй тэхніцы. Цяпер карысныя відэа можна глядзець ужо на канале "Захавальнікаў".

"Канал ствараўся для выканання адразу некалькіх функцый. Гэта і варонка продажаў, тут навучальныя ролікі і іншая карысная інфармацыя для ўладальнікаў рэтратранспарту. Зноў жа заказчык такім чынам можа сачыць за працэсам".

ФОТА: ABW.BY

Са слоў Сяргея, ужо з 2014 года яму стала зразумела, што ёсць пэўны попыт на такія працы.

Беларусы і бізнэс, расейцы і душа

Нягледзячы на тое, што майстэрня знаходзіцца ў Гародні, асноўная частка кліентаў - расейцы.

"Мясцовыя складаюць блізу 10-15 адсоткаў. Прычым беларусы ў асноўным разглядаюць рэтрааўтамабілі як інвестыцыі ў бізнэс. Як, напрыклад, перасовачная кавярня на базе "Баркаса". Расейцы ж могуць сабе дазволіць аднавіць аўтамабіль для душы".

ФОТА: ABW.BY

Хоць, са слоў Сяргея, інвестыцыі ў рэтра ў кожным выпадку з'яўляюцца выгадным фундаваннем, бо гэтыя аўтамабілі ўжо не таннеюць, а, наадварот, штогод дадаюць у кошце. Да таго ж рэтра - гэта вельмі добры маркетынгавы ход, які прыцягвае ўвагу.

ФОТА: ABW.BY

"Адзінае, што наўрад ці калі-небудзь каштавацьме вельмі дорага, - аўто, якія выпускаліся вялікім накладам, як, напрыклад, ГАЗ-21. Хоць гэты ж аўтамабіль у кузаве ўніверсал ўважаецца за больш каштоўны экземпляр".

ФОТА: ABW.BY

Да 2018 года маладзён працаваў адзін, цяпер у ягонай камандзе пяць чалавек.

"Калі рэстаўраваць аўтамабіль удваіх і рыхтаваць яго "пад ключ" , то на аднаўленне сыходзіць блізу года. Кошт такіх работ складае ад 10 000-20 000 даляраў і вышэй у залежнасці ад самога аўто і яго першапачатковага стану. За гэтую суму заказчык атрымлівае цалкам адноўлены аўтамабіль", - распавядае Сяргей.

ФОТА: ABW.BY
ФОТА: ABW.BY

Адзінае, чым не займаюцца "Захавальнікі гісторыі", - гэта перацяжка салонаў.

Дарэчы, па кансультацыю да нашага героя паступова сталі звяртацца людзі з розных краін Еўропы.

ФОТА: ABW.BY

У 10 раз даўжэй за звычайны рамонт

"Цяпер ужо ёсць чэргі на рэстаўрацыю, але прыём заказаў на гэты момант прыпынены, бо больш сыходзіць у сферу электрыфікацыі транспарту, у тым ліку і рэтра. Пакуль прымаем заказы на аднаўленне з наступнай электрыфікацыяй. У нас ужо ёсць аўтамабіль, які чакае сваёй чаргі", - кажа Сяргей.

ФОТА: ABW.BY
ФОТА: ABW.BY

З ягоных слоў, рэстаўрацыя ад звычайнага рамонту ў першую чаргу адрозніваецца аб'ёмам працы і змарнаванымі чалавека-гадзінамі. На рэстаўрацыю сыходзіць дзесьці ў 10 разоў больш часу, чым на звычайны рамонт. "Павінна выконвацца тэхналогія, а каб яна выконвалася, патрэбныя адпаведныя працавыдаткі. Кузаўны рамонт накіраваны на стварэнне прыгожай паверхні ненадоўга, а рэстаўрацыйны рамонт - на 10-20 гадоў у залежнасці ад метадаў эксплуатацыі транспартнага сродку".

ФОТА: ABW.BY
ФОТА: ABW.BY

Калі рэтратэхніка ўвесь час будзе стаяць у цёплым і сухім гаражы, то тут можа хапіць і звычайнага кузаўнога рамонту, але калі ёй трэба будзе перыядычна эксплуатавацца і выязджаць на вуліцу, патрэбен зусім іншы падыход, інакш кузаўнога рамонту выстарчыць на пару гадоў.

ФОТА: ABW.BY

Сяргей адзначае, што для паспяховага аднаўлення рэтратэхнікі ўжываецца ўсё больш сучасных тэхналогій. Напрыклад, некаторыя дэталі ствараюцца з дапамогай 3D-друкаркі. "Мы друкавалі шасцярню, якая паводле характарыстык вельмі блізкая да металу. Тэхналогіі ўжо правераныя на практыцы".

ФОТА: ABW.BY
ФОТА: ABW.BY

"У Беларусі рэстаўрацыйная майстэрня з выразна арганізаванай працай можа быць выгадным бізнэсам", - мяркуе наш герой. Пры гэтым ён адзначае, што зрабіць талковую рэстаўрацыйную майстэрню даволі складана. На ягоную думку, у Беларусі такіх усяго блізу пяці.

ФОТА: ABW.BY

Цяпер "Захавальнікі гісторыі", са слоў Сяргея, усё яшчэ знаходзяцца на шляху да таго, каб стаць майстэрняй поўнага цыкла.

ФОТА: ABW.BY
Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках