20 красавiка 2024, Субота, 7:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20 гадоў таму ў Менску прайшоў «Марш Свабоды 2»

3
20 гадоў таму ў Менску прайшоў «Марш Свабоды 2»

Ён стаў адной з самых масавых дэманстрацый, праведзеных беларускай апазіцыяй.

20 гадоў таму ў Менску прайшоў масавы «Марш Свабоды 2», піша тэлеграм-канал «Баста».

Падрыхтоўка да акцыі праходзіла ў складаных умовах. Яшчэ свежыя былі ўспаміны пра першы «Маршы Свабоды», які скончыўся жорсткім разгонам і сутыкненнямі дэманстрантаў з АМАПам, і ўнутранымі войскамі. Гэты фон улады максімальна выкарыстоўвалі, імкнучыся сарваць акцыю або, прынамсі, максімальна знізіць колькасць яе ўдзельнікаў.

Практычна кожны дзень міліцыя затрымлівала актывістаў дэмакратычных арганізацый, якія распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы. У незалежныя СМІ «злівалася» інфармацыя пра тое, што спецслужбы рыхтуюцца жорстка разагнаць дэманстрацыю. Студэнтам пагражалі адлічэннем з ВНУ, калі 15 сакавіка яны будуць адсутнічаць на занятках ці ў інтэрнатах. Чыноўнікі і сілавікі адкрыта пагражалі арганізатарам маніфэстацыі.

Тым не менш, нягледзячы на пагрозы, рэпрэсіі і дрэннае надвор'е, у Маршы свабоды 2 удзельнічала блізу 40 тысяч чалавек. Ля ўваходаў на плошчу Якуба Колaса, дзе быў прызначаны збор, удзельнікаў чакалі імправізаваныя касы, дзе ім выдавалі «стодаляравую купюру» з надпісам «Удзельніку Марша Свабоды». Такім чынам, арганізатары адрэагавалі на абвінавачванні ў тым, што людзі ўдзельнічаюць у акцыях за грошы.

Велізарная калона прайшла па праспекце Скарыны да Акадэміі Навук. Лозунгі Марша - «Свабоду палітвязням!», «Не дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!»

Фотаздымкі шырокіх менскіх вуліц, запоўненых бел-чырвона-белымі сцягамі, абляцелі ўвесь свет, развянчалі міф пра нешматлікіх прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі. «Марш Свабоды 2» завяршыўся мітынгам і канцэртам з удзелам гуртоў «NRM», «Neuro Dubel» і іншых музыкаў.

Улады спужаліся шматлікіх акцый. Праз дзесяць дзён, 25 сакавіка, у Менск былі ўведзеныя войскі з бронетэхнікай, і акцыя ў Дзень Волі была жорстка задушаная. Сотні чалавек былі збітыя і арыштаваныя.

Тым не менш, «Марш Свабоды 2» дапамог беларусам мабілізавацца, і стаў пралогам для паспяховай кампаніі байкоту выбараў у «палату прадстаўнікоў», дзякуючы якой удалося пазбегнуць міжнароднага прызнання прызначанага «парламента».

Тыя, хто ўпершыню прыйшоў на «Марш Свабоды» і «Марш Свабоды 2» або былі іх сведкамі, сталі новым пакаленнем беларускіх змагароў за свабоду. Людзьмі, якія ведаюць цану свабоды і гатовыя за яе змагацца, якія ніколі не стануць рабамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках