1 красавiка 2020, Серада, 22:52
Народны карантын
Рубрыкі

Карона ў свінцовых майтках

30
Карона ў свінцовых майтках

Неадэкватная ўлада пагражае ўжо ўсім і кожнаму ў Беларусі.

Падчас кампаніі 2010 года былі выпадкі, калі да мяне пасля шматлікіх перадвыбарных сустрэч падыходзілі людзі, так ці інакш у мінулым звязаныя з сілавымі структурамі. Падыходзілі пагаварыць, абмеркаваць сітуацыю, выказацца. Былі і "засланыя казачкі", але і гэта было цікава, сведчыла пра нейкія павевы ўнутры сістэмы. На жаль, брутальная сіла, якую супраць нас выкарыстаў рэжым Лукашэнкі, перапалохала і саміх сілавікоў, хоць здавалася, што яны лепш за іншых разумеюць небяспеку неадэкватнай ўлады і гатовыя будуць дзейнічаць у інтарэсах і сваёй бяспекі, і бяспекі дзяржавы.

Зрэшты, гаворка не пра гэта.

Пасля адной з сустрэч падышоў пагаварыць былы супрацоўнік ці то аховы дыктатара, ці то блізкі да аховы. Стаў распавядаць жахі пра свайго ранейшага гаспадара і ягонае стаўленне да падначаленых. Я такія размовы ніколі не падтрымліваў і не падтрымліваю. Нецікава і бескарысна. Прырода і натура дыктатараў вядомыя, і нацыянальныя асаблівасці мала чаго ў іх мяняюць: непаўнацэнныя, баязлівыя мізантропы, з шматлікімі балючымі комплексамі і садысцкімі схільнасцямі.

Таму свайго суразмоўцу, каб не крыўдзіць я слухаў, але праз слова і чакаў калі ён скажа нешта ўцямнае. Нічога істотнага ён так і не сказаў, праўда заўважыў, што нават ахова Лукашэнкі - не такія верныя сабакі, як прынята думаць.

З той размовы запомнілася адна дэталь. Былы супрацоўнік быў пры Лукашэнку падчас першага наведвання ім Чарнобыльскай зоны і сцвярджаў, што той вельмі баяўся за сваё здароўе і нават быў у той паездцы ў спецыяльных свінцовых майтках. Майго суразмоўцу абуралі не майткі, а тое, што для астатняй світы, уключаючы ахову, ніякіх асаблівых ахоўных сродкаў не было прадугледжана.

Не ведаю, ці было гэта напраўду, але сутнасць паводзін дыктатара заўсёды была такой: засцярогшы сябе, ён з лёгкасцю падстаўляў пад небяспеку іншых. Я ўспомніў, як Лукашэнка, ледзь прыйшоўшы да ўлады, пачаў змагацца з адсяленнем людзей з забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй раёнаў, праграмамі іх аздараўлення і працягвае гэтую барацьбу дагэтуль: спыніў адсяленне, загадаў увесці ў абарачэнне забруджаныя землі, пазбавіў ільгот ліквідатараў Чарнобыля, пазбавіў пацярпелых нават "трунавых", бо не ставала на рэзідэнцыі, палацы і світу.

Радыяцыя - нябачны забойца, і подлая ўлада адразу адчула, што на гэтым можна нажыцца. Можна не заўважаць, што Чарнобыль прывёў да росту захворванняў і смяротнасці ад розных формаў рака, парушэнняў у працы шчытавіцы, страты імунітэту і г.д. Тым больш, што афіцыйны кантроль над медыцынскай статыстыкай дазваляе гэта рабіць. Затое мы дакладна ведаем, што сродкі, прызначаныя для дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля, пайшлі ў кішэню Лукашэнкі і ягонай світы.

Тым не менш, нават з афіцыйных звестак можна атрымаць уяўленне аб тых катастрофах, якія адбываюцца з нашым здароўем. У 2018 году, напрыклад, у Беларусі была зафіксавана самая высокая за апошнія 16 гадоў смяротнасць ад новаўтварэнняў (18 845 памерлых).

Мы ніколі не даведаемся дакладную статыстыку пра смяротнасць, звязаную з Чарнобылем (такія даследаванні, як паказвае досвед прафесара Юрыя Бандажэўскага, прыводзяць да крымінальнага пераследу і турэмнага зняволення), але мы можам сцвярджаць, што гэтая лічба складае сотні тысяч чалавек. Большасць гэтых смерцяў - на сумленні цяперашняй улады.

Увогуле статыстыка кіравання Лукашэнкі - жахлівая.

Насельніцтва Беларусі з 1994 года скарацілася на 787 300 чалавек.

У 2018 годзе смяротнасць удвая перавысіла смяротнасць 1950 года, тады як нараджальнасць летась была ўдвая ніжэйшая, чым у сярэдзіне XX стагоддзя.

У Менску, напрыклад, цяпер самая нізкая нараджальнасць за апошнія 14 гадоў, смяротнасць - самая высокая за апошнія 8 гадоў.

Калі кажуць, што рэжым Лукашэнкі - антынародны, гэта не проста фігура прамовы, гэта навуковая канстатацыя факту.

Рэжым паслядоўна і мэтанакіравана знішчае насельніцтва Беларусі. Пры гэтым мільярдныя сумы ў цвёрдай валюце выдаткоўваюцца на падтрыманне здароўя дыктатара, яго "свінцовыя майткі": на персанальныя паліклінікі і клінікі, дарагое абсталяванне, штат лекараў, медыцынскага персанал ва ўсіх яго незлічоных рэзідэнцыях.

Каранавірус, як і Чарнобыль, зручны для дыктатуры тым, што дазваляе знішчэнне насельніцтва спісваць на вонкавыя чыннікі. А яшчэ ён зручны дыктатару ва ўмовах Беларусі, бо найбольш уразлівай групай з'яўляюцца паджылыя людзі. Пры гэтым колькасць і дзель працаздольнага насельніцтва з 2010 да 2019 год знізілася на 370 000 чалавек, а дэмаграфічная нагрузка ўзрасла з 373 да 433 чалавек на 1 000 чалавек працаздольнага ўзросту.

За Лукашэнкам якасць медыцынскага абслугоўвання паджылых людзей і яго даступнасць знізіліся катастрафічна. Пры так званай "бясплатнай" медыцыне прастойванне старых у шматлікіх чэргах у паліклініках, адсутнасць даступных танных лекаў прыводзяць толькі да павелічэння і х смяротнасці.

Імавернасць захворвання каранавірусам і смяротнасць сярод паджылых людзей у Беларусі значна вышэйшая, чым ва ўсіх суседніх краінах.

Лукашэнку гэта на руку, таму ніякіх адэкватных захадаў не прымаецца і не плануецца.

Статыстыка смерцяў ад гэтай пандэміі ў Беларусі можа быць жахлівай, але яна будзе старанна хавацца.

Затое мільярды даляраў будуць выдаткаваныя на ўдасканаленне "свінцовых баязліўцаў" дыктатара, якія сёння абслугоўваюць сотні тысяч чалавек, для абароны яго ад каранавіруса, а галоўнае - ад народа Беларусі.

У 2010 годзе былыя і дзейныя супрацоўнікі, чыноўнікі, сілавікі спалохаліся за ўласную шкуру, здрадзілі сваім сябрам, нават сваякам, і пабаяліся дапамагчы народу мірна памяняць ўладу.

У гэтым годзе так "выкруціцца" ўжо не атрымаецца. І прычынай гэтаму зусім не каранавірус, а неадэкватная ўлада, якая пагражае ўжо ўсім і кожнаму ў Беларусі.

Не думаю, што хоць хтосьці ў здаровым розуме стане "лячыцца трактарам" ці правяраць на вірус расейскую нафту. Гарэлку яны і так п'юць, а многія і жлукцяць, асабліва пасля 2010 года.

Інстынкт самазахавання, які вельмі развіты ва ўсіх рэжымных структурах, павінен усё ж прымусіць і чыноўнікаў, і сілавікоў працверазець і падштурхнуць да дзеянняў на баку народа, а не супраць народа.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для Charter97.org