28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Настаўнікам сказалі маўчаць»

69
«Настаўнікам сказалі маўчаць»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Бацькі нясуць заявы аб вызваленні дзяцей ад заняткаў.

Раніцай вакол менскай СШ №212 у мікрараёне Сухарава цішыня. Звычайна ў гэты час дзеці спяшаюцца ў школу на заняткі, але сёння сюды падцягваюцца ў асноўным дарослыя і рэдкія старшакласнікі. Амаль у кожнага ў руках белы ліст - гэтая заява аб вызваленні дзіцяці ад заняткаў да 27 сакавіка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Я вось толькі вярнуўся з Арменіі, там ва ўсіх школах абвясцілі афіцыйны карантын»

Пра тое, чаму давялося пісаць такую заяву, распавёў кіроўца вялікагрузу Максім, які жыве побач.

«Увечары ў чаце напісалі са школы, што ўсім трэба падаць заяву, што гэта мы самі не хочам весці дзяцей у школу. Вось занёс такую заяву пра сына, каб засцерагчыся», - кажа Максім.

Малады бацька сцвярджае, што ініцыятыва зыходзіла менавіта ад адміністрацыі школы, але прычыны не паведамілі. Але Максім кажа, што яе ўсё ведаюць.

«Учора ў вучня аднаго класа быццам знайшлі каранавірус, вось і пастанавілі спыніць заняткі. Але пра карантын не гавораць. Я вось толькі вярнуўся з Арменіі, там ва ўсіх школах абвясцілі афіцыйны карантын. А ў нас зноў толькі паўмеры. Атрымліваецца, у нашай школе заняткаў не будзе, але ў іншых будуць, пакуль і там не захварэюць?» - абураецца Максім.

Дзмітрый таксама аднёс заяву аб тым, што сын-другакласнік да вакацый на заняткі хадзіць не будзе.

«Нічога не гавораць. Але гэта сур'ёзна, калі сказалі пісаць заявы. Бацькі напалоханыя. Сусветная арганізацыя здароўя за тое, каб абвясцілі карантын, вось і нам трэба», - мяркуе Зміцер.

Сяргей прыйшоў прынесці заяву ў школу з сынам.

«Са школы самі патэлефанавалі», - кажа ён. Але ўся інфармацыя ў бацькоў на ўзроўні чутак. Нібыта дзіця, у якога выявілі каранавірус, мела кантакт са сваяком, які пабываў у Італіі.

«Калі я ўчора забірала дзіця з групы падоўжанага дня, то казалі, што ўсіх дзяцей з таго класа, так званы другі ўзровень кантакту, забралі на аналізы, - кажа маці аднаго са школьнікаў Маргарыта. - А іх настаўніцы загадалі маўчаць, пагражалі нават звальненнем, калі адмовіцца. У яе таксама бяруць аналізы, яе ізалявалі. Выбачайце, больш нічога казаць не буду, бо баюся за настаўніцу».

«Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома»

Са слоў супрацоўнікаў школы, у будынку другі дзень вядзецца санітарная апрацоўка.

«Усё чысцяць, уключаючы прыбіральні, - паведаміла адная з настаўніц. - Пачалі яшчэ ўчора і сёння працягваюць. Але ў некаторых класах, дзе засталіся вучні, заняткі ідуць».

З дырэктарам СШ №212 Вольгай Касалапавай атрымалася сустрэцца ў вестыбюлі школы. Яна стаяла каля дзвярэй і назірала, як настаўніца прымала заявы ад бацькоў, якія заходзілі ў школу. Заявы ад бацькоў неслі таксама старшакласнікі. Заходзілі ў вестыбюль, а потым выходзілі са школы. Але некаторыя заставаліся і праходзілі ўнутр. Дырэктарка з імі віталася.

«Заняткі ў нас спыненыя часткова, у некаторых класах урокі сёння адбудуцца, - сказала кіраўніца школы. - Вось Арына прыйшла. У яе заняткі будуць. А ў іншых не. Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома і напісалі адпаведныя заявы. Гэта іх ініцыятыва. А настаўнікі ўсе працуюць».

Што тычыцца прычыны такой сітуацыі, Вольга Касалапава сказала, што гэта звязана з эпідэміяй каранавіруса. Але ці сапраўды вучань школы захварэў гэта, дырэктарка пацвердзіць адмовілася. Адказала: «Пытанне не да нас».

Ніводзін з супрацоўнікаў школы і наведвальнікаў не быў у ахоўнай масцы.

Міністэрства здароўя сітуацыю ў школе №212 не каментавала.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках