29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі выкапнёвую рыбу з пальцамі

4
Навукоўцы знайшлі выкапнёвую рыбу з пальцамі

Яна жыла 380 мільёнаў гадоў таму.

Палеантолагі з Канады і Аўстраліі знайшлі першае пацвярджэнне тэорыі пра ўзнікненне зародкаў пальцаў у рыбаў, піша «Новы час».

Структуры, падобныя на пальцы, знайшлі ў плаўніку рыбы Elpistostege watsoni, якая жыла 380 млн гадоў таму.

«Мы зрабілі важны прарыў у разуменні таго, як рука была ўпершыню сфармаваная для ўсіх пазваночных. Гэта першы выпадак, калі мы адназначна выявілі пальцы ў плаўніку з прамянямі плаўніка ў рыбы. Косткі гэтых прамянёў вельмі падобныя на тое, як уладкаваныя косткі пальцаў у большасці жывёлаў», – сказаў палеантолаг Джон Лонг з Універсітэта Фліндэрс у Аўстраліі.

Пераход ад водных рыбаў да чацвераногіх істотаў (тэтраподы) з'яўляецца адным з найбольш важных у эвалюцыйнай гісторыі, аднак у нашых ведах ёсць значныя прабелы. Адным з такіх прабелаў была кропка, у якой рыба выйшла з глыбіні і пачала здабываць ежу ў больш плыткіх водах – што ўважаецца прамежкавым крокам перад выпаўзаннем на сушу. Каб закончыць гэты пераход, жывёлам спатрэбілася б нешта вельмі важнае для поўзання – гэта значыць рукі і ногі.

Лонг і ягоны калега-палеантолаг Рычард Клуцье з Універсітэта Квебека ў Канадзе апісалі скамянелыя рэшткі рыбы Elpistostege watsoni даўжынёй 1,57 метра, знойдзеныя ў Канадзе ў 2010 годзе. Гэта, верагодна, самы поўны калі-небудзь апісаны асобнік Elpistostege. Выкапень змяшчае і поўны шкілет груднога плаўніка, даючы магчымасць нарэшце вывучыць ягоную анатомію.

«Пасля таго як мы параўналі наш шкілет плаўніка Elpistostege са шкілетам рук і пясцяў наземных жывёлаў, стала ясна, што шэрагі дробных костак былі – у эвалюцыйным сэнсе – такімі ж, як і косці фалангі ў руках наземных жывёлаў», – сказаў Лонг.

Косткі – гэта не зусім сапраўдныя пальцы, бо яны схаваныя ўнутры плаўніка і не могуць вольна рухацца. Але гэта пацвярджае, што жывёла з'яўляецца прамежкавым звяном паміж рыбай і чатырохногімі.

«Гэтае адкрыццё адсоўвае паходжанне пальцаў у пазваночных на ўзровень рыбаў і кажа нам, што структура "рукі" пазваночных упершыню з'явілася ў глыбінях эвалюцыі, незадоўга да таго, як рыбы пакінулі ваду», – рэзюмуе Лонг.

Даследаванні таксама паказалі, што Elpistostege watsoni быў самым буйным драпежнікам, што жылі на плыткіх водмелях сучаснага Квебека. Ён сілкаваўся драбнейшымі лопасцеперымі рыбамі, таксама вымерлымі да нашага часу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках