20 красавiка 2024, Субота, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Страйк - гэта ўжо самаізаляцыя, якая нам усім цяпер патрэбная»

5
«Страйк - гэта ўжо самаізаляцыя, якая нам усім цяпер патрэбная»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: REUTERS

Што адбываецца ў беларускіх ВНУ падчас пандэміі.

З 20 да 23 сакавіка некаторыя студэнты МДЛУ наважылі аб'явіць страйк, не наведваць заняткі ці прыходзіць на іх у масках з надпісам «хаха, я тут памру», піша tut.by.

Пры гэтым, распавядаюць выкладчыкі розных універсітэтаў, многія студэнты ўжо тыдзень рэдка з'яўляюцца ў ВНУ. У адной з груп БДУІР, напрыклад, з 30 чалавек на аўдыторныя заняткі прыйшло чацвёра.

У МДЛУ ўсё пачалося са збору подпісаў за тое, каб перавесці навучальны працэс у анлайн, тым самым звесці свае кантакты да мінімуму праз сітуацыю з каронавірусам. Але падтрымкі ў адміністрацыі ВНУ гэтая ініцыятыва не знайшла, кажа Ліза Пракопчык, студэнтка 4-га курса.

- Хлопцы з МДЛУ, з якімі я нават не была знаёмая, пачалі збіраць подпісы. Але ў рэктараце гэтую ініцыятыву не падтрымалі, - распавядае дзяўчына.

Арганізаваць універсітэцкі страйк прапанаваў у паблік «Падслухана» хтосьці са студэнтаў.

Для чаго студэнты наважыліся на акцыю?

- Страйк - гэта ўжо самаізаляцыя, якая нам усім цяпер патрэбная праз сітуацыю з каронавірусам, - перакананая Ліза. - Пры гэтым мы заклікаем рабіць дамашку і вучыцца, як раней. Галоўнае, каб у нас была магчымасць рабіць гэта дыстанцыйна.

19 сакавіка студэнты інстытута замежных моваў правялі акцыю - каля выхаду з метро «Плошча Перамогі» раздалі аднаразовыя маскі з надпісам «ха-ха, я тут памру», заклікалі рабіць у гэтыя дні фота і выкладваць у сацыяльных сетках. Але масавага эфекту яна не дала: цяпер ва «Укантакце» можна знайсці ўсяго некалькі допісаў з хэштэгам #хахаятутумру або #хахаятутпамру і сторыз у Instagram.

Выкладчык Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта кажа, што пра збор подпісаў студэнтамі чуў.

- Студэнты распавядалі, што яны арганізавалі збор подпісаў, і гэта была ініцыятыва «знізу». Бачыў, што некалькі хлопцаў рабілі сэлфі ў масках.

Са слоў выкладчыка, нядаўна ў МДЛУ выйшаў загад рэктара, што лекцыі пераносяцца на нявызначаны тэрмін, але пра практычныя заняткі ў ім гаворкі не ішло.

- У астатнім усё працуе, як звычайна.

Праўда, у апошні час студэнтаў на парах стала менш нават без забастоўкі.

- Многія не ходзяць на заняткі. Адміністрацыя просіць нас сачыць за пропускамі. Тых, хто прапускае, мы не маем права прымаць без даведкі аб тым, што яны здаровыя. Альбо ж яны павінны несці тлумачальную ў дэканат. З іншых мер выкладчыкам рэкамендуюць мыць рукі і праветрываць памяшканне. На гэтым усё.

«Устаноўка такая: мы не перашкаджаем, але і не расказваем студэнтам пра магчымасць напісаць заяву аб свабодным наведванні»

Са слоў выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, на заняткі студэнтаў ходзіць мала. Асабліва на гэтым тыдні.

- Што асабіста я раблю ўвесь гэты тыдзень на занятках? Стараюся знізіць узровень трывогі ў маіх студэнтаў. Яны непакояцца праз гэту сітуацыю. Мы - IT-ВНУ краіны. І, як мне здаецца, мы маглі б першымі паказаць прыклад і перайсці на анлайн-навучанне.

Цяпер у студэнтаў БДУІР, распавядае выкладчык, ёсць магчымасць напісаць заяву аб свабодным наведванні, атрымаць індывідуальнае заданне ад выкладчыка і асвойваць курс дыстанцыйна.

- Канкрэтна на нашай кафедры ўстаноўка такая: каб мы гэтаму не перашкаджалі, але і не заклікалі, не расказвалі студэнтам пра такую магчымасць. Хаця многія студэнты, што падпісваюць заяву пра свабоднае наведванне, усё роўна баяцца прапускаць заняткі. Таму што ёсць выкладчыкі, якія ім кажуць: «Мне без розніцы, эпідэмія ці не, ёсць заява ці не. Прапусціце тры лекцыі - атрымаеце «два» на экзамене».

У чацвер, 19 сакавіка, на заняткі з групы, у якой вучацца 30 чалавек, прыйшло чацвёра. Яшчэ адна група - у ёй прыкладна 15 студэнтаў - папярэдзілі, што ўсе яны напісалі заявы аб свабодным наведванні.

- Наступная група адкрыта спытала: «Ці нармальна будзе, што ўсе яны не прыйдуць?» Яшчэ ў адной групе, у якой 30 чалавек, 26 студэнтаў напісалі заявы. Астатнія пытаюцца, што ім рабіць. Ніякіх пісьмовых распараджэнняў наконт сітуацыі няма - усё вырашаецца вусна.

Тры тыдні таму, распавядае выкладчык БДУІР, калі ў студэнта БНТУ выявілі каронавірус, сітуацыя была спакойная. Цяпер - не. Турбуюцца і самі выкладчыкі: акрамя антысептыку і рэкамендацыі не зачыняць дзверы, каб лішні раз не чапаць ручкі, ніякіх іншых захадаў у ВНУ яны не назіралі.

- Цяпер з усімі студэнтамі, якія не прыходзяць на пары, мы маем зносіны анлайн. Матэрыялы - прэзентацыі, заданні і таму падобнае - загружаем на Google Drive. Нават просяць весці эфіры ў Instagram. Калі паглядзець, то інструментаў для дыстанцыйнага навучання ў нас мноства.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках