8 красавiка 2020, Серада, 21:05
Заставайся дома!
Рубрыкі

20 гадоў музычнаму альбому «Я нарадзіўся тут»

1
20 гадоў музычнаму альбому «Я нарадзіўся тут»

«Я нарадзіўся тут» – гэта гімн надзеі і веры ў Беларусь.

У 2000 годзе пабачыў свет знакавы супольны музычны праект «Я нарадзіўся тут». У 2000 годзе нарадзіўся і я. Вядома, сваіх эмоцый з нагоды выхаду альбома я не памятаю, а вось ўражанні ад яго праслухоўвання ў сярэдзіне нулявых у памяці засталіся.

Альбом адкрывала аднайменная песня «Я нарадзіўся тут», якая амаль ідэальна накладвалася на тыя рэаліі, якія складалі той свет, што я бачыў вакол сябе кожны дзень:

Радзільня, дзіцячы садок,

Школа ды інстытут.

Я нарадзіўся тут,

І я буду жыць тут.

З вокнаў маёй кватэры паўставаў аналагічны краявід: мастацкая вучэльня, дзіцячы садок ды школа. Для паўнаты карціны не хапала толькі радзільні, але ж з іншага боку дома раскінуўся вялікі яблыневы сад, у якім таксама шмат чаго нараджалася. Мне давялося шмат падарожнічаць па Беларусі, дзе я бачыў парушаныя беларускія храмы, наведваў гарады, якія страцілі сваю былую веліч. Шмат маіх знаёмых і знаёмых маіх бацькоў з’ехалі з краіны, выбралі лёс эмігрантаў. Усё гэта, вядома, не радавала. Але па-сапраўднаму глыбокі смутак я адчуў пасля таго, як пачуў гэтую песню, якая стала камертонам таго, што адбываецца навокал. Альтэрнатывы гэтаму жыццю я не бачыў, але вера ў тое, што можа быць па-іншаму, была:

Я ведаю, што

Паслязаўтра на нашых калгасных палетках

Замест пустазелля й палыну

Узыйдуць белыя і чырвоныя кветкі.

Збольшага, усе астатнія песні альбома тую веру і падтрымлівалі. Песні на словы і музыку выбітных дзеячаў беларускай культуры – Л. Вольскага, А. Сушы, З. Вайцюшкевіча, У. Алоўнікава, А. Бачылы, В. Качанскага, К. Буйло, Н. Сакалоўскага, А. Астрэйкі, У. Тэраўскага, М. Краўцова, М. Янчука, Я. Купалы, А. Памідорава, І. Любана, А. Русака, Я. Купалы, Н. Арсенневай, Л. Геніюш, С. Новік-Пяюна, М. Багдановіча, М.К. Агінскага, С. Сокалава-Воюша, М. Равенскага, У. Сушы – падтрымліваілі зніч веры ў тое, што Беларусь не знікне і беларусы будуць жыць шчасліва на сваёй зямлі.

Калі «Народны альбом» – гэта міф, у якім хочацца апынуцца, то «Я нарадзіўся тут» – гэта гімн надзеі і веры ў Беларусь. «Народны альбом» выходзіў на касетах, а «Я нарадзіўся тут» быў выдадзены на CD. Беларусу прапаноўвалася па прыступках пераходзіць з прасторы міфа ў рэальнасць, ад касеты да дыска. Асобна хацелася бы адзначыць укладыш, які прыкладаўся да дыска: тут можна было пабачыць фотаздымкі ўдзельнікаў праекта, а таксама прачытаць тэксты ўсіх песен альбома. Менавіта па фотаздымках я вызначаў, чые песні я хачу паслухаць першымі.

Напрыканцы я хацеў бы ўзгадаць усіх удзельнікаў праекта, імёны якіх былі адзначаны на вокладцы, а менавіта: З. Вайцюшкевіч, Л. Вольскі, А. Дземідовіч, В. Круглова, Ю. Ляўкоў, А. Памідораў, П. Паўлаў, А. Суша, С. Ахрамовіч, Ю. Белякоў, В. Валадзько, Я. Каваленка, Я. Любец, Марат, К.Мусінскі, Ю. Гарачка, В. Шарапаў, Э. Альтшулер, С. Сьцяколенка, С. Лабандзіеўскі, А. Пушкін, А. Асіпенка, Ю. Шамкаловіч.

Мінуць у тумане стагодзьдзі,

І сталь спарахнее ўшчэнт,

А мы тут былі, і мы тут будзем,

Пакуль існуе гэты свет.

P.S. Свайго роду пасляслоўем да праекту «Народны альбом», стала, на мой погляд, песня Аляксандра Кулінковіча «Tut.by (Я памру тут)», у якой пастаўлены выключна важны, як мне здаецца, акцэнт: месца нараджэння мы не абіраем, а застацца на радзіме ці пакінуць яе – гэта свядомы выбар. І выбар Аляксандра Кулінковіча – найвышэйшы паказчык любові да Радзімы. Гэта вельмі сугучна думкам і пачуццям, якія гучаць у вершы беларускага паэта Анатоля Сыса:

І калі вясёлка над труной

вып'е кроў да кроплі з маіх жылаў,

Беларусь, накрый мяне зямлёй.

Не, счакай, яшчэ аддам я вочы

сваёй здані,

каб мая душа

не зблудзіла на чужыне ўночы,

каб між намі не лягла мяжа.

Беларусь мая, мая магіла,

з бел-чырвона-белага радна

ці кашулю мне на смерць пашыла?

Беларусь мая, мая магіла,

ты ж адна ў мяне, як ёсць адна.

Такім чынам песня «Tut.by», якая сімвалічна працягнула гісторыю «Я нарадзіўся тут», надала завершанасць і цэласць праекту: прыняцце радзімы адбываецца як праз адчуванне непарыўнай сувязі з ёй па факце нараджэння, так і праз выбар застацца тут, каб, калі прыйдзе пара, легчы ў гэтую зямлю.

Атрымалася коля: адны аўтары засведчылі любоў да Радзімы праз нараджэнне тут, іншыя – праз свядомы выбар памерці тут.

Імполь Нагбомавіч, «Новы час»