29 верасня 2020, aўторак, 3:47
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Беларускія ўлады дзейнічаюць, як у чарнобыльскі час

20
Станіслаў Шушкевіч: Беларускія ўлады дзейнічаюць, як у чарнобыльскі час
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: KP.BY

У краіне здзяйсняецца злачынства.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў у інтэрв'ю Charter97.org бяздзейнасць беларускіх уладаў ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

– Як Вы ацэньваеце тыя захады, якія робяць для выратавання сваіх грамадзянаў нашы суседзі?

– Я якраз увесь час атрымліваю інфармацыю з Польшчы ў гэтай сувязі. Мне здаецца, што там дзеянні нашмат больш катэгарычныя і значна больш разумныя, чым у Беларусі. Гэтая справа ў Польшчы даручаная прафесіяналам. Да такога ўзроўню прафесіяналізму, які цяпер дэманструе Польшча, у Беларусі і блізка не дайшлі.

– Што Вы яшчэ можаце сказаць пра дзеянні беларускіх уладаў?

– Мне цяжка сказаць, таму што я сам мала выходжу з дому, паколькі адношуся да катэгорыі тых, хто гіне адразу, калі заражаецца. Але мяркуючы з таго, што бачу з акна, магу сказаць: альбо нічога не робіцца, або робiцца зусім мала. Улады прадаўжаюць дзейнічаць так, як дзейнічалі ў чарнобыльскі час, гэта значыць паўтараюць адно і тое: «ніякай панікі, трэба выходзіць з крызісу, у які мы ўступілі адной нагой». Няма клопату пра людзей, ёсць толькі клопат пра ўладу і чыноўнікаў, пра ўладны статус.

Мне здаецца, што ў рамках тых клінічных магчымасцяў, якія ёсць у нашай медыцыны, у краіне можа паўстаць небяспечная сітуацыя.

– У Польшчы ўсеагульны карантын увялі яшчэ да таго, як колькасць хворых дасягнула 68. У Беларусі, нават паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць выпадкаў каранавірусу ўжо перайшла гэтую мяжу. Чаму беларускія ўлады не ўводзяць карантын?

– Гэта тлумачыць сам Лукашэнка, увесь час кажучы: «не падымайце гвалт», «ніякай панікі»... Паколькі ў нас кіруе краінай «вусаты троечнік», дык і ён сам, і ягонае асяроддзе дрэнна разумеюць праблему. Мабыць, ягоныя настаўнікі, людзі савецкага крою, калісьці яго так арыентавалі – замоўчваць праблемы.

– Да якіх наступстваў можа прывесці такая халатнасць беларускіх уладаў? Якімі могуць быць страты з улікам стану беларускай медыцыны і ўзроўню здароўя пажылых людзей у Беларусі?

– Да жудасных наступстваў. І гэта ўжо не жарты. Тут, як той казаў, «лепш перапільнаваць, чым недапільнаваць». У беларускіх уладаў адбываецца відавочнае «недапільнаванне». Ужо цяпер выкрываюцца велізарныя праблемы: новыя рэзервы не мабілізуюцца, а гэта трэба рабіць неадкладна. Але ўлада клапоціцца толькі пра дабрабыт кіроўнага клана, а не пра людзей. Кіроўны клан дастаткова добра забяспечаны ўсім неабходным, каб перажыць пандэмію.

– Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у адрозненне ад заходніх калегаў, публікуе інфармацыю пра тых, хто захварэў, нерэгулярна і не дае адназначных лікаў. У свой час Вы сутыкнуліся з замоўчваннем кіраўніцтвам СССР інфармацыі пра аварыю на ЧАЭС. Нагадвае вам палітыка Лукашэнкі злачынства партыйнага і савецкага кіраўніцтва ў той час?

– У мяне адразу ўзнікла такая асацыяцыя, адразу прыйшоў у галаву ўспамін пра падзеі пасля катастрофы на ЧАЭС. Таму што наш «вусаты троечнік» дзейнічае праз інерцыю савецкага часу. Яго не хвалююць жыцці людзей. Заўважце, ён не кажа пра выратаванне насельніцтва краіны, ён і заявіў, што галоўнае цяпер – «не ўступіць другой нагой у крызіс». Я яшчэ раз падкрэсліваю, што ў палякаў цяпер галоўнае – гэта людзі, у нас – сістэма ўлады. Робіцца ўсё толькі для таго, каб захаваць уладу. Не відаць, каб арганізавана ішла праца ў прадухіленні ўсплёску эпідэміі, і таму будуць вялікія праблемы.

У Польшчы мала кажуць – затое відаць вынік на паверхні. У нас людзі аддадзеныя самі сабе і самі шукаюць сродкі абароны, якіх відавочна не хапае: толькі дзе-небудзь каля далёкай бензакалонкі вы знойдзеце бясплатныя пальчаткі і маску.

– А што Вы можаце сказаць пра парады Лукашэнкі лекаваць каранавірус з дапамогай трактара, лазні і гарэлкі?

– Гэта поўнае глупства. У «вусатага троечніка» не можа быць прафесійных парадаў у медыцыне.

– Як Вы ацэньваеце дзеянні Лукашэнкі, які на нарадзе з медыцынскім кіраўніцтвам краіны адмовіўся ўводзіць карантын у школах?

– Я мяркую, што дзеці вольныя не наведваць школы ў гэты час. Калі бацькі будуць свядома дзейнічаць, то яны фактычна могуць самі ўвесці гэты карантын. А тое, што дзяржава не ўводзіць карантын, мне цяжка растлумачыць, гэта за гранню разумення. Я думаю, што гэта прывядзе да вельмі дрэнных наступстваў.

Калі казаць сумленна, то ў Беларусі цяпер здзяйсняецца злачынства. Але паводле сённяшніх беларускіх законаў іх цяжка будзе змусіць да адказнасці: для іх што Лукашэнка скажа, то і з'яўляецца «законам». Лукашэнка выхаваў такую паслухмяную каманду дагаджальнікаў, якім начхаць на людзей, ім трэба клапаціцца толькі пра Дразды і падобныя месцы ў абласных цэнтрах.

– У вас ёсць досвед дзяржаўнага кіравання. Што ў сітуацыі небяспечнай пандэміі ў Беларусі зрабілі б Вы? Якія захады ўжылі б у першую чаргу?

– У свой час, калі сакратар гаркама пачынаў мне тлумачыць, што не трэба ніякай панікі пра Чарнобыль, я яму сказаў: вы мяне можаце вучыць палітычным навукам, але ў ядзернай фізіцы я вас навучу. На жаль, я не прафесіянал у медыцыне. Найлепшае, што можна было б зрабіць – даць права дзейнічаць прафесійным лекарам. У нас жа цяпер міністр аховы здароўя баіцца праявіць ініцыятыву. Думаю, калі ён дасць катэгарычную параду, супярэчную выступам Лукашэнкі, то ён будзе «вінаватым» і яго адхіляць ад пасады.

– Што хацелі б сказаць беларусам у сувязі з пандэміяй?

– Паглядзіце на Польшчу і дзейнічайце хоць бы так, як у іх – каб не атрымалася, як цяпер у Італіі.