29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты прапанавалі «горкую мікстуру» для беларускай эканомікі

36
Эканамісты прапанавалі «горкую мікстуру» для беларускай эканомікі

Дзейнічаць трэба хутка.

Цяпер эканамічная ўлада любой краіны стаіць перад выбарам: ці ўжо зараз граматна дзейнічаць на апярэджанне - ці потым стаяць, і, як у «Байцоўскім клубе» глядзець, як усё разбураецца. Лепшы сцэнар для Беларусі - мінус 2% ВУП, і ён магчымы толькі пры добрым антыкрызісным кіраванні. Спецыялісты Beroc Кацярына Барнукова і Дзмітрый Крук склалі спіс захадаў, якія могуць выратаваць беларускую эканоміку. Kyky.org дзеліцца пераказам гэтага дакумента.

Чаму рэагаваць трэба хутка

Вось спіс тых эканамічных шокаў, якія Беларусь ужо перажыла:

1. Нафта штарміць. Беларусь гандлюе нафтапрадуктамі, так што зніжэнне коштаў нафты для нас нявыгадна - мы менш экспартуем і менш зарабляем.

2. Валюта скача. За нафтай падае расейскі рубель, а за ім следам і беларускі. Заробкі людзей абясцэньваюцца, імпарт - таксама, плюс у бізнэсаў (і не толькі) ёсць абавязкі ў валюце.

3. Экспарт пакутуе. Больш за ўсё тавараў Беларусь прадае ў Расеі, і пакуль незразумела, ці атрымаецца гандляваць у новых умовах паўнавартасна. Ды і ці будуць грошы ў расейскага пакупніка - таксама не ясна.

4. Імпарту таксама нялёгка, ужо скарачаюцца ланцужкі паставак - асабліва з Кітая, з якім мы так пасябравалі.

5. Унутраны попыт падае ўслед за заробкамі. Калі ў людзей менш грошай, яны ў прынцыпе менш купляюць, нават «сваё, беларускае».

Калі ўсе гэтыя шокі для эканомікі збіраюцца разам, атрымліваецца «ідэальны шторм», як яго назвалі эканамісты. Калі на яго не рэагаваць - ВУП Беларусі можа ўпасці і на 10%.

Таму важна разумець ўсе рызыкі:

1. У Беларусі велізарная замежная запазычанасць, а падзенне экспарту не дае патрэбнага прытоку валюты ў казну. Самы час выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы - але не каб плаціць імі па запазычаннях, а для вырашэння ўнутраных праблем.

2. Важна пазбегнуць суверэннага дэфолту (гэта калі банкрутуюцца не адзін бізнэс, а цэлая краіна) - не рабіць нічога, што б ўзмацняла нагрузку валютных запазычанасцяў на Беларусь. З іншага боку, калі б нейкія запазычанасці можна было закансерваваць, мы маглі б «перарасці» іх і аддаць, калі стане лягчэй.

3. Наша стабільнасць моцна рызыкуе ад вялікай колькасці крэдытаў у валюце.

Калі прымусіць людзей хутка заплаціць па запазычанасцях, сітуацыя ў доўгатэрміновай перспектыве лепшай не стане - а недавер да фінансавай сістэме лопне.

4. Абменны курс, які плавае - гэта выдатна і прагрэсіўна, але калі ён будзе занадта рэзка скакаць услед за валютай Расеі, гэта таксама вялікая пагроза устойлівасці.

5. Друкаваць новыя грошы і раскідвацца імі для Беларусі не варыянт. Гэта таксама дарога да суверэннага дэфолту. Усе ж памятаюць 90-я і тое, як абясцэньваецца «зайчык»?

6. Важна знайсці баланс паміж кароткатэрміновымі развязаннямі, якія дазволяць выжыць цяпер, і доўгатэрміновымі, якія захаваюць стабільнасць краіны ў будучыні.

Эканамісты назвалі прынцыпы беларускіх крызісных рэформаў:

1. Людзі ў прыярытэце. Выбар на падтрымцы будзе стаяць такім чынам: ці ратаваць людзей, ці ратаваць прадпрыемства. Здаецца, што, выбраўшы другі варыянт, выратуюцца ўсе. Але эканамісты ўважаюць, што гэта не так. Выратаваць усе заводы і забяспечыць усе працоўныя месцы ўсё роўна не атрымаецца - а значыць лепш падтрымліваць людзей наўпрост, а бізнэсы - ускосна.

2. Цяпер вельмі важна дапамагчы ўсім тым, хто жыве ў нястачы - і нават калі заадно з астатнімі падтрымку атрымае чалавек ці кампанія, якая асабліва не мела патрэбы, гэта не страшна. Лепш так, чым камусьці проста не дастанецца дапамогі.

3. Цяпер немагчыма сказаць, наколькі зацягнецца пандэмія (экспэрты кажуць, што аж да двух гадоў) і яе наступствы - так што любыя рашэнні трэба пастаянна пераацэньваць і змяняць пад сітуацыю.

4. Не трэба ратаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, калі 40% занятасці ў краіне стварае прыватны сектар. Ратаваць трэба тое, што працуе. А гэта значыць, дапамагаць трэба тым, хто цяпер больш за іншых у бядзе - да прыкладу, сфера паслуг. Цяпер у Беларусі няма грошай, каб зноў уліць іх у заводы, якія паміраюць. Так што любы пакет развязанняў павінен у першую чаргу клапаціцца пра рэнтабельныя прадпрыемствы (і дзяржаўныя, і прыватныя), іх працаўнікоў, іпэшнікаў і змушана беспрацоўных.

А вось і спіс мер, якімі эканамісты прапануюць зменшыць крызіс

• Людзі павінны разумець, што ўсё гэта робіцца дзеля іх і што ў дзяржавы ёсць нейкая тактыка, і яе будуць прытрымлівацца. Без адкрытасці і празрыстасці кожная рэформа будзе новым шокам для насельніцтва.

• Трэба стымуляваць выпуск і экспарт. Нават няхай цэны цяпер не лепшыя, трэба актыўна прадаваць. Раз у нас ёсць калійныя ўгнаенні і іх цяпер няма каму купляць - пара прадаваць па зніжцы.

• Час дазволіць продаж тавараў па цане ніжэйшай за сабекошт. Гэта трэба, каб распрадаць масіў запасаў. Інакш ён ператворыцца ў «шэры» рынак, і будзе толькі горш.

• Ствараць валютныя свопы (па сутнасці, двайныя транзакцыі валюты) з цэнтрабанкамі ЗША, Кітая і Еўразоны. Але пра гэта трэба дамаўляцца на высокім палітычным узроўні.

• Выпусціць дзяржаўныя аблігацыі ў нацыянальнай валюце, якія будуць абаронены ад інфляцыі - гэта дапаможа як даволі надзейны варыянт ашчаджанняў.

• Папрасіць крэдыт у МВФ. У Фонду ёсць праграмы, па якіх цяпер можна атрымаць падтрымку аператыўна і на менш жорсткіх умовах.

• Узмацніць правіла згладжвання абменнага курсу - гэта дапаможа менш скакаць услед за расейскім рублём.

• Актыўна ўдзельнічаць у кампаніях СБ, ЕБРР, МФК і іншых інстытутаў, якія могуць даць грошы і падтрымаць Беларусь.

• Абмеркаваць у ЕАЭС, хто і калі выплачвае агульныя запазычанасці (ЕФСР) - і дамовіцца рабіць гэта ва ўмоўнай валюце, курс якой усталёўваецца як кошык валют краін-удзельніц.

• Дамовіцца з расейскімі банкамі, каб выплачваць ім крэдыты ў іншым тэмпе. І ў той жа ўмоўнай валюце ЕАЭС.

• Падтрымаць рублёвай ліквіднасцю банкі, якія адпусцяць на крэдытныя вакацыі людзей і бізнэсы. І гэтак жа дапамагчы банкам, якія рэструктуруюць людзям крэдыты з даляравых у рублёвыя.

• Выдаваць крэдыты, якія раней лічыліся б «рызыковымі» (Нацбанк ужо зрабіў некалькі такіх заяў).

• Уводзіць валютныя абмежаванні - але гэта ўжо крайняя мера.

• Замежным інвестарам прапанаваць льготныя ўмовы дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

• Адкрыць для інвестараў новыя сектары, якія раней ім не былі даступныя.

• Увесці магчымасць «бейлаўта» - і дазволіць выкупляць акцыі бізнэсу за беспрацэнтныя рублёвыя дзяржаблігацыі. Гэта дапаможа стрымаць банкруцтва.

• Правесці дэдаларызацыю крэдытаў - па ўзаемнай згодзе бізнэсаў (ці людзей) і банкаў.

• Перанесці або скасаваць інвестыцыі ў стратныя дзяржпрадпрыемствы. Цяпер інвеставаць трэба ў тое, што прыносіць грошы.

• Плаціць уласнікам будынкаў, якія аддадуць іх пад патрэбы медыкаў. Гэта трэба ў выпадку, калі вірус у Беларусі моцна распаўсюдзіцца.

• Часова абмежаваць цэны манапалістаў у сферы паставак газу, электрычнасці і да т.п.

• Увесці падатковыя канікулы для бізнэсаў, якія добра сябе паводзілі і паказвалі эфектыўнасць.

• Увесці крэдытныя канікулы для бізнэсаў - прычым і ў дзяржаўных, і ў прыватных банках (Нацбанк ужо выступіў з такой рэкамендацыяй - але пакуль гэта не загад).

• Знізіць базавую арэндную велічыню (на выходных 21-22 сакавіка яна наадварот паднялася. Увесці арэндныя канікулы для тых, хто арандуе ў дзяржавы - і ўвесці магчымасць «бейлаўта» для ўласнікаў, якія даюць арандатарам гэтыя вакацыі.

• Даць магчымасць для фірмаў не налічваць амартызацыю ў 2020-м.

• Даць магчымасць часова вызваляць ад працы супрацоўнікаў так, каб яны не страчвалі працоўныя месцы - гэта значыць працягваць рабіць ім выплаты ад кампаніі і ад дзяржавы.

• Адмовіцца ад фінансавання не асоба тэрміновых праектаў, якія датуюцца з бюджэту.

• Перанесці або адмовіцца фінансаваць несацыяльныя праграмы ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і транспарце.

• Адмовіцца ад нетэрміновых дзяржаўных закупак.

• Усе зэканомленыя сродкі выкарыстоўваць для падтрымкі людзей.

• Увесці базавы даход для ўсіх, у каго няма працы. Стандартнай дапамогі ў беспрацоўі мала - праблемы будуць і ў іпэшнікаў, і ў самазанятасці, а нам трэба пазбегнуць масавай беднасці. Да таго ж гэта падтрымае попыт у крызіс - людзі ўсё яшчэ змогуць нешта купляць.

• Стварыць часовыя працоўныя месцы ў ахове здароўя. Калі эпідэмія ўзмоцніцца, гэта адначасова дасць людзям працу і дапаможа медыкам.

• Стварыць часовыя працоўныя месцы ў іншых галінах, якія фінансуюцца з бюджэту, але вельмі працаёмкія. Гэта трэба рабіць, калі эпідэмія пойдзе на спад, але крызісу ў эканоміцы - яшчэ няма.

• Увесці крэдытныя канікулы для людзей - прычым і ў дзяржаўных, і ў прыватных банках.

• Выдаваць гранты для малога і сацыяльнага бізнэсу.

Замест вываду

Гэты спіс з трох дзясяткаў пунктаў - ідэі эканамістаў пра тое, як выратаваць краіну ад зацяжнога крызісу, бізнэсы - ад банкруцтваў, а людзей - ад беднасці. Не ўсе гэтыя меры трэба прымаць адначасова, не ўсе яны спрацуюць адразу ж - але важна цяпер абмеркаваць іх і выбраць тыя, якія дзяржава возьме ў працу. Пакуль крокі ў выратаванні эканомікі бачныя толькі з боку Нацбанка, але гэтага мала. Нагадваем: лепшы прагноз эканамістаў - гэта -2% ВУП у 2020-м, горшы - страта 10%. І каб рэальнасць была бліжэй да першага варыянту, рэагаваць трэба цяпер.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках