29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антон Луцкевіч: Сонца 25 сакавіка асвяціла ўжо незалежную Беларусь

Антон Луцкевіч: Сонца 25 сакавіка асвяціла ўжо незалежную Беларусь

Як 102 гады таму аднаўлялася незалежнасць нашай краіны.

25 сакавіка 1918 г. прыкладна а 6-й гадзіне раніцы, пасьля напружанага абмеркаваньня, якое заняло ўсю ноч, быў зацьверджаны тэкст Трэцяй Устаўнай Граматы Рады БНР, у якім Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржавай, піша прэс-служба Рады БНР.

Антон Луцкевіч, адзін зь лідараў беларускага незалежніцкага руху, успамінаў:

«Каля шостае гадзіны раніцы старшыня [паседжаньня Рады БНР] ставіць на галасаваньне формулу: «Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і сувэрэннай дзяржавай і выдае аб гэтым устаўную грамату».

Хоць ясна для ўсіх, што пабеда забясьпечана, усё-ж глыбокая ціша пануе ў салі, пакуль лічаць галасы. Кожын чуе, што вось-вось зараз нешта мае зрабіцца – нешта важнае, выключнае, такое, што двойчы не паўтараецца. Кожын разумее, што кліч, каторы зара прыме ці адкіне Рада, – гэта кліч да новага, вольнага жыцьця, гэта запаведзь яснае долі для усяго многапакутнага беларускага народу…

І яно сталася: новая ідэя нарадзілася. Вялізарнай перавагай галасоў формула прынята!

Радаснымі клікамі нарушаецца ціша. Пачынаюцца гарачыя овацыі.

Сонца 25 марца сьвяціла ўжо незалежную Беларусь. Во хоць і стаялі на ёй чужацкія войскі, хоць і далей паношыўся і паношыцца на ёй чужынец, але народ беларускі скінуў путы няволі з душы сваей, i гэтых путаў ніхто і нішто яму ужо назад ня ўзьдзене!»

Мікола Шыла, радны БНР, пісаў:

«І ў гэты ўрачысты мамэнт, калі аднагалосна была прынята Рэзалюцыя і была абвешчана Вольная Незалежная Дзяржава, у салю ўпалі першыя праменьні раньняга сонца. Яно абліло вясеньнім ясным сьветам залю, у якой, як на Вялікдзень у часе хрыстосаваньня, усе радныя абдымаліся і цалаваліся ад радасьці. І ў гэты мамэнт узышло Сонца Свабоды над нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай».

Менавіта ад гэтага моманту вядзе свой 102-гадовы адлік гісторыя сучаснай сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках