29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці можа каранавірус прывесці да доўгатэрміновых праблем са здароўем?

3
Ці можа каранавірус прывесці да доўгатэрміновых праблем са здароўем?

Лекары і пацыенты распавялі пра асаблівасці COVID-19.

Статыстыка абнадзейвае: на аўторак, 24 сакавіка, больш за 100 000 тых, хто захварэў каранавірусам COVID-19 ва ўсім свеце ўжо ачунялі. Большасць гэтых людзей перанеслі захворванне ў лёгкай ці сярэдняй форме, а ў больш сур'ёзных выпадках пацыентам была нададзеная кваліфікаваная медыцынская дапамога, паведамляе "Нямецкая хваля".

Ачунялыя з палёгкай апісваюць, як ім удалося перажыць гэты няпросты перыяд - лячэнне сімптомаў, жахлівая нявызначанасць і знясільвальны карантын. Яны радуюцца таму, што перахварэўшы каранавірусам, выпрацавалі да гэтага захворвання імунітэт. Зрэшты, поўнай інфармацыі аб тым, як людзі адчуваюць сябе пасля акрыяння, пакуль няма.

Магчымыя наступствы COVID-19 - зніжэнне функцыі лёгкіх і дыхавіца

На працягу бліжэйшых месяцаў стане зразумела, ці можа каранавірусная інфекцыя прывесці да доўгатэрміновых наступстваў для здароўя. Узбуджальнік інфекцыі SARS-CoV-2, у першую чаргу, заражае ніжнія дыхальныя шляхі, таму людзі, якія пераносяць вірус у сярэдняй або цяжкай форме, у асноўным пакутуюць ад сухога кашлю, удушша або пнеўманіі.

Пры гэтым не выключана, што праблемы са здароўем могуць захавацца і пасля выздараўлення. Кітайскія лекары канстатавалі ў асобных пацыентаў, якія перахварэлі COVID-19, паслабленне функцыі лёгкіх і пастаянную дыхавіцу. "У некаторых ачунялых пацыентаў можа назірацца зніжэнне функцыі лёгкіх на 20-30%. Яны задыхаюцца пры хуткай хадзе", - паведаміў кіраўнік цэнтра інфекцыйных захворванняў лякарні Прынцэсы Маргарэт у Ганконгу Оўэн Цзэн.

У шэрагу пацыентаў падчас кампутарнай тамаграфіі было выяўлена зацямненне ў лёгкіх, што можа сведчыць аб іх пашкоджанні. Раней аналагічныя наступствы хваробы назіраліся падчас даследаванняў ва Ухані ў пачатку лютага. У рамках аднаго з даследаванняў, праведзеных у лякарні пры Уханьскім універсітэце, было прааналізаваныя 140 здымкаў лёгкіх пацыентаў: ва ўсіх выпадках было выяўлена зацямненне.

Падазрэнне на лёгачны фіброз

Ўсёабдымныя высновы, зрэшты, рабіць пакуль заўчасна: на сёння прааналізавана занадта мала звестак. Далейшыя даследаванні павінны паказаць, ці спрыяе каранавірусная інфекцыя развіццю фіброзу лёгкіх - паталагічнага працэсу, пры якім у сценках альвеол (лёгачных бурбалак) адбываецца разрастанне злучальных тканак.

Праз гэта пацыент адчувае хранічную нястачу кіслароду, у яго развіваецца пачашчанае дыханне, дыхавіца і сухі рэфлекторны кашаль. Гэта адмоўна адбіваецца, у тым ліку, і на працаздольнасці чалавека: яму становіцца цяжка выконваць нават простыя штодзённыя справы.

Фіброз лёгкіх не лечыцца, паколькі змененыя лёгачныя тканкі больш не аднаўляюцца. Аднак пры своечасовым дыягназе развіццё захворвання можна затармазіць ці нават спыніць.

Ці выпрацоўваецца імунітэт да каранавірусу?

Большасць экспэртаў перакананыя ў тым, што людзі, якія перахварэлі COVID-19, выпрацоўваюць да гэтага захворвання імунітэт. Гэта ў роўнай ступені адносіцца і да тых, у каго хвароба працякала ў лёгкай форме - з нязначнымі сімптомамі ці нават без іх. Імунная сістэма чалавека нават у гэтым выпадку рэагуе на вірус і выпрацоўвае адпаведныя антыцелы. Таму паўторнае заражэнне каранавірусам людзей, якія ім ужо перахварэлі, вельмі малаімавернае.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках