8 красавiка 2020, Серада, 22:12
Заставайся дома!
Рубрыкі

«Кантакт 1-га ўзроўню - і не ведаю вынікаў»

7
«Кантакт 1-га ўзроўню - і не ведаю вынікаў»

Беларусы пад наглядам скардзяцца на адсутнасць інфармацыі.

Тыя, што кантактавалі з хворымі на каранавірус, скардзяцца, што па сканчэнні больш чым трох дзён з моманту, як у іх узялі тэст на COVID-19, вынікі яшчэ ніхто не паведаміў, піша tut.by.

Андрэй, кантакт 1-га ўзроўню

Жыхар Рагачова Андрэй ляцеў у Турцыю ў пытаннях бізнэсу больш за два тыдні таму, калі эпідэміялагічная сітуацыя там не ўважалася за небяспечную. Ляцеў жа дадому 18 сакавіка, калі колькасць хворых у гэтай краіне ішла на сотні.

Маладзён дабіраўся рэйсам Стамбул - Менск. Андрэй кажа, што Embraer-195 быў поўны. Усе пасажыры сядзелі ў масках. Абстаноўка была напружанай.

Кантакты першага ўзроўню - гэта людзі, якія шчыльней за ўсё мелі стасункі з інфікаваным чалавекам: працавалі з ім у адным кабінеце, ездзілі ў адным аўто, ляцелі ў самалёце ў радыусе двух метраў.

- Прыляцелі, выйшлі ў калідор на пашпартны кантроль. Там на выхадзе стаяў цеплавізар. Шырыня калідора, па якім ішлі пасажыры рэйса, метраў дзесяць, не ведаю, ці мог ён усіх ахапіць. Усё, што ў мяне спыталі ў нашым аэрапорце, дык гэта, ці быў я ў Еўропе, Іране, Кітаі, Паўднёвай Карэі. Сказаў, што не быў - і пайшоў далей. Адзіныя, хто мяне затрымаў, былі мытнікі: ім не спадабалася, што ў мяне з сабой была адкрытая бутэлька гарэлкі, якую я адкрыў для дэзінфекцыі рук. Сказалі, што перавышае норму ўвозу. І ўсё. Я выйшаў, сеў у аўтамабіль да прыяцеля і прыехаў у Рагачоў.

Дома, кажа Андрэй, ён самаізаляваўся. Са сваякамі і знаёмымі меў стасункі толькі праз тэлефон. У суботу адчуў боль у грудзях, паднялася тэмпература. Вызначыў, што ў панядзелак звернецца да лекара.

Але лекары патэлефанавалі самі. Выявілася, што ў самалёце, у якім ляцеў Андрэй, быў хворы на каранавірус.

- Мяне адвезлі на хуткай ў райбальніцу, узялі тэсты, і ўсё. З тых часоў мінулі тры дні, а я - кантакт першага ўзроўню - так і не ведаю вынікаў, - перажывае маладзён.

Яніна, кантакт першага ўзроўню

Студэнтка Яніна, пляменніца жыхаркі Жыткавічаў, у якой пасля першага тэсту пацвердзіўся каранавірус, таксама кажа, што дагэтуль не ведае вынікаў сваіх тэстаў - хоць мазкі ўзялі яшчэ ў нядзелю.

Ужо тры дні дзяўчына знаходзіцца ў 6-й лякарні Менска. У нядзелю яна вярталася ў сталіцу на вучобу з Жыткавіч і ў дарозе даведалася, што ў яе роднай цёткі, якую яны ў суботу з мамай наведвалі ў лякарні, каранавірус. Цяпер дзяўчына - кантакт першага ўзроўню.

З іншага боку, з яе слоў, дзеці захварэлай - яны знаходзяцца цяпер у гомельскай інфекцыйнай лякарні, - паведамілі ёй, што ўжо ведаюць вынікі тэсту: ён адмоўны.

Цяпер пад медыцынскім наглядам у краіне знаходзяцца 1200 кантактаў першага ўзроўню.