25 кастрычнiка 2020, Нядзеля, 1:39
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У маскоўскім аэрапорце Унукаве застаюцца 63 беларусы

2
У маскоўскім аэрапорце Унукаве застаюцца 63 беларусы

Яны чакаюць, як развяжацца пытанне з іх адпраўкай дадому.

У транзітнай зоне маскоўскага аэрапорта Унукава знаходзяцца 63 чалавекі з Беларусі. Яны чакаюць, як развяжацца пытанне з іх адпраўкай дадому. Пра гэта агенцтву БелТА распавёў прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Алег Мазура.

Са слоў дыпламата, магчыма, па іх сёння вечарам ва Унукава прыляціць чарговы чартэрны борт авіякампаніі «Белавія».

Як паведамлялася раней, напярэдадні ва Унукава прыляцелі з Дамініканы сем нашых суайчыннікаў. Яны не змаглі вылецець на радзіму, бо з транзітнай зоны іх не выпусціла прадстаўніца Расспажыўнагляда. Цяпер, як паведамляе БЕЛТА, іх вывезлі дыпламатычным транспартам у аэрапорт Дамадзедава. Плануецца, што яны вылецяць у Менск а 19:55 рэгулярным рэйсам «Белавія».

З 18 сакавіка Расея ў рамках барацьбы з распаўсюдам каранавірусу закрыла свае межы. Транзіт замежных турыстаў быў дазволены толькі ў рамках транзітнай зоны аднаго аэрапорта. Тым часам былі скасаваныя авіярэйсы ў Менск з Унукава, куды прыбывае большасць самалётаў з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Рэгулярныя рэйсы ў Беларусь жа лётаюць толькі з аэрапортаў Шарамеццева і Дамадзедава.

23 сакавіка стала вядома, што расейскі ўрад дазволіў транзіт грамадзянам СНД (у тым ліку і Беларусі) праз іншыя аэрапорты. Аднак некалькі беларускіх турыстаў, якія прыбылі ва Унукава 24 сакавіка, не змаглі своечасова дабрацца да Дамадзедава.